Рабавалі пад выглядам міліцыянераў
У Мінску крымінальны "дуэт" адбіраў у пацярпелых грошы і мабільнікі. Першаму не пашчасціла, паводле звестак прэс-афіцэра Заводскага РУУС Тамары Рулінскай, 37-гадоваму мужчыну, на якога злачынцы напалі каля апоўначы: каб збіць няшчаснага з панталыку, на яго нават спрабавалі надзець наручнікі. Сваёй ахвяры незнаёмцы адрэкамендаваліся супрацоўнікамі міліцыі, пасля чаго бессаромна пачалі шарсціць па кішэнях. "Ліпавым" праваахоўнікам пашчасціла, бо пацярпелы меў пры сабе вялікую суму грошай. Канфіскаваўшы ў яго 500 долараў ЗША і мабільны тэлефон, злачынцы зніклі. А праз некалькі дзён іх ахвярай стаў 26-гадовы мінчанін, якога гэты крымінальны "дуэт" па аналагічным сцэнарыі абрабаваў на прыпынку "Станцыя метро "Магілёўская". А ў хуткім часе аператыўнікі Заводскага РУУС устанавілі асобы зламыснікаў. Як высветлілася, такім чынам "падпрацоўваў" 27-гадовы работнік аднаго з прадпрыемстваў сталіцы, а дапамагаў яму ў гэтым беспрацоўны. Апошні, між іншым, не ўпершыню выйшаў на "вялікую дарогу", бо меў канфлікты з правасуддзем за рабаўніцтва раней.
Ігар ГРЫШЫН.