Цячэ дах, цячэ час...

Источник материала:  

Стары дом у самым цэнтры Віцебска, як высветлілася, вельмі праблемны з камунальнага пункту гледжання. Аказваецца, нават такая "блізкасць да ўлады" ніяк не ўплывае на тое, каб у ім, узведзеным яшчэ ў 1950-х, было ўтульна, як і ў двары гэтага і суседніх дамоў.

Пенсіянер Валерый Мікалаевіч Спаткай жыве тут з дзяцінства. Жывая і ягоная мама, якой гэтым летам споўнілася ўжо 90 гадоў. Яны — адны з нямногіх старажылаў дома. Каб азнаёміцца з праблемамі, адправіўся да жыхароў.

Паказалі мне перапіску з чыноўнікамі.

Даўно не шанцуе дому № 4/16 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў Віцебску.

Перад вачыма сярод іншых ужо пажаўцелы ліст ад кіраўніцтва камунальнай службы Кастрычніцкага раёна Віцебска, які захоўваецца ў сямейным "архіве" яшчэ з 1997 года. Былі і больш раннія "эпічныя афіцыйныя творы" з канстатацыяй таго, што грошай на рамонт няма, ці таго, што ўсё-такі зроблена. Напрыклад, у свой час ганак адрамантавалі і пясочніцу паставілі. Але больш рарытэтных лістоў ад уладаў знайсці на момант нашай размовы жыхары не змаглі. Колькі ж часу прайшло!

Дом, паводле слоў старажылаў, на капітальным рамонце ніколі не быў. Праблем хапае. У прыватнасці, ужо не першы год перыядычна цячэ дах. Агароджы на балконах трымаюцца на чэсным слове. Тая ж, бабуля — мама пенсіянера, ветэран Вялікай Айчыннай вайны да таго як злягла ад цяжкай хваробы вельмі любіла сядзець на балконе (зразумела ж, выходзіць у двор пажылому чалавеку з кожным годам усё цяжэй). А калі б звалілася з трэцяга паверху?

Наконт даху, які працякае. Было гэта некалькі гадоў таму, калі краіна рыхтавалася да чарговага святкавання Дня Перамогі. Ветэран разлічвала, што дах дома прывядуць у парадак, каб столі не працякалі. Распачаліся папяровыя валакітныя справы. Маўляў, вы не адна ў кватэры, а з сынам, — няхай той і рамантуе столі... Няўжо яму неабходна асабіста на дах лезці, каб потым, не дай Божа, зваліцца?

Тое, што і зараз дах залівае, бачна, калі пабываеш у праблемных кватэрах на верхніх паверхах.

Афіцыйны дакумент пры гэтым канстатуе (падпісаны 24 жніўня гэтага года), што шыфер памянялі ажно ў 1998 годзе, таму восенню і летам дах не працякае. Дарэчы, камунальнікі адзначаюць, што пры раставанні снегу дах усё-такі цячэ, таму прапанавалі кампенсаваць страты шляхам пералічэння грошай у якасці аплаты за тэхнічнае абслугоўванне. У двух кватэрах пагадзіліся на такі варыянт. А пенсіянер і ягоная мама (кватэра № 9) — не. Безумоўна, яны маюць рацыю. "Атрымаем мінімум, а праблема так і не вырашыцца!" — упэўнены яны.

Ужо і не ведаю, куды глядзяць камунальныя чыноўнікі, але ж запэўніванні наконт таго, што трубы для сцёку вады адрамантаваныя, выклікаюць іронію. Стаім на балконе. Дождж. І ў разрыве труб вадаспад. Адпаведна вада "губіць" цагляны фасад. Дарэчы, рассыпаецца на вачах тынкоўка на фасадзе на другім баку дома.

Разбураецца на даху і труба былой кацельнай, апошняя таксама месціцца ў доме — у падвале. Па паперах — не (разабралі верхнія рады цэглы на дымавой трубе). Калі наведваў праблемны дом некалькі месяцаў таму, заўважыў, што і асфальтавае пакрыццё трэба рабіць па-новай.

Упёрты пенсіянер не адзін дзень асабіста блукаў па кабінетах розных структур. Расказваў пра дах, пра тое, што ў двары цёмна. І пра тое, што па гэтым самым двары едуць машыны, як па праспекце, а ўсё таму, што ніякіх забараняльных знакаў для праезду няма. Як і тых, што забараняюць паркоўку (хоць бы акрамя жыхароў дома). І ў выніку пакідае машыны ў двары любы, хто пажадае.

