Беларускіх алімпійцаў адпраўляюць лячыцца ў звычайную паліклініку

Источник материала:  

Рэспубліканскі цэнтр спартыўнай медыцыны, дзе аказваюць дапамогу ўсім найлепшым беларускім спартсменам, высяляюць на першы паверх жылога дома ў Лошыцы. На старой тэрыторыі цэнтра збіраюцца паставіць гатэль.

У рэдакцыю "Звязды" трапіла адкрытае пісьмо ад спартсменаў і ўрачоў: "Гэта прывядзе да правалу на Алімпіядзе ў Лондане і падрыву спартыўнай медыцыны ў нашай краіне!" .

Чаму эліта беларускага спорту можа застацца без належнай медыцынскай дапамогі? У гэтым пытанні разбіраўся наш журналіст.

Як вядома, плануецца рэвалюцыйная рэканструкцыя стадыёна "Дынама". Будынак Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай медыцыны прымыкае да гэтай арэны, і па новым плане замест спартыўнага медцэнтра пабудуюць гатэль. З аднаго боку, гэта немалыя замежныя інвестыцыі, з другога — сур'ёзныя складанасці. Спартыўных медыкаў збіраюцца перасяліць у будынак былой паліклінікі сталічнага мікрараёна Лошыца. Памяшканне знаходзіцца на першым паверсе жылога дома па вуліцы Лучыны, 6.

<І>— Размовы пра перасяленне пачаліся ў пачатку года, калі прыйшло прадпісанне, што мы павінны адсюль з'ехаць , — прыйшоў у рэдакцыю "Звязды" адзін са спартыўных урачоў, супрацоўнік цэнтра спартыўнай медыцыны. — Мы служба рэспубліканскага значэння, а не звычайная паліклініка. Нас немагчыма ўзяць і ў адзін дзень вось так перасяліць.

Аднак ля будынка ўжо здымаецца тратуарная плітка, робіцца аналіз глебы, вядуцца іншыя падрыхтоўчыя работы...

Не паверыўшы сваім вушам (усё ж Беларусь — спартыўная дзяржава, а медыцына — гэта аснова добрых вынікаў), я выправіўся ў будынак па вуліцы Свярдлова, 9, дзе пакуль яшчэ месціцца Рэспубліканскі цэнтр спартыўнай медыцыны.   Паспешлівы пераезд Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай медыцыны можа прывесці да правала на топ-спаборніцтвах.

Беларускіх алімпійцаў адпраўляюць лячыцца ў звычайную паліклінікуДырэктар цэнтра Яўген Ласіцкі адмовіўся ад інтэрв'ю — пытанне балючае, звяртайцеся ў Міністэрства спорту і турызму. На ананімную размову пагадзіўся урач, блізкі да кіраўніцтва (сваё імя і прозвішча ён папрасіў не называць, усе звесткі ёсць у рэдакцыі):

— Пра тое, што перад чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску збудуюць гатэль на нашых плошчах, нам паведамілі раптоўна. У жніўні пасяджэнне Мінгарвыканкама прыняло рашэнне высяляць цэнтр. Па сутнасці гэта ўдар па нацыянальнай спартыўнай медыцыне.

— Да чаго такое рашэнне можа прывесці?

— Гэта азначае, што план у 25 алімпійскіх медалёў мы дакладна не выканаем. Што ўжо казаць пра чэмпіянаты свету і Еўропы. Чыноўнікі, якія задумалі будаўніцтва гатэлю, не могуць зразумець, што без якаснай медыцыны медалёў не будзе. (вынаска) Па-першае, мы працяглы час не будзем аказваць спартсменам дапамогу. Па-другое, нават калі ўсё абсталяванне пераедзе, дыягностыку прыйдзецца праводзіць у Лошыцы, а лячыцца спартсмены будуць за 25 км ад таго месца — напрыклад, у Стайках. Некаторыя медыцынскія паслугі мы ўвогуле не зможам аказваць. І ўсё гэта перад самай Алімпіядай! Выйсце адно — перасяляць нас у сучасны будынак, які будзе адпавядаць усім нормам...

Урачы паказалі журналісту "Звязды" сучасны рэнтгеналагічны апарат, здымкі з якога можна адразу глядзець па камп'ютарах у розных кабінетах. У будынку былой паліклінікі па вуліцы Лучыны ўсталяваць такі апарат нельга, таму што памяшканне месціцца ў жылым доме.   У спісе спартсменаў, якія заступаюцца за цэнтр, больш за 50 чалавек. У асноўным гэта вядомыя ў спорце прозвішчы.

Беларускіх алімпійцаў адпраўляюць лячыцца ў звычайную паліклінікуЯшчэ адна суперпрылада — апарат ударна-хвалевай тэрапіі, які ўзнаўляе структуру касцявой тканкі. І яго нельга падключыць у "новым" будынку. Амбулаторыя па вуліцы Лучыны нават у параўнанні з сённяшнім будынкам цэнтра на 30% меншая па плошчы. Кабінетаў — прыкладна на 30 меней, некаторых урачоў не будзе куды пасадзіць.

Месца для залы лячэбнай фізкультуры, стаматалогіі і іншых службаў — няма. Але не ўсе чыноўнікі разумеюць праблему. Медыкі з цэнтра паказалі журналісту "Звязды" дакумент — "Дакладную запіску", якую Мінгарвыканкам атрымаў у жніўні гэтага года. У дакуменце прапаноўваюцца будынкі, куды магчыма перасяліць цэнтр спартыўнай медыцыны — усяго 16 аб'ектаў. Большасць з іх — былыя дашкольныя ўстановы, якія разглядаць для галоўнага ў краіне цэнтра спартыўнай медыцыны папросту несур'ёзна. Няўжо ў Міністэрстве спорту таксама не разумеюць праблемы і свядома рызыкуюць вынікамі лонданскай Адлімпіяды?

— Павінен вам сказаць, што гэтыя пытанні вырашае не Міністэрства спорту, кантракты з падрадчыкамі заключаем таксама не мы, — тлумачыць журналісту "Звязды" прэс-сакратар Міністэрства Віталь СЯМАШКА. — Апроч цэнтра спартыўнай медыцыны пад забудову трапілі яшчэ дзве нашы арганізацыі — "Белспортзабеспячэнне" і цэнтр адзінаборстваў. На іх месцы плануюць збудаваць гатэль "Кемпінскі". Цэнтр спартыўнай медыцыны не хоча перасяляцца ў аналагічны будынак, яму патрэбна новая забудова, больш сучасная, дзе можна паставіць найноўшае абсталяванне і гэтак далей. Натуральна, што такія новыя комплексы будуюцца не за адзін дзень. Зараз нам варта думаць на перспектыву...

Тым часам вядомыя беларускія спартсмены, якія лічаць, што высяленне цэнтра спартыўнай медыцыны нясе пагрозу, падрыхтавалі "Адкрыты ліст спартсменаў нацыянальных і алімпійскіх камандаў". "Не пазбаўляйце нас спецыялізаванай дапамогі адзінай ў Мінску ўстановы, якая даўно і стабільна працуе на ўвесь спорт Беларусі", — значыцца ў лісце. За некалькі дзён яго падпісала больш за 50 спартсменаў, сярод якіх медалісты Алімпіяд і чэмпіянатаў свету Вадзім Дзевятоўскі (кіданне молата), Наталля Гелах і Юлія Бічык (грэбля), Ігар Басінскі (кулявая стральба), баскетбалісткі Таццяна Троіна, Марына Крэс і многія іншыя.

"Звязда" будзе сачыць за развіццём спартыўнага канфлікту.

Яўген ВАЛОШЫН.

←Кухонный разговор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика