"ЛістаАДпад!"

Источник материала:  

55-гадовая Арнэла Муці, зорка фільма "Утаймаванне свавольніка" і славуты сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца пройдуць па чырвоным дыванку ў Мінску!

У пятніцу адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ХVІІ ММКФ "Лістапад", які працягнецца ў Мінску і абласных цэнтрах краіны да 12 лістапада.

Упершыню атрыбутам айчыннага кінафоруму стане чырвоны дыванок, па якім перад пачаткам цырымоніі ў Палацы Рэспублікі пройдуць славутасці айчыннай і замежных кінематаграфій: Уладзімір Янкоўскі, Аляксандр Яфрэмаў, Валерыя Арланава, Арнэла Муці, Вахтанг Кікабідзэ, Нані Брэгвадзэ, Эмір Кустурыца, Людміла Гурчанка і многія іншыя.

Новым старшынёй кінафестывалю стане заслужаны артыст Беларусі Генадзь Давыдзька. Расціслаў Янкоўскі, адзін з заснавальнікаў кінафорума і нязменны яго старшыня на працягу 16 гадоў, цяпер будзе сустаршынёй Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".

Квіткі на цырымоніі адкрыцця і закрыцця галоўнага кінамерапрыемства краіны каштуюць ад 20 да 40 тысяч бел. руб. Квіткі на сеансы конкурсных і пазаконкурсных паказаў абяцаюць быць не даражэйшымі за 10 тысяч. Сярод найбольш інтрыгуючых фільмаў: "Шчасце маё" Сяргея Лозніцы (Украіна) пра жыццё глыбінкі і дарогі, якія нікуды не вядуць; "Незалежнасць" Раі Марціна (Філіпіны) — фільм са шматзначнай назвай і неабыякавым для Беларусі зместам; "Я забіў сваю маці" Ксаўе Далана (Канада), якому крыху больш за 20 гадоў, але ягоныя два фільмы ўжо грымяць на ўвесь свет; дэбют Людмілы Гурчанкі ў якасці рэжысёра — фільм "Стракатае змярканне". На адкрыцці кінафорума прадэманструюць сумесны расійска-беларускі кінапраект "Брэсцкая крэпасць".

Інтэрнэт-трансляцыі ўрачыстых цырымоній "Лістапада" ў першы раз можна будзе паглядзець он-лайн на сайце "Белтэлекама" — галоўнага спонсара фестывалю. Акрамя гэтага для зручнасці аматараў незвычайнага кіно аператар сувязі наладзіў адмысловую паслугу: па нумарах 191 і 193 вы высветліце падрабязную інфармацыю пра час, месца і кошт кінапаказаў "Лістапада".

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика