Немцы навучаць вырабляць біягаз
У Магілёве працуе дэлегацыя нямецкіх дзелавых колаў. У цэнтры ўвагі прадстаўнікоў нямецкіх фірмаў — альтэрнатыўная энергетыка.
— Нас найбольш цікавяць праекты, звязаныя з эканоміяй энергіі і рэсурсаў, біятэхналогіямі, — сказаў нямецкім гасцям першынамеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. — Мы яшчэ толькі ў пачатку шляху, а ў Германіі назапашаны дастаткова вялікі вопыт па гэтых напрамках.
У прыватнасці, у вобласці актыўна цікавяцца нямецкімі тэхналогіямі вытворчасці біягазу. Напрыклад, біягазавы комплекс ствараецца ў сельскай гаспадарцы "Рассвет" Кіраўскага раёна. Увогуле менавіта атрыманнем біягазу з розных бытавых, сельскагаспадарчых і прамысловых адходаў цікавяцца многія арганізацыі ў розных галінах.
— Я выхадзец з Усходняй Германіі, — паведаміў дырэктар Fancy-іmport Іахім Райхель. — Назва маёй фірмы прымусіць вас усміхнуцца. Пасля падзення Берлінскай сцяны я вазіў мяккія цацкі вядомай фірмы да вас, у Беларусь. А сёння мы вядзём разведку сітуацыі на беларускім рынку для буйных партнёраў, якія распрацоўваюць праекты біягазавых установак, вытворчасці паліўных гранул і пялетаў, ператварэння сонечнай энергіі.
— Мы ведаем, што ўжо ў недалёкай будучыні ў Беларусі 30% энергіі будуць атрымліваць з мясцовых паліўных крыніц і аднаўляльных крыніц энергіі, — сказаў прадстаўнік Федэральнага міністэрства эканомікі і тэхналогій Вольфганг Герстман. — Вам спатрэбіцца мадэрнізацыя энергетычнай галіны: час садзіцца за стол перамоў прадстаўнікам фірмаў.
Таму ў Магілёве адбылася кантактна-кааперацыйная біржа, дзе можна было шукаць партнёраў у канкрэтных праектах. Да таго ж Магілёўская вобласць прапанавала немцам ацаніць сваё выгаднае геаграфічнае становішча — блізкасць да расійскага рынку, а таксама ўважлівае стаўленне мясцовых уладаў да інвестыцыйных праектаў з удзелам замежнікаў.
Ілона Іванова.