Як гаварыцца, "пачынаў з нізоў". У жыллёва-эксплуатацыйным участку № 2, якое абслугоўвае дом, разумення не знайшоў. Дарэчы, ужо не першы раз. Потым завітаў і ў Адміністрацыю свайго Кастрычніцкага раёна.

У выніку толькі ў гарвыканкаме пенсіянеру паабяцалі наведаць праблемны дом. Але ж, як завярае пенсіянер, праблемы так і засталіся.

Асфальт, напрыклад, памянялі. Маўляў, ажно ў два слоі. Але назіральнікі з ліку жыхароў, якія бачылі, як гэта рабілася, канстатуюць, што слой паклалі толькі адзін: на пясок, камяні. Тры дрэвы замуравалі ў асфальт літаральна ля ствалоў. Паскардзіліся ў структуру, якая адказвае за ахову прыроды. У адказ пачулі: няма ніякіх нарматываў, як класці асфальт вакол дрэў, але ж, вядома, трэба, каб ствалы дрэў не былі ў "цісках". Няўжо ў вас не так? А згодна з праектам так і ёсць, — заверылі ў іншай інстанцыі. Ды, маўляў, чым не задаволены?

Чаму ніхто не можа дапамагчы жыхарам забараніць праезд аўто праз іх двор — незразумела. Грошай для гэтага шмат не спатрэбіцца. Як зараз? Выходзіць, напрыклад, мама з каляскай з пад'езда, а міма едзе на вялікай хуткасці — ды няхай і на маленькай — машына. Больш за тое, машыны загароджваюць падыход да лесвіцы, на якой і пандуса няма. Каб выйсці са двара, фактычна неабходна ісці па праезнай частцы. Транспартнае здарэнне гарантавана. І ніякіх "ляжачых паліцэйскіх" у двары. "Не, праезду праз двор няма, таму і няма неабходнасці ўстанаўліваць знак", — прыкладна так канстатуе папера з адміністрацыі раёна. Ці асабіста аўтары ліста сачылі за гэтым? Заклапочаныя жыхары канстатуюць, што пасля таго, як частку вуліцы Гогаля, якая вядзе да выканкама, зрабілі пешаходнай, машын у двары стала значна больш. Ставяць і ля крам, бо на пешаходнай вуліцы цяпер нельга.

Асабіста бачыў, што ў двары любяць збірацца грамадзяне, якія распіваюць піва і не толькі. Пенсіянер не раз выклікаў міліцыю. Прыязджалі міліцыянеры хутка, ды канстатавалі: пры грамадзянах у двары спіртное не знайшлі...

Апор для асвятлення на вуліцы няма, — прызнаецца ў афіцыйным лісце. Над уваходамі ў пад'езды ўстаноўлены свяцільні — канстатуецца далей. Частка дваровай тэрыторыі асвятляецца свяцільняй ад крамы.

Асвятленне, дарэчы, у двары стала лепшым. Толькі чамусьці каля вялікай сметніцы, дзе і так было светла. А яшчэ адзін ліхтар з трох устаноўленых не працуе.

Дом № 2, які знаходзіцца ўпрытык з домам № 4/16 па Хмяльніцкага, таксама з праблемамі, але, як адзначылі энтузіясты з апошняга дома, туды камунальнікі таксама не спяшаюцца.

Пра ўважлівыя адносіны да зваротаў грамадзян гаворыцца ў нас у краіне ўжо не першы год. Канкрэтная гісторыя пра тых, хто скардзіцца, і тых, хто павінен рэагаваць на скаргі. "Не цячэ вада па трубе", — канстатуецца ў пісьмовым адказе. Дык падыміцеся на балкон, самі ўбачыце, што не так. Калі ўжо забаранілі піць нават піва на вуліцы, дык ужо, прабачце, паважаная міліцыя, хопіць цырымоніцца! Успомніце свой жа вопыт работы на Славянскім "базары", калі ў цэнтр нават бутэльку з вадой не пранясеш лёгка. Панюхаюць і не пусцяць у цэнтр, калі вады звычайнай больш чым можна.

Наконт "кампенсацыі" жыхарам за тэхнічнае абслугоўванне. Вядома, прасцей трохі "адкупіцца", чым нешта грунтоўна адрамантаваць? А прыйдзецца з часам усё роўна.

Куды яшчэ скардзіцца, пенсіянер і яго аднадумцы не ведаюць. Напішаш зноў ліст, дык зноў канстатуюць, што ўсё добра: зрабілі, выправілі. Ці наогул могуць не адказаць, бо бессэнсоўным могуць палічыць далейшую перапіску. І каго з чыноўнікаў хвалююць тыя ж няшчасныя дрэвы ў двары? Нікога? Не ў сваім жа садзе?

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Ускоренная помощь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика