Падатковыя вылікі будуць прадастаўляцца і па месцы неасноўнай работы
У наступным годзе ў краіне пачнуць дзейнічаць дапаўненні і змяненні ў Падатковым кодэксе, Закон аб якім быў прыняты днямі
Пра змены ў падатковым заканадаўстве паведаміла на брыфінгу Міністэрства па падатках і зборах начальнік галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый Лідзія Цыбіна.
У першую чаргу гэта адмена двух мясцовых падаткаў: збор на паслугі і адлічэнні на развіццё тэрыторый. Са складу экалагічнага падатку выключаюцца тры плацяжы. У наступным годзе змяняюцца падыходы па вылічэнні падатку на прыбытак: дэкларацыя падаецца раз у год, а плата падатку ажыццяўляецца раз у квартал. Тэрміны платы авансавых плацяжоў падатку на прыбытак у 2011 годзе вызначаны кодэксам паквартальна: да 22 сакавіка, 22 чэрвеня, 22 верасня і 22 снежня. Па выбары плацельшчыкаў прапануецца два метады авансавых плацяжоў: або зыходзячы з адной чвэрці фактычных вынікаў дзейнасці за 2010 год, або зыходзячы з плануемай сумы падатку на прыбытак, аднак не менш за 80 працэнтаў ад аб'ёму такіх плацяжоў у 2010 годзе.
Па падатку на дабаўленую вартасць з наступнага года адменены бягучыя авансавыя плацяжы і акцызныя адлічэнні. У 2011 годзе для арганізацый пашыраецца права плацельшчыкаў выкарыстоўваць падатковыя вылікі па лініі капітальных укладанняў. Да апошняга часу такі вылік у поўным аб'ёме маглі ажыццяўляць толькі падаткаплацельшчыкі з нулявой падатковай стаўкай. У наступным годзе такія падатковыя вылікі па капукладаннях будуць выкарыстоўваць і арганізацыі, якія не маюць экспартнай выручкі.
З першага верасня ўказам № 420 унесены змены па стаўках зямельнага падатку, якія зараз будуць амаль напрамую залежаць ад кадастравага кошту зямлі. Гэтыя прынцыпы фарміравання стаўкі зямельнага падатку зацверджаны і ў Падатковым кодэксе.
Днямі спецыялісты МПЗ падрыхтавалі праект пастановы міністэрства, дзе прадугледжваецца паменшыць колькасць формаў падатковых дэкларацый на 8 адзінак. Акрамя гэтага, у саміх дэкларацыях істотна памяншаецца аб'ём даведачнай інфармацыі аб падаткаплацельшчыках.
Аб новаўвядзеннях па падаходным падатку для насельніцтва ў новым годзе паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Галіна Радзюкевіч. Паводле яе слоў, у 2011 годзе павялічваецца стандартны падатковы вылік з 270 да 292 тысяч рублёў, калі работнік атрымлівае даход да 1 млн 766 тысяч рублёў. Сёлета верхняя планка такога даходу складала 1 млн 635 тысяч рублёў. На кожнае дзіця ў наступным годзе падатковы вылік складзе 81 тысячу рублёў (цяпер — 75 тысяч рублёў). Для катэгорыі работнікаў, якія атрымліваюць падатковыя вылікі ў двайным памеры (гэта адзінокія бацькі, удовы, удаўцы, шматдзетныя сем'і), стандартны вылік павялічыўся са 150 да 162 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, адзінокімі бацькамі будуць лічыцца цяпер і тыя, у каго жонку ці мужа пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Прыемную навіну паведаміла спадарыня Радзюкевіч для тых падаткаплацельшчыкаў, якія маюць некалькі месцаў работы. Пачынаючы з 2011 года, плацельшчыкі падаходнага падатку атрымліваюць права на сацыяльна-маёмасны вылік па даходах, атрыманых і па месцы неасноўнай работы. Гэты вылік будзе прадастаўляцца пасля падачы падатковай дэкларацыі ў падатковыя інспекцыі.
У 2011 годзе ўстанаўліваецца новы падатковы вылік па лініі платнага адчужэння (продажу) асабістай маёмасці. Вядома, што пры продажы аб'ектаў нерухомасці, аўтамабіляў і іншай маёмасці бываюць выпадкі, калі дакументы аб кошце іх набыцця не захаваліся. У гэтых выпадках падаходная база для падаткаабкладання, атрыманых даходаў ад рэалізацыі маёмасці памяншаецца на 10 працэнтаў. Такі механізм падатковых вылікаў можа выкарыстоўвацца і пры продажы каштоўных папер.
У наступным годзе ад падаткаабкладання вызваляюцца даходы грамадзян, якія атрымліваюцца па лініі кампенсацыі маральнай шкоды.
Сяргей КУРКАЧ.