АБЗАЦ
45 л ядахімікатаў выявілі гомельскія памежнікі ў рэйсавым аўтобусе "Кіеў—Вільнюс". Хімічны прэпарат для апрацоўкі сельгаскультур быў знойдзены ў аўтобусе ў пункце пропуску "Новая Гута". Ядахімікаты былі схаваныя ў спальным адсеку кіроўцы за дэкаратыўнай абшыўкай. Кіроўца патлумачыў, што груз, хутчэй за ўсё, застаўся ад папярэдняга рэйса. Сума канфіскаванага склала каля Br57,5 млн., аўтобус ацэнены ў Br270 млн. Вядзецца праверка.
Мінскія праваахоўнікі — супрацоўнікі пракуратуры і міліцыі — раскрылі забойства выкладчыка гімназіі з Магілёва. Яго цела было знойдзена 15 кастрычніка на агульным балконе жылога дома ў Мінску. Забойцам аказаўся 22-гадовы непрацуючы жыхар в. Станькава Дзяржынскага раёна. Напярэдадні ён быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі, дзе "сядзеў" за згон аўтамабіля. У электрычцы ён пазнаёміўся з выкладчыкам. Далей было спіртное, спрэчка і забойства.
ПОЎНЫ АБЗАЦНачальнік аддзялення прызыву Барысаўскага райваенкамата асуджаны за хабар на 4 гады калоніі. Ён быў затрыманы ў канцы мінулага года пры атрыманні хабару ў памеры $450 за вырашэнне пытання аб прадастаўленні незаконнай адтэрміноўкі ад прызыву. Акрамя таго, было ўстаноўлена, што былы падпалкоўнік неаднаразова прымаў ад прызыўнікоў грошы за падрыхтоўку дакументаў, што даюць падставу не служыць у войску. Следствам было ўстаноўлена 5 такіх фактаў. Ваенны трыбунал прысудзіў яму пакаранне — 4 гады ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, канфіскацыю маёмасці і пазбаўленне звання.
У Екацярынбургу зварылі 50-кілаграмовы пельмень. Ідэя належыць студэнтам і выкладчыкам Уральскага горнага інстытута. Народную страву выбралі ў якасці ўніверсальнага пачастунку ў дзень народнага адзінства па той прычыне, што яна сустракаецца ў вельмі многіх нацыянальных кухнях. Для стравы ўзялі 20 кг цеста і 30 кг мяса, свініну і ялавічыну. Пасля таго, як пельмень зляпілі, яго падчапілі кранам і апусцілі ў 800-літровы кацёл. Праз паўтары гадзіны зноў жа кранам — дасталі і адразу ж узважылі. Вага вырабу аказалася 56 кг 400 грамаў.