Батальён "зачышчае" дзялянкі

Источник материала:  

...Канкрэтна на гэтыя мясціны, як і на значную частку ўвогуле ўсяго Чэрвеньскага раёна, стыхія абрынулася 8 жніўня. Вецер небывалай сілы ішоў ад Язовак: на Вялікаполле і далей. Шматкілаграмовыя валкі саломы, што застаюцца на полі пасля камбайнаў, ён з лёгкасцю не толькі перакідваў за сотні метраў з іржышча праз дарогу, але і "зашпурнуў" некалькі з іх за дзясяткі метраў — з бліжэйшага палетка пад самыя вокны ў гародчык адной з крайніх хат...

І дагэтуль пра накірунак урагану красамоўна сведчаць сагнутыя ў адзін бок, знявечаныя дрэвы ў лесе там, дзе да драўніны яшчэ не паспелі дабрацца брыгады лесарубаў, а пра яго моц — "вычасаныя", нібы гіганцкім грэбнем, дзялянкі... Сведкі тады казалі, што гэта было падобна на канец свету. Цяпер у гэты лес перакінуты зводны батальён транспартных войскаў...

...Палявы лагер зводнага батальёна транспартных войск месціцца ў Вялікаполлі на школьным стадыёне зачыненай некалькі гадоў таму мясцовай школы. Армейскія палаткі ў рад суседнічаюць з металічнай тыпавой футбольнай брамай; на месцы, дзе цяпер праходзяць пастраенні байцоў, некалі, відавочна, за спартыўнымі баталіямі на полі назіралі балельшчыкі. У лагеры — адноснае зацішша: са 150 вайскоўцаў на месцы толькі некалькі афіцэраў, днявальныя ды па адным апальшчыку на кожную палатку.

Батальён "зачышчае" дзялянкі

— У палатках тэмпература бывае да плюс 25. У невялікіх палатках, дзе жывуць афіцэры, прапаршчыкі і кантрактнікі, стаіць па адной печцы-"буржуйцы", у вялікіх — па дзве. Усе байцы тройчы на дзень забяспечаныя гарачай вадой для асабістага туалета, — тлумачыць, бадай, галоўнае, што можа зараз хваляваць родных салдат, якія нясуць сваю службу на чэрвеньскай зямлі, камандзір зводнага батальёна, падпалкоўнік Сяргей ЛАПЦІНСКІ.

Батальён "зачышчае" дзялянкіАдна з задач транспартных войск — якраз ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Зноў жа — тут байцы атрымліваюць пэўны вопыт падчас дапамогі лясгасу. У саставе зводнага батальёна — дзве роты. Першая складаецца з ваеннаслужачых 307-й асобнай чыгуначнай брыгады, другая — з байцоў 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Яны могуць і рэйку памяняць, і шпалу, і ўвогуле выканаць любыя інжынерна-будаўнічыя работы. Але ў Чэрвеньскім раёне байцы зводнага батальёна — на дапаможных работах: вызваляюць дзялянкі ад матэрыялаў, што застаюцца пасля таго, як брыгады лесарубаў валяць пацярпелыя дрэвы. Дзелавая драўніна найперш, а таксама тое, што можна выкарыстаць на дровы, вывозяцца — уздоўж дарог ляжыць безліч падрыхтаваных такім чынам ствалоў, складзеных у вялікі "бурты". Месцамі яны цягнуцца на сотні метраў, а недзе побач, як нам расказалі камандзіры, ці не пяць кіламетраў. А сучча, карчы, галіны, якія складваюцца на дзялянках у даўжэзныя валкі, потым спальваюцца. Налета на такіх вызваленых месцах плануецца правесці пасадкі новага лесу. Мы сумна жартуем, што яшчэ праз якія некалькі гадоў сюды можна будзе смела ехаць у апенькі. "Але лепш бы сюды па баравікі, як і раней, прыязджалі. І не трэба нам было б тых апенек", — так жа сумна ў адказ заўважае нехта з мясцовых.

