Цёплы прытулак

Источник материала:  
У сталічным Дзіцячым парку імя Горкага незвычайную дабрачынную акцыю праводзіла аб’яднанне аховы жывёл "Эгіда"
Цёплы прытулакЛя палатак з чацвераногімі, трохі настрашанымі мноствам людзей, не праціснуцца: шмат жадаючых стаць гаспадарамі. Ды і тыя, хто на крок такі пакуль не гатовы, неслі “братам меншым” корм, клеткі-пераноскі, ланцужкі, лекі і нават цацкі. Валанцёры "Эгіды" раздавалі брашуры, расказвалі пра сваіх гадаванцаў, давалі парады па іх доглядзе. І ветэрынар кансультаваў, як лепш сысціся характарамі нам з імі, хутчэй прайсці этап узаемапрыціркі. "Акцыя праводзіцца ў чацвёрты раз і, вядома ж, не ў апошні, — распавядае Наталля Бялянава, старшыня "Эгіды". — Як бачыце, яна ўдалася: спрацавала добрая рэклама, людзі ідуць і ідуць. Мы хацелі знайсці новых гаспадароў і прытулак для сотні сабак і катоў, і ўжо ўзята пад апеку больш за 70. Цяпер, дарэчы, "пад крылом" "Эгіды" звыш трохсот жывёлін, і мы ўпэўнены: для кожнай з іх знойдзецца годны гаспадар. Загляньце ў іх вочы — там жыве надзея…"Цёплы прытулак
Шчаслівай уладальніцай шчаняці стала сярод іншых студэнтка Аляксандра: “Я жыву з мамай, у нас ужо ёсць кот. Пачула пра акцыю і прыйшла сюды з адной мэтай: узяць яшчэ аднаго гадаванца. Вельмі спадабаўся гэты малы… Такія акцыі, лічу, вельмі неабходныя, яны дапамагаюць нам быць больш чалавечнымі”. Вікторыя, якой пяць гадоў, прыціскае да сябе кацянятка: "Я даўно жадала мець сабаку або ката. І вось кошачка са мной… Мы тут з мамай, выбралі яе і ўжо назвалі Марусяй”.
А некаторыя прыйшлі ў парк са сваімі гадаванцамі, якіх раней забралі з прытулкаў ці ўратавалі ад так званай бытавой жорсткасці. “Я прыйшоў са сваім амерыканскім бульдогам, — Уладзімір, інструктар трэнажорнай залы, дэманструе прыгажуна. — Мы ўзялі яго з прытулка восем месяцаў таму, яму ўжо было пяць гадоў. Хачу паказаць людзям: не варта баяцца браць дарослых жывёл, сабакі выхоўваюцца, па-мойму, хутчэй, чым дзеці. Мой сабака вельмі разумны, а галоўнае — верны…”
Вядомая фраза “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі” з філасофскай казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы не прагучыць банальна ў дачыненні да тых, хто сапраўды не можа абысціся без нашай дапамогі. Такія дабрачынныя акцыі нараджаюць і надзею: свет зменьваецца да лепшага. Я глядзела на маленькае рудое шчанятка, якое прачнулася і пяшчотна пацягвалася за пазухай у толькі што знойдзенага гаспадара. І не сумнявалася: калі жывёлы бачаць сны, то малому снілася будучыня, напоўненая шчасцем, радасцю, а галоўнае — сэнсам... Спачуванне і здаровы сэнс урэшце павінны перамагчы. Не для таго ж тысячы гадоў таму чалавек прыручыў дзікіх жывёл, каб у XXI стагоддзі іх чакала беспрытульная доля.

Іда Ганчаровіч

←В Белоруссии начал работу 13-й Минский форум

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика