Па ўсёй Беларусі на мэблевых фабрыках прайшлі пазапланавыя праверкі
«Мы пакуль не маем вынікаў афіцыйнага расследавання, таму кіруемся папярэднімі высновамі пра прычыны выбуху. А менавіта — праблемы з вентыляцыяй і ўтварэннем у выніку гэтага пажара- і выбуханебяспечнай канцэнтрацыі пылу», — паведаміў інжынер па тэхніцы бяспекі Лідскай мэблевай фабрыкі Сяргей Аўраменка. Ён кажа, што на ягоным прадпрыемстве аператыўна адрэагавалі на надзвычайную сітуацыю ў Пінску. «На наступны ж дзень я выдаў загад пра пазапланавую праверку сістэмы вентыляцыі і інструктажы персаналу. Рэакцыя на пінскі выбух была магутная, мы ж роднаснае прадпрыемства», — патлумачыў інжынер па ТБ. На лідскай фабрыцы праверылі як агульную сістэму вентыляцыю, так і лакальныя сістэмы аспірацыі каля кожнага станка. Прадпрыемства ўкамплектаванае ў асноўным новым абсталяваннем, таму праблем з накапленнем пылу амаль няма. Але ёсць яшчэ такія ўчасткі, дзе патрэбная асаблівая пільнасць. Сяргей Міхайлавіч расказаў, як асабіста кантралюе працу прыбіральшчыц у такіх месцах.
«Заробкі ў іх невысокія, таму многія лянуюцца. То я не даю ім падмятаць падлогу, пакуль вадой не папырскаюць, каб пыл не ўздымалі. Сам бяру пластыкавую пляшку, прабіваю цвіком дзіркі ў корку і аддаю прыбіральшчыцам. Ды яшчэ прасачу, каб выкарыстоўвалі».Пазапланавую праверку працоўных месцаў і генеральную прыборку вентыляцыйнай сістэмы зладзіў «Гомельдрэў». На гомельскай фабрыцы таксама кіраваліся папярэдняй версіяй здарэння ў Пінску. Інструктажы і агляд працоўных месцаў правялі і на «Магілёўдрэве», паведамілі ў ідэалагічным аддзеле прадпрыемства.
Нагадаем, што 25 кастрычніка на прадпрыемстве «Пінскдрэў-ДСП» прагучалі два выбухі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у выніку здарэння 2 чалавекі загінулі на месцы, 12 чалавек памерлі пазней у шпіталях. Яшчэ 6 чалавек у цяжкім стане знаходзяцца ў бальніцах Брэста і Мінска. Па факце здарэння распачатая крымінальная справа.
***
Сем’ям ахвяраў на «Пінскдрэве» можна дапамагчы грашыма
У Пінску адкрылі дабрачынны рахунак, на які можна пералічваць сродкі для сем’яў загінуўшых і пацярпелым ад выбуху на «Пінскдрэве» 25 кастрычніка 2010 г. Гэта стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням царквы святой велікамучаніцы Варвары і Пінскага гарадскога савета дэпутатаўСродкі, якія паступяць на рахунак, будуць размяркоўвацца гарсаветам сумесна з Пінскай епархіяй паміж сем’ямі загінуўшых і пацярпелых.
«Прыёрбанк», ЦБУ 506, г.ПінскКод 153001749
УНН 200320085
р/р 3015520162218
Сямён Печанко