— Такая дапамога для нас — вельмі важная. Вызваляюцца лесанарыхтоўчыя брыгады, паскараюцца тэмпы работ, — ужо пазней на адной з дзялянак у лесе ацаніў аб'ёмы дапамогі з боку ваеннаслужачых галоўны ляснічы Чэрвеньскага лясгаса Андрэй БАРБУК. — Усяго летам ад ураганных ветраў на тэрыторыі раёна пацярпела 1 580 гектараў лясоў, аб'ёмы пашкоджанай драўніны склалі 365 тысяч кубаметраў. У той жа час, для параўнання, разліковая лесавысечка складае 155 тысяч кубічных метраў. Гэта азначае, што ў выніку ўдару стыхіі нам трэба прыбраць у 2,5 раза больш драўніны.

...Пакуль мы раніцай у мінулы панядзелак бліжэй знаёмімся з умовамі побыту вайскоўцаў у палявым лагеры — аглядаем палаткі, дзе жывуць байцы, наведваем кухню (пад навесам стаяць дзве армейскія палявыя кухні), дзве палаткі — "абедзенныя залы", амбулаторны пункт, клуб, бытоўку, сушылку (усяго на месцы колішняга стадыёна даволі кампактна месціцца 20 палатак, плюс выкапалі ўцеплены склеп для захоўвання гародніны) — падпалкоўнік Лапцінскі па-ваеннаму сцісла гаворыць пра канкрэтныя задачы, пастаўленыя перад зводным батальёнам.

— Па стане на 1 лістапада ваеннаслужачымі прыбрана 130 гектараў тэрыторыі, складзіравана 1 200 кубаметраў драўніны. Зводны батальён працуе з 1 кастрычніка і будзе дыслацыравацца ў гэтым месцы па 1 снежня. Агульная задача: прыбраць 300 гектараў лясных угоддзяў. Норма ў суткі на чалавека — 0,05 гектара, — расказвае Сяргей Анатольевіч.

Ці не цяжкавата? Едзем на адну з дзялянак. Ад шашы яе прыкрываюць дрэвы, што выстаялі пад націскам ураганнага ветру — нічога адразу і не заўважыш. Але калі прайсці колькі дзясяткаў метраў углыб, бачыш толькі вывернутыя карчы ды хвойныя галіны пад нагамі. Па перыметру дзялянкі байцы зносяць у валкі і вогнішчы сучча і іншую драўняную "некандыцыю".

— Ніяк не, — па-ваеннаму лаканічна адказвае на пытанне радавы Аляксандр МАЛАШОК. — Выдатныя ўмовы!

У войску Саша толькі тры месяцы, з якіх месяц — тут, служыць-працуе ў Чэрвеньскім раёне. Сам са Жлобіна, вучыўся на юрыста. Пасля службы плануе зноў працягваць вучобу. Кажа, што дома чакае нявеста, праўда, вось ужо з месяц як не піша чамусьці, сціпла і неяк сарамліва заўважае на нашы запыты. Нічога, заспакойваем ужо мы, вось пачытае, як ты тут, адразу ж абавязкова напіша табе ліст.

— Працуем на розных аб'ектах. Наш калектыў мне падабаецца. Пасля працы ў лагеры, у вольны час, слухаем радыё, чытаем — пераважна газеты, — так жа лаканічна працягвае Аляксандр адказваць на нашы пытанні.

Дзень байцоў зводнага батальёна распісаны па хвілінах. Армія! Пад'ём у 6 гадзін, з 6.40 — сняданак, у 8 гадзін — пастраенне, у 8.10 — выезд на працу. Абед з 13 да 14 гадзін, потым 30 хвілін вольнага часу. Зноў на працу, куды байцоў дастаўляюць грузавым аўтатранспартам. Да 18 гадзін усе на працоўных месцах. Па суботах, паколькі трэба выканаць вялікі аб'ём работы, байцы працуюць да абеду, пасля яго — парка-гаспадарчы дзень. У нядзелю да абеду лазня, якую так паважаюць байцы, а потым — культурная праграма. У мінулую нядзелю, скажам, ездзілі ў Чэрвень на экскурсію ў краязнаўчы музей. У гэтую нядзелю сустракалі ў сябе ў гасцях мастацкую самадзейнасць з райцэнтра. "Спадабаўся канцэрт", — усміхнуўся той жа Саша Малашок.

Батальён "зачышчае" дзялянкі

Каб добра фізічна працаваць — трэба і добра харчавацца. З сырых свежых прадуктаў гатаваць у палявым лагеры забаронена, аснову рацыёну складаюць мясныя і рыбныя кансервы, крупы, гародніна. Байцы штодня атрымліваюць сок, а таксама дадатковае харчаванне: салёнае сала з хлебам, цыбулю, часнок, гарбату. Вядома ж, і журналістаў потым пачаставалі з салдацкага катла — капустай на першае, салатай з квашанай капусты, ячнай кашай з тушонкай, сокам. Было і сала з цыбуляй. Усё — сапраўды смачнае! Дарэчы, уся ежа падаецца вайскоўцам у аднаразавым пластыкавым посудзе, так што ніякіх звыклых салдацкіх кацялкоў мы не пабачылі. Іх у палявым лагеры мыць складана, а так — ніякіх праблем.

...Наступная дзялянка, дзе працуюць байцы зводнага батальёна — літаральна за самай ваколіцай вёскі Скрабінка. Апошні дамок, здаецца, на шчасце, не зачапіла летам стыхія, хоць сама вёска — у ліку найбольш пацярпелых у раёне. Праязджаючы па вуліцы, бачылі, што на некаторых хатах — цалкам новыя дахі з шыферу. А за ваколіцай вёскі... Уявіце сабе плошчу ў дзесяць гектараў, на якой з колішняга лесу захавалася толькі хіба "палоскі" дрэў недзе збоку і на гарызонце. А астатняе — фактычна поле, "засеянае" карчамі, галлём. А ўздоўж дарогі цягнецца велізарная "паленніца" са ствалоў, падрыхтаваных для вывазу. Абдаючы нас дымам з выхлапных трубаў, магутныя "МАЗы" і "Уралы", натужліва равучы, вывозяць іх адсюль спажыўцам драўніны...

— Сяржант Сарока! Да мяне! — дае загад камандзір. І ўжо нам: знаёмцеся, ваеннаслужачы, малодшы сяржант, літаральна ў мінулую пятніцу атрымаў — за старанную працу — гэтае званне. Цяпер ён — намеснік камандзіра ўзвода.

Знаёмімся з сяржантам Сарокам. Як завуць?

— Уладзімір Мікалаевіч! — брава робіць для нас "даклад" сяржант. Вочы — з хітрынкай. А чаму і не пажартаваць, асабліва калі дасціпны жарт не шкодзіць, а толькі спрыяе працы?

Уладзімір Мікалаевіч (будзем называць яго так, як прадставіўся сам сяржант) з Мазыра, пасля школы працаваў на машынабудаўнічым заводзе токарам. Звальняецца з войска ў студзені наступнага года. Гаворыць, што збіраецца потым пайсці працаваць на чыгунку. Але пасля таго, як сяржанта Сароку "ўпадабалі" для здымак нашы фатографы, ужо мы пачынаем жартаваць: якая, маўляў, чыгунка? Цяпер — толькі глянцавыя часопісы, мадэльны бізнэс, подыум!..

Ну а па справе баец зноў жа адказвае па-ваеннаму коратка.

— Працуем на гэтай дзялянцы трэці дзень — пасля таго як брыгады лесарубаў выканалі сваю задачу. Не холадна: падчас працы і грэемся. Ніякіх здарэнняў: усё строга ў адпаведнасці з тэхнікай бяспекі. У калектыве нармальныя адносіны, прычым і па-за службай таксама, — распавёў нам Уладзімір Мікалаевіч.

— За суткі каманда з 20-25 чалавек здольная ачысціць 1,5 гектара плошчы, — дадае падпалкоўнік Лапцінскі. Адчуваецца, што камандзір зводнага батальёна задаволены сваімі падначаленымі. На чэрвеньскай зямлі ім разам несці службу яшчэ цэлы месяц.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Чэрвеньскі раён.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика