Дзяльба каравая
Караваі былі рознымі па форме. У Брэсцкім і Гомельскім Палессі часцей за ўсё яны аднаярусныя, у сярэдзіну ўтыкалі дзве абвітыя цестам галінкі грушы, так званыя "шышачкі". Адна з іх мела У-абразную форму ("двайчатка") і з'яўлялася знакам нявесты. Другая мела трайное разгалінаванне ("трайчатка") і была знакам жаніха.
Больш распаўсюджаны трох'ярусны каравай сімвалізаваў тры пакаленні аднаго роду. Верхні ярус, як правіла, упрыгожвалі фігуркамі выпечаных з цеста птушак (лебедзяў, галубоў), якіх абавязкова перавязвалі чырвонай стужкай васьмёркай — знакам вечнасці. Гэту частку зразалі першай і, не дзелячы, аддавалі маладым. "Вясельную долю" маладыя могуць захоўваць усё жыццё, а могуць з'есці самі, але пры гэтым ні з кім не дзяліцца. Сярэдні ярус — шырэй, сімвалізаваў сям'ю жаніха ці нявесты, таму яго дзялілі паміж членамі сям'і і яе самымі блізкімі сваякамі. Трэці, ніжні і самы вялікі, ярус сімвалізаваў увесь род, таму яго дзялілі паміж усімі астатнімі ўдзельнікамі вяселля. "Падэшву" (рэшткі) каравая, як правіла, аддавалі музыкам.
У шматлікіх рэгіёнах Беларусі існаваў такі звычай. Века дзяжы з рэшткамі каравая кідалі ў натоўп моладзі. Калі яго лавілі дзяўчаты, то яны імкнуліся выбегчы з ім у двор і кінуць на дах хаты — каб пайсці замуж за хлопцаў з суседніх вёсак. Калі ж рэшткі каравая даставаліся хлопцам, тыя кідалі іх на печ, каб дзяўчаты з іх вёскі не выходзілі замуж у іншыя вёскі.
Выносіць, дзяліць каравай павінны сваты, якія былі ў дачыненні да жаніха ці нявесты хроснымі бацькамі. Але неабходна выканаць яшчэ адно правіла вяселля — парнасць. Таму каравай выносіла і дзяліла шлюбная пара: хросны бацька са сваёй жонкай ці хросная маці са сваім мужам. Галоўнае — выбраць вартую пару, бо гэты этап вяселля, лічылася, асабліва ўплываў на будучыню маладых (падобнае павінна справакаваць, спрагназаваць падобнае).
Перад тым, як пачаць дзяліць каравай, ці падчас яго дзялення нявеста адорвала падарункамі самых блізкіх сваякоў жаніха (пра колькасць такіх падарункаў дамаўляліся загадзя, каб не пакрыўдзіць каго-небудзь з прысутных). Гэта было ні што іншае, як падзяка за тое, што яе выбралі і прынялі ў сваю сям'ю.
Каравай — знак сямейнага шчасця. Пайсці з вяселля без кавалачка каравая раўназначна таму, што вы не прымалі ўдзел у вясельнай імпрэзе. А каб маладыя надзялілі госця караваем, той прыносіў падарункі і "выкупляў" частку вясельнага каравая — сваю "долю" шчасця.
Як правіла, кавалачак каравая прыносілі дахаты і дзялілі паміж тымі, хто не быў на вяселлі, а невялікую частку маглі засушыць у якасці амулета-абярэга. Яго давалі з сабой, напрыклад, тым, хто адпраўляўся ў далёкую дарогу; бабулі клалі ў кішэнь школьнага касцюмчыка свайго ўнука, каб перасцерагчы яго ад задзірлівых дзяцей.
Калі будзеце адорваць маладых сваімі вясельнымі падарункамі, не віншуйце іх "голымі рукамі". Гэта можна рабіць толькі праз новую хустку. У такім разе маладыя будуць экранаваныя і абароненыя ад адмоўных энергетычных уздзеянняў.
Не дарыце маладым сталовыя наборы, у якіх ёсць вострыя прадметы, — гэта не на дабро.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.