Вэлюм як "эстафета" замужжа

Источник материала:  

У вясельным строі нявесты адным з галоўных атрыбутаў быў галаўны ўбор з вянка і вэлюму. Адразу ж пасля дзялення каравая маці жаніха падыходзіла да маладой, здымала з нявесты вэлюм і павязвала атрыбуты жаночай долі: хустку і фартух.

 Вэлюм браў у рукі шафер, апранаў на галаву шаферцы. Тая, у сваю чаргу, павінна была тройчы павярнуцца вакол сябе. У некаторых мясцовасцях гэтыя абрадавыя дзеянні выконвала сама нявеста. Гэты рытуал сімвалізаваў перадачу жыццёвай эстафеты: меркавалася, што менавіта шаферка наступнай павінна выйсці замуж. Пасля вэлюм перадавалі іншым дзяўчатам — удзельніцам вяселля. Яны паўтаралі рытуал, які толькі што выканала першая шаферка. Затым маці жаніха забірала вэлюм і вешала яго ў чырвоны кут пад абраз.

 Народная традыцыя раіла: нікому з блізкіх сваякоў, сяброў ці сябровак вэлюм не перадаваўся, нават ад старэйшай сястры малодшай. Маці магла перадаць вэлюм сваёй дачцэ пры адной умове: калі вяселле дачкі адбудзецца пасля таго, як бацькі адсвяткуюць сваё сярэбранае вяселле.

 Парадаксальна сёння выглядае сітуацыя, калі жанчына, выходзячы замуж ужо ў другі ці трэці раз (нават пры ўмове, што ад першага шлюбу ў яе не было дзяцей), надзявае вэлюм. Яна не мае маральнага права пакрываць галаву абрадавым атрыбутам цнатлівай нявесты. У храме падчас шлюбу жанчына абавязкова павінна знаходзіцца ў галаўным уборы, але для гэтага трэба выкарыстоўваць іншыя рэчы (капялюшык, хустку і т.п.).

 Яшчэ адзін атрыбут — букет, які ўручае жаніх нявесце пры сустрэчы ў першы дзень вяселля. Калі нявеста хоча захаваць каханне мужа на доўгія гады, не варта букет "выкідваць" — кідаць незамужнім дзяўчатам! Паводле этнаграфічных запісаў XІX-ХХ стст., гэты букет нявеста акуратна высушвала і зашывала ў падушку, тым самым назаўжды "прывязваючы" мужа да сям'і, хаты, дзяцей.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Кухонный разговор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика