"У нас агульныя каштоўнасці і агульная будучыня"

Источник материала:  

заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей падчас свайго выступлення на адкрыцці Мінскага форуму, які ўжо ў трынаццаты раз праходзіць у беларускай сталіцы

Мінскі форум — буйная міжнародная канферэнцыя, на якой абмяркоўваюцца надзённыя для нашай краіны палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя і грамадскія праблемы. Сёлета тэма форуму была прысвечана стану адносін Беларусі і ЕС пасля крызісу. Тры дні работы форуму былі насычаныя дыскусіямі, спрэчкамі, сутыкненнямі пазіцый і меркаванняў і г. д. Высокі дыскусійны тон надалі выступленні кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея і федэральнага міністра па асобых даручэннях, дэпутата бундэстага, кіраўніка ведамства канцлера Рональда Пафала. Дарэчы, упершыню на форум прыехаў дзейны федэральны міністр ФРГ. Удзел гэтых палітыкаў, безумоўна, выклікаў павышаную цікавасць да форуму — у ім удзельнічала каля 500 прадстаўнікоў з 22 краін.

Сёлета ў цэнтры ўвагі Мінскага форуму знаходзіліся таксама і ход рэалізацыі праграмы "Усходняе партнёрства", няпростыя адносіны нашай краіны з Расіяй, дыверсіфікацыя і мадэрнізацыя беларускай эканомікі, пытанні адукацыі, супрацоўніцтва ўніверсітэтаў і інш. Карацей, цэлы спектр праблем, якія можна вырашыць толькі пры зацікаўленым падыходзе абодвух бакоў. Сваімі поглядамі на праблематыку адносінаў Беларусі і ЕС падзяліўся Уладзімір Макей, які адзначыў, што форум заўсёды быў пляцоўкай для дыялогу па актуальных пытаннях, а тым больш сёння, калі яго работа праходзіць у знакавы палітычны момант.

З Еўропай, па словах Уладзіміра Макея, у нас агульныя каштоўнасці і агульная будучыня. Мы павінны разумець гэта і павінны прыйсці да гэтага разумення ўсвядомлена. На яго думку, сёння ёсць унікальны шанц для вываду адносінаў Беларусі і ЕС на якасна новы ўзровень. Але гэтаму руху, паводле меркавання прамоўцы, яшчэ перашкаджаюць замшэлыя стэрэатыпы, спробы размаўляць з Беларуссю на мове санкцый, забарон і ізаляцыі. На жаль, пакуль яшчэ не да канца атрымалася пазбавіцца ад элементаў такога мыслення, сказаў Уладзімір Макей. Разам з тым ён адзначыў, што сёння няма сэнсу шукаць вінаватых ва ўпушчаных магчымасцях, а варта засяродзіцца на рэалізацыі таго велізарнага патэнцыялу, які існуе ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. І гэты працэс ужо пачаўся. У прыватнасці, наша краіна падтрымала ініцыятыву Еўрасаюза "Усходняе партнёрства", паступова наладжваецца палітычны дыялог, назіраюцца зрухі і кантакты ў многіх сферах дзейнасці.

Уладзімір Макей, між іншым, заўважыў, што нас дагэтуль папракаюць у тым, што краіна недастаткова дэмакратычная, не адпавядае агульнаеўрапейскім каштоўнасцям і што назіраецца рэгрэс у адносінах з Еўрасаюзам. На яго погляд, "гэта ў пэўнай меры безадказныя заявы". Бо дынаміка працэсаў у Беларусі ва ўсіх сферах дазваляе канстатаваць, што за апошнія два гады ажывіўся наш дыялог з Еўропай, у цэлым адбыліся сур'ёзныя змены. Гэта ўсяляе аптымізм у неабходнасці наступнага развіцця ўсебаковага дыялогу, супрацоўніцтва і паўнацэннага далучэння Беларусі да агульнаеўрапейскіх працэсаў.

Што датычыцца нямецкага палітычнага досведу, то ён сёння асабліва запатрабаваны ў Беларусі. У прыватнасці, ключавым момантам кампаніі па правядзенні ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў і нават беларускай стратэгіяй Уладзімір Макей назваў ідэю "дабрабыту для ўсіх", аўтарам якой стаў вядомы эканаміст і былы федэральны канцлер Людвіг Эрхард.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь рабіла і будзе рабіць свой важкі ўнёсак у забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці і энергетычнай бяспекі Еўропы, барацьбу з міжнароднай арганізаванай злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта запэўніў удзельнікаў форуму ў тым, што курс беларускага кіраўніцтва на рэформы нязменны. Ні пра які рэгрэс з нашага боку ў пабудове дыялогу з Еўрасаюзам размова не ідзе. Праводзіцца планамерны рух у кірунку мадэрнізацыі і дэмакратызацыі грамадства. Таму Беларусь мае права чакаць ад Еўрасаюза больш канструктыўных крокаў. Гэта і спрашчэнне візавага рэжыму, канчатковая адмена санкцый, распрацоўка пашыранай дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Бо будаўніцтва адзінай дэмакратычнай, бяспечнай і стабільнай Еўропы без нашай краіны будзе як мінімум незавершаным, лічыць Уладзімір Макей.

Ён таксама закрануў тэму прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пры гэтым заўважыў, што некаторыя замежныя партнёры займаюць пазіцыю чакання: маўляў, спачатку трэба дачакацца вынікаў выбараў, а потым думаць, як развіваць адносіны з Беларуссю. На думку прамоўцы, не трэба паўтараць ранейшыя памылкі, а лепш вучыцца на іх. Кіраўніцтва Беларусі само, як ніхто іншы, зацікаўленае ў правядзенні адкрытых і празрыстых выбараў, заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Цікавым, змястоўным, хоць і небясспрэчным было выступленне міністра Рональда Пафалы, які спецыяльна прыехаў для ўдзелу ў Мінскім форуме. Пасля сваёй прамовы на адкрыцці форуму Рональд Пафала разам з Уладзімірам Макеем удзельнічалі ў подыум-дыскусіі. Яны правялі і двухбаковую сустрэчу, тэмамі якой былі сітуацыя ў Беларусі, яе адносіны з Германіяй і Еўрапейскім саюзам. Рональд Пафала таксама правёў сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі.

На наступны дзень Рональд Пафала даў прэс-канферэнцыю, падчас якой ён адзначыў шчыры і зацікаўлены характар перамоў з Уладзімірам Макеем. Вядома, Рональд Пафала не мог абысці тэму прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. На пытанне журналістаў, ці раіў Рональд Пафала апазіцыйным прэтэндэнтам на ўдзел у выбарах вызначыць са свайго асяроддзя аднаго кандыдата і зрабіць на яго стаўку ў далейшай барацьбе за пасаду прэзідэнта, міністр адказаў, што такіх рэкамендацый не даваў. Па яго словах, такія парады былі б глупствам, а наяўнасць некалькіх кандыдатаў адпавядае прынцыпам свабодных выбараў.

Леанід Лахманенка.

←Кухонный разговор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика