У большасці грамадзян склаўся станоўчы вобраз дзяржаўнага службоўца
26,5 працэнта грамадзян, якія прыйшлі на прыём да кіраўнікоў міжведамасных груп, што вывучалі стан работы дзяржорганаў па вырашэнні сацыяльна значных пытанняў насельніцтва, назвалі свой візіт "апошняй надзеяй". Пра гэта сведчыць апытанне наведнікаў, праведзенае Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падчас трэцяга этапу маніторынгу. Сярод іншых прычын людзі называлі безвыніковасць папярэдніх зваротаў — 21 працэнт, тое, што "на месцах праблему вырашыць немагчыма" — 15,5 працэнта, і недавер мясцовым органам улады — 10 працэнтаў.
У цэлым 61 працэнт грамадзян не задаволены вынікамі папярэдняга разгляду сваіх пытанняў у мясцовых арганізацыях. Больш за іншых негатыву дасталася службам ЖКГ — 58 працэнтаў. Амаль кожнага другога не задаволіла вырашэнне яго праблем у архітэктурных і будаўнічых арганізацыях, органах сацыяльнай абароны і аховы здароўя.
Важнейшым паказчыкам, па якім людзі ацэньваюць работу са зваротамі, з'яўляецца аператыўнасць. Гэта адзначылі 44 працэнты апытаных. 32 працэнты апытаных адзначылі неабходнасць для чыноўнікаў такіх якасцяў як ветлівасць, уважлівасць, адказнасць і высокі ўзровень кваліфікацыі. Пры гэтым каля 50 працэнтаў наведнікаў задаволеныя кампетэнцыяй, добразычлівасцю і тактоўнасцю спецыялістаў, да якіх звярнуліся. 46 працэнтаў грамадзян адзначылі адказнасць і прыстойнасць чыноўнікаў на месцах.
Як паказаў аналіз ацэнак насельніцтва, у большасці апытаных склаўся ў асноўным станоўчы вобраз дзяржаўнага службоўца. У той жа час сярод асноўных недахопаў у рабоце са зваротамі грамадзян у асобных чыноўнікаў адзначылі "заклапочанасць толькі сваімі прывілеямі і прыбыткамі" — 15 працэнтаў, "працу па інерцыі" — 11,5 працэнта, "абарону старых бюракратычных парадкаў" — 10 працэнтаў.
Ул. інф.