Брусніцы — прыродны антысептык
Брусніцы любяць не толькі за яркі колер і прыемны смак з лёгкай гарчынкай. Разам з чарніцамі і журавінамі брусніцы называюць ягадамі-лекаркамі.
Галоўная адметнасць брусніц у тым, што гэта вечназялёная расліна. Як гаворыць легенда, некаторыя дрэвы і расліны — напрыклад, сасна, кедр і брусніцы — калісьці атрымалі замест людзей вечнае жыццё.
Па ўтрыманні караціну (правітаміну А) брусніцы пераўзыходзяць журавіны, лімоны, вінаград і чарніцы. Багатыя яны і на вітамін С. Таксама ў ягадах змяшчаюцца цукры, марганец, калій, пекцінавыя і дубільныя рэчывы, арганічныя кіслоты (яблычная, лімонная, воцатная, бензойная), гліказід арбуцін, флаваноіды і г.д.
З лекавай мэтай выкарыстоўваюць спелыя ягады і лісце — іх адвар і настой аказваюць антысептычнае, мачагоннае, вяжучае дзеянне. Брусніцы таксама прымяняюцца:
адвар лісця — пры захворваннях нырак, рэўматызме, падагры (ён садзейнічае размякчэнню і вывядзенню камянёў і соляў);
настой з парасткаў брусніц — пры галаўным болі і прастудных захворваннях;
ягады — пры туберкулёзе лёгкіх, гастрыце страўніка з паніжанай кіслотнасцю, нырачнакаменнай хваробе; як вітамінны і супрацьгніласны сродак;
сок п'юць пры павышаным артэрыяльным ціску, пры неўрозах і анеміі ў цяжарных;
бруснічны сіроп паляпшае зрок.
Акрамя таго, брусніцы ўзмацняюць актыўнасць антыбіётыкаў, таму іх рэкамендуюць хворым з гарачкай, а таксама для павышэння апетыту пасля перанесеных цяжкіх хваробаў і траўмаў.
Бруснічны настой гатуюць так: 1 ст. лыжку здробненага лісця заварваюць шклянкай кіпеню, настойваюць 30 хвілін і працэджваюць. Прымаюць па 1 ст. лыжцы 3—4 разы на дзень да яды.
Для працяглага захоўвання можна прыгатаваць настойку: бяруць 100 г бруснічнага ліста, заліваюць 2,5 л крутога кіпеню; настойваюць 2 гадзіны, працэджваюць і дадаюць 250 мл гарэлкі. Настой ставяць на слабы агонь і трымаюць 15 хвілін, не даводзячы да кіпення. Прымаць па 100 г 3 разы на дзень за 30 хвілін да яды. Рэкамендуецца пры рэўматызме, пяску ў нырках і мачавым пузыры.
Рэцэпт бруснічнага адвару: 2 ч. лыжкі сыравіны заліваюць шклянкай кіпеню, трымаюць на агні 15 хвілін, ахалоджваюць і працэджваюць. Выпіваюць глыткамі на працягу дня.
Пры ангіне, парадантозе, стаматыце, гінгівіце, язвавых пашкоджаннях поласці рота адвар бруснічніку рэкамендуецца ў выглядзе паласканняў (3 разы на дзень пасля яды пры хранічных захворваннях і кожныя 2—3 гадзіны — пры вострых).
Гарбата бруснічная з мёдам: шклянку брусніц размяць, заліць 1 л вады і кіпяціць 5 хвілін. Даць пастаяць 10 хвілін, працадзіць і дадаць 150 г мёду. Прымаць як агульнаўмацавальны сродак.
Брусніцы можна нарыхтоўваць у запас, бо высокае ўтрыманне бензойнай кіслаты дазваляе ім доўга не псавацца. Калі ж вы хочаце не толькі падлячыцца, але і паласавацца, то майце на ўвазе, што існуе мноства рэцэптаў па прыгатаванні страў з брусніц.
Так, мочаныя брусніцы — адна з традыцыйных страў славянскай кухні. Гатуюць яе так. Брусніцы перабіраюць, прамываюць, засыпаюць у шкляныя ёмістасці, затым заліваюць астуджаным кіпенем і ставяць у халоднае цёмнае месца. Праз тры дні ваду мяняюць і шчыльна закаркоўваюць іх для далейшага захоўвання.
Мочаныя брусніцы — не толькі ласунак, але і заправа да розных страў. Для гэтага да іх дадаюць вострыя прыправы — карыцу і гваздзіку. Акрамя таго, на аснове брусніц робяць падліўкі да мяса або рыбы.
З брусніц таксама гатуюць розныя напоі — напрыклад, вельмі карысныя бруснічны морс і кісель. Асабліва папулярная бруснічная вада, якая атрымліваецца пры вымочванні ягад. Яе выкарыстоўваюць у якасці лёгкага слабіцельнага сродку.
Увага! Не рэкамендуецца ўжываць брусніцы пры гастрыце з павышанай кіслотнасцю, пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Настой бруснічніку пры прыёме ўнутр часам выклікае алергічныя рэакцыі.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.