Восеньскія Дзяды — малітва за продкаў. Заўтра —памінальная Бацькоўская субота

Источник материала:  
Восеньскія Дзяды — малітва за продкаў.
Заўтра —памінальная Бацькоўская субота

У дзень светлай памяці, у памінальную Змітраўскую суботу ўзгадайце імёны сваіх родных і блізкіх, знаёмых і суседзяў, сяброў і калег па працы, усіх тых, хто загінуў або сканаў без усялякіх звестак, усіх тых, за каго ніхто і ніколі не памоліцца, не вып’е чарку, не прыйдзе на паклон да магілы. Памяніце ўсіх, хто некалі жыў на Зямлі!

На працягу многіх стагоддзяў складвалася характэрная для беларускага народа карціна свету, у якой галоўным і непадзельным апірышчам для нашых папярэдніх пакаленняў была святая пашана да продкаў, шчымлівая памяць аб тых, хто некалі нарадзіў нашых дзядоў і прадзедаў, хто складаў нашы песні і казкі, люляў нашу мову, зберагаў і памнажаў адвечныя традыцыі.

Нам хочацца быць перакананымі ў тым, што асвечаны стагоддзямі культ продкаў быў і надоўга застанецца для беларусаў той гаючай крыніцай, якая ратуе душу, усцешвае сэрца і мацуе розум. Памяць аб продках літаральна пранізвае ідэалогію, філасофію і эстэтыку кожнага свята беларускага народнага календара.Ключавая ідэя святкавання восеньскіх Дзядоў зводзілася да таго, каб па-дзякаваць продкам за дапамогу, садзейнічанне, спагаду. Таму ў першую лістападаўскую суботу ў кожнай беларускай сям’і ладзілі застолле, якое па сваім характары адрознівалася ад усіх астатніх.Святочная памінальная трапеза пачыналася з таго, што гаспадар запальваў свечку, чытаў малітву і, рухаючыся ад покуці і ўздоўж бэлькі, называў імёны памерлых суродзічаў і запрашаў іх душы за сямейны стол.“Прысутнасць” за сталом незвычайных гасцей вымагала прытрымлівацца адпаведных правіл сервіроўкі і пасадкі дамачадцаў. На  стол ставілі сем страў (няцотнасць — сімволіка “свету” памерлых), а кожную страву падавалі на дзвюх талерках (свет жывых — гэта парнае суіснаванне мужа і жонкі, таму, каб не нашкодзіць жывым, на стале выразна прасочвалася сімволіка цотнасці).Акрамя таго, прысутныя сядзелі за сталом так, каб паміж імі заставалася сімвалічнае месца для душаў памерлых продкаў. А на стале для іх ставілі спецыяльныя талеркі. На стале гарыць некалькі свечак, сполахі смалін на прыпечку правакуюць палёт фантазіі, таму асноўнае месца ў абрадавай дзеі займалі ўспаміны, аповеды пра цікавыя здарэнні, сямейна-родавыя паданні аб найбольш знакамітых суродзічах.Уявіце сабе, якім непараўнальным па сіле эмацыянальнага ўздзеяння быў гэты сямейны ўрок памяці, пашаны і павагі. Дзіцячая памяць моцна і надоўга фіксавала святочныя падзеі. А тайна няўлоўнай прысутнасці продкаў узбуджала цікавасць, усцешвала надзею спасцігнуць сэнс магічна-абрадавага дзеяння і разам з тым асвятляла душу гонарам за веліч свайго Роду.Няхай школа памяці і ўшанавання нашых каранёў-вытокаў захаваецца і надалей, мацуючы разгалістую крону нашага радаводнага дрэва. У дзень светлай памяці, у гэты святы дзень памаліцеся за тых, хто адляцеў у Вечнасць, і пажадайце здароўя тым, хто ідзе па жыцці побач з вамі.

←Скорбь остается в сердцах. В Брестской области прошли дни траура

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика