З суботы распачынаецца паляванне

Источник материала:  

Згодна з дзейнымі Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, з першай суботы лістапада распачынаецца асенне-зімовы сезон палявання на зайца-русака і зайца-беляка.

Доўжыцца ён будзе па апошнюю нядзелю студзеня. Паляваць на жывёлін любога полу і ўзросту можна ў светлы час сутак: зброевым спосабам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі (усіх груп), з падыходу, загонам; бяззброевым — з хартамі, лоўчымі птушкамі.

У аналагічныя тэрміны будзе праходзіць і асенне-зімовы сезон палявання на куніцу лясную і каменную, ляснога тхара, гарнастая, звычайную вавёрку. Таксама ў светлы час сутак можна здабываць жывёлін любога полу і ўзросту зброевым і бяззброевым спосабамі, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу. Пры бяззброевым дазваляецца выкарыстоўваць пасткі (акрамя петляў) №0-3.

Як вядома, паляванне на непажаданыя віды дзікай жывёлы (воўк, янотападобны сабака, звычайная ліса) дазваляецца ў сезоны і тэрміны, дазволеныя для палявання на іншыя віды паляўнічых жывёл, а ў забаронены для палявання час і ў забароненых месцах — па паляўнічых пуцёўках на здабычу толькі гэтых відаў. Фактычна паляваць можна круглы год на працягу сутак зброевым і бяззброевым спосабамі, з падыходу, з засады, з пад'езду, загонам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з лоўчымі птушкамі. У новай рэдакцыі Правілаў, якая ўступае ў дзеянне з 13 лістапада, гэтыя ўмовы палявання на непажаданыя віды дзікай жывёлы захоўваюцца. Разам з тым, з'явіцца новаўвядзенне пры паляванні бяззброевым спосабам на ваўка (з капканамі №5-7), лісу, янотападобнага сабаку (з капканамі №1-3): тэрмін — з 1 лістапада па 31 сакавіка. Тыя ж тэрміны будуць датычыць і палявання бяззброевым спосабам на працягу сутак (з лоўчымі птушкамі) на непажаданых вялікага баклана, шэрую чаплю, шэрую варону, сароку. Аднак, паколькі новая рэдакцыя Правілаў уступіць у сілу толькі з 13 лістапада, як было сказана вышэй, згаданыя новаўвядзенні, удакладнілі нам у Міністэрстве лясной гаспадаркі, стануць дзейнымі толькі пасля гэтай даты.

Сяргей РАСОЛЬКА.

(Больш падрабязна пра новую рэдакцыю Правілаў чытайце ў бліжэйшых нумарах.)

←Кухонный разговор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика