Замест старых дрэў пасадзяць маладыя. А рыбалку забараніць нельга

Источник материала:  

"Дапамажыце: на беразе возера работнікі камунгаса паспілоўвалі ўсе дрэвы, якія мы колісь пасадзілі, каб хоць неяк абараніць уласнае жытло ад ветру! Бывала, шыфер з дахаў зрывала, а з дрэвамі трохі спакайней стала. А яны прыехалі і высеклі. Ці мелі права? Сказалі, што будуць праводзіць добраўпарадкаванне. Што гэта за работы такія? Тут жа водаахоўная зона. Няхай бы лепш на супрацьлеглым беразе добраўпарадкоўвалі!"

Такое пытанне нам адрасавала жыхарка Докшыц, па яе словах, ад насельнікаў прыватных дамоў №№ 41—49 па вуліцы Дзяржынскага, якая і прылягае да безыменнага возера, што месціцца ў рысах горада. Але, гэта было яшчэ не ўсё.

— Шэсць прыватных дамоў стаіць прыкладна ў 20 метрах ад берага. Раней тут была рачулка, тупік, а як расчысцілі бруд, стала возера. І з таго часу жыцця нам не стала. На глыбіні штыка рыдлёўкі стаіць вада — ледзь праклалі газ. Зноў жа — ад вады ідзе холад. Але найбольш даймаюць рыбакі-аматары: і машыны іх пад агароджамі ўвесь час, і "прыбіральня" на вачах, і брыдкаслоўе. Чаму мы павінны ўсё гэта цярпець? Чаму б не забараніць рыбалку цягам якіх ста метраў на беразе возера — уздоўж нашых дамоў? — расказвала і прасіла заяўніца.

Паколькі, як было сказана, возера знаходзіцца ў рысе населенага пункта, адпаведна, яно адносіцца да водных аб'ектаў фонду запасу рыбалоўных угоддзяў, паведамілі нам найперш у Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А рыбалоўныя ўгоддзі, якія складаюць гэты фонд запасу, могуць быць выкарыстаныя рыбаловамі для ажыццяўлення бясплатнага аматарскага рыбалоўства. Забараніць лоўлю рыбы аматарамі на ўсім возеры або на нейкім участку берага, як прапануе чытачка, па тых прычынах, што яна называе, нельга. Падставай, напрыклад, магло б стаць зарыбленне возера. А брыдкаслоўе... Напэўна, заяўніцы і яе суседзям ад гэтага лягчэй не будзе, але гэта — так званы чалавечы фактар. Хаця, падаецца, абвінавачваць усіх рыбаловаў агулам таксама няправільна.

Што ж датычыцца спілоўвання дрэў на беразе, дык тут сітуацыю патлумачыў намеснік кіраўніка РУП ЖКГ "Докшыцы-Камунальнік" Анатоль ШЫШКО, які сам, дарэчы, выязджаў на месца і асабіста гутарыў з заяўніцай. Ён адразу назваў яе прозвішча.

— Проста больш скаргаў і нараканняў ні ад каго з насельнікаў дамоў па вуліцы не было. І жанчыне казаў, і вам яшчэ раз скажу: на самай броўцы берага спілоўваліся старыя дрэвы — вярбы, што з цягам часу сталі паўгнілымі (гэта добра відаць на зрэзах), ператварыліся ў вербалоз, — распавёў Анатоль Станіслававіч. — Усе работы праводзіліся па ўзгадненні і з дазволу райвыканкама. Была створана спецыяльная камісія, якая і дала сваё канчатковае заключэнне. Ніякага добраўпарадкавання, акрамя высадкі кампенсацыйных пасадак новых маладых дрэў на месца ранейшых — згодна з нормамі высадкі ў водаахоўнай зоне — не будзе. А пляж сапраўды знаходзіцца на іншым беразе.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Первый по профессии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика