Усе памерлі, але людзі лікавалі. Чаму?

Источник материала:  

Мужчыны, трымціце! Нават зашчэпка для валасоў у руках даведзенай да адчаю жанчыны можа ператварыцца ў зброю забойства. Прыклад: Флорыя Тоска такім чынам імкнулася абараніць сваю годнасць і ўратаваць каханага. Мастак Каварадосі трапіў за краты па палітычных прычынах — дапамагаў збегламу паўстанцу.

Геніяльны кампазітар Джакома Пучыні ў оперы "Тоска" спалучыў закручаную інтрыгу, каханне, зайздрасць, прынцыпы, самаахвярнасць, смерць. Гісторыя гэтая можа ўспрымацца ў любой краіне ў любы час нават з-за сюжэтных калізій. Але ж тут яшчэ і музыка якая!.. Арыю Каварадосі, які пакутуе за кратамі, узгадваючы Тоску, напэўна, хоць раз у жыцці чуў кожны чалавек, а можа, і напяваў потым "хітовы" матыў, не ўсведамляючы, што гэта за прыгожая музыка. Сапраўды, бессмяротная — бо больш за 100 гадоў "Тоска" з'яўляецца адной з самых папулярных опер у свеце. Вялікі тэатр Беларусі звярнуўся да яе ў пяты раз.

Усе памерлі, але людзі лікавалі. Чаму?Класічны твор у пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ, які ставіў гэты спектакль у якасці галоўнага рэжысёра тэатра, атрымаў класічнае прачытанне. Дух эпохі Напалеона імкнуўся аднавіць рэжысёр і мастак Аляксандр Касцючэнка. Напэўна, зыходзілі з таго, што Пучыні пісаў твор пра рэальныя падзеі часоў перамогі Напалеона пад Марэна. Адпаведна былі створаны касцюмы герояў, дэкарацыі на сцэне. Вядома, калі герой — мастак у Італіі, то як жа без фрэсак у храме?..

У цёмнай зале, дзе віруюць гукі, магло стварыцца ўражанне, што сапраўды знаходзішся ў рымскім храме з распісанымі сценамі. Падман зроку? Не, новыя магчымасці тэатральнага абсталявання! Тое, што стала "візітоўкай" Міхаіла Панджавідзэ, што прывяло яго ў наш оперны тэатр, нашпігаваны рознай тэхнікай пасля рамонту. Вось так патроху, дзякуючы галоўнаму рэжысёру, мы, можа, і зразумеем, навошта ўсе сучасныя "навароты" ў оперы, дзе галоўным заўсёды ўсё роўна будзе голас. Напрыклад, Уладзімір Громаў пераканаўча спяваў вераломнага Скарпіа, але зразумець, якія дэманы сядзяць у яго душы, дапамагла праекцыя выявы на калоны. Імгненне — і рамантычныя фрэскі ператвараюцца ў пачвараў, сімвалізуючы цёмную душу Скарпіа, сам ён — ці не ў вампіра, опера — у "жудзік" з акрываўленым героем, сцэнамі катавання.

Такія шыкоўныя трукі зацягваюць. Удалыя прыдумкі могуць дапамагчы зразумець, што арыі герояў — гэта іх боль, адчай, надзеі, усё, як у жыцці. Спецэфекты развярэдзілі пачуццёвасць гледача так, што і далей хацелася сцэнічных метамарфозаў, асабліва ў сцэнах, дзе перадаюцца глыбокія пачуцці. А ў "Тосцы" такіх сцэн шмат. Меркавалася, што калі рэжысёр стаў на шлях метафар, то ён будзе паслядоўны да канца. Аднак другая палова спектаклю была іншая — там дамінавалі дэкарацыі. Толькі я пачала спадзявацца на вынаходлівае рашэнне ключавых сцэн, як мне прапанавалі для агляду вялікія і грувасткія сходы. А пад лесвіцай на стале Тоска доўга мілавалася з Марыё... Стоп, — у іх насамрэч высокае каханне!.. Дзеля чаго былі патрэбныя сходы? Ну, напэўна, і не дзеля сцэны расстрэлу: расстрэльваць на прыступках, палячы знізу ўверх, неяк несур'ёзна нават для тэатра з яго ўмоўнасцямі. А, вось: дзеля таго, каб была вышыня, з якой можна было б потым кінуцца ўніз. Напэўна, вышыню не атрымалася "прадумаць" ці "спраецыраваць", ці зрабіць сімвалічнай (адкуль падае ў бездань чалавек, які губляе сэнс жыцця). Таму вышыню вырашылі проста пабудаваць. А ўжо хацелася калі не яшчэ якіх-небудзь сімвалічных дэманаў, то хоць бы амураў ці анёлаў (дзеля раўнавагі ўяўных сіл), якія апякаюць душы закаханых. Тым больш што нам ужо паказалі: яны неабавязкова могуць быць у натуральным выглядзе, а яшчэ ў арыгінальных праекцыях.

Я думала пра тое, што на спецэфекты гледача можна падсадзіць, калі ён будзе ад оперы чакаць найперш шоу. Вось жа і я купілася. Па сутнасці, нічога дрэннага ў гэтым няма, калі ўсё ўраўнаважваецца: драматургія, музыка, эфектныя рэжысёрскія знаходкі і выкананне партый (роляў) салістамі. За салістаў асабліва трывожна: найноўшая тэхніка і экперыменты з ёй накладваюць на іх абавязак адпавядаць узроўню і не губляцца за "наваротамі", не проста спяваць, а іграць, ствараць вобраз. Бо нічога не вартыя ніякія сцэнічныя вынаходніцтвы ў оперы, калі няма чалавечага нерву, які перадае голас.

Такі трымаецца. Сведчанне гэтаму — авацыі, якімі публіка пасля прэм'еры ўзнагародзіла артыстаў. Заслужылі: на лябёдках уздымаліся, па сходах бегалі туды-сюды, нават сапраўднай вадой адлівалі беднага Каварадосі пасля катавання. А яшчэ і спяваць... Гледачы ацанілі. Прэм'ерныя спектаклі ішлі пры поўным аншлагу, квіткоў было не купіць, у касу стаяла чарга тых, хто спадзяваўся на нейкі цуд. Прэм'ера "Тоскі" — сведчанне цуду: у Беларусі ёсць глядач, які засумаваў па оперы! Які не шукае лёгкіх шляхоў і лёгкіх жанраў, гатовы слухаць оперу па-італьянску, задавольваючыся для разумення сэнсу бягучым радком з перакладам. Наш глядач хоча ўдасканальваць сябе. Гэта глядач, якога смела можна залічыць да інтэлектуальнай эліты краіны.

Для тых, хто таксама хоча элітай звацца: "Тоску" цяпер прыйдзецца чакаць доўга, але абяцаюць, што спектакль будзе ўдзельнічаць у першым оперным фестывалі. Каб даведацца, хто з герояў пры якіх абставінах загінуў, трэба ўсё ж ісці ў тэатр.

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика