Беларусь — ЕС: усё толькі пачынаецца

Источник материала:  

Як ужо паведамлялася, 2 лістапада Мінск упершыню за гісторыю незалежнай Беларусі наведалі разам міністры замежных спраў Германіі і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаслаў Сікорскі.

Завяршыўся візіт абодвух міністраў сумеснай прэс-канферэнцыяй у гасцініцы "Еўропа". Дарэчы, разам з Г. Вестэрвеле і Р. Сікорскім у нашу сталіцу завітала даволі шматлікая група нямецкіх і польскіх журналістаў. Факт, які, між іншым, гаворыць пра рост цікаўнасці ў еўрапейскіх краінах да падзей у Беларусі. І як мне здалося, якраз для іх у першую чаргу і была наладжана гэта выніковая прэс-канферэнцыя. Менавіта "сваім" трэба было растлумачыць неабходнасць візіту міністраў у Мінск, сустрэч з вышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы, выказацца наконт умоў і перспектыў супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам.

У многіх маіх беларускіх калег выклікаў здзіўленне сам факт сумеснага візіту міністраў замежных спраў ЕС. І сапраўды, чаму яны прыляцелі разам? Няўжо Г. Вестэрвеле, як віцэ-канцлер і прадстаўнік самай эканамічна развітай краіны ЕС, якая стаяла ля вытокаў стварэння Еўрапейскага саюза, не здолеў бы даходліва данесці пазіцыю сваіх калег па ЕС да кіраўніцтва Беларусі па пэўным коле пытанняў? Сумніўна. Можа, у Р. Сікорскага, як прадстаўніка краіны, якая адносна нядаўна ўступіла ў ЕС, не хапіла б досведу для паспяховага выканання гэтай місіі? Таксама не верыцца, бо Польшча — аўтарытэтны гулец на міжнароднай арэне, наш сусед, паважаная беларусамі краіна, з меркаваннем якой у нас заўсёды лічыліся. Дык чаму ў госці адразу два міністры? Тут трэба трохі зазірнуць у няпростую гісторыю адносін Беларусі і ЕС. І сёння яны пакуль вельмі далёкія ад ідэалу. Ускладняе сітуацыю наяўнасць у Бруселі, сталіцах шэрагу еўрапейскіх краін асоб, часам уплывовых, якія выступаюць за непрымірымую пазіцыю да ўладаў Беларусі. Любыя крокі ЕС насустрач Мінску гэтым асобам і сілам здаюцца здрадай дэмакратыі, правам чалавека і агульнаеўрапейскім каштоўнасцям. А тыя палітыкі, якія выказваюцца на карысць развіцця дыялогу з Беларуссю, падвяргаюцца крытыцы. Таму, каб зменшыць яе верагодны ўдар, размеркаваць адказнасць за гэты смелы крок, думаецца, і быў наладжаны сумесны міністэрскі візіт.

І, відаць, невыпадкова абодва міністры на прэс-канферэнцыі гаварылі для "сваіх" пераважна пра маючыя адбыцца выбары — гэта самая гарачая сёння тэма пра Беларусь для замежных СМІ. Дададзім яшчэ, не вельмі добра знаёмай для іх тэмы. У гэтым сэнсе цікавае пытанне прагучала з вуснаў нямецкага журналіста да нядаўна наведаўшага Маскву Г. Вестэрвеле: ці магла б Расія быць партнёрам ЕС у справе арганізацыі выбараў у Беларусі? Інакш кажучы, трэба разумець, журналіст пытаўся пра тое, ці маюць намер ЕС і Расія аб'яднаць намаганні для ўплыву на ход галасавання. Адказ абодвух міністраў быў узорам дыпламатыі з выкарыстаннем вядомых штампаў пра свабоду, правы чалавека, дэмакратыі і г. д.

Прычым, як і належыць сапраўдным саюзнікам, міністры казалі ў асноўным пра адно і тое ж, удала дапаўнялі адзін аднаго. Так, абодва згодныя з тым, што прыняцце рашэння аб іх паездцы было правільным і адбылася яна ў правільны момант. Праўда, Р. Сікорскі ўзбагаціў выбарчую практыку адным цікавым назіраннем: для яго сумленныя тыя выбары, вынік якіх загадзя невядомы. Аднак ёсць дзясяткі прыкладаў, калі ў той ці іншай краіне бясспрэчны лідар прэзідэнцкай кампаніі станавіўся пераможцам. Вядома, такія выбары не маюць інтрыгі, сумныя. Але так часам здараецца.

Як вынікае з прэс-канферэнцыі, гасцям у Мінску было важна сказаць, што Еўрапейскі саюз вельмі зацікаўлены ў тым, каб выбары прайшлі сумленна і свабодна. Гэтая думка гучала ўвесь час. Для ЕС галоўнае, паўтаралі міністры, не сам вынік выбараў, а іх якасць у сэнсе выбарчага працэсу. Ён павінен быць бездакорным. І калі якасць выбараў задаволіць ЕС, то перад намі адкрыюцца дадатковыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва, у тым ліку і фінансавыя крыніцы. Як, напрыклад, для Малдовы, якая хутка пачне атрымоўваць дапамогу ў памеры двух мільярдаў еўра. Для Беларусі яна можа быць яшчэ больш значнай, бо яна мае і тэрыторыю, і насельніцтва большыя, чым у Малдове. Такая дапамога можа скласці яшчэ вышэйшую лічбу...

Леанід Лахманенка.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика