Трагедыя "Пінскдрэва": колькасць загінулых дасягнула 14 чалавек
Пасля таго, як у інтэрнэт-паведамленнях з’явілася лічба 14, патэлефанавала старшыні Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў Ніне Кахновіч.
— На жаль, лічба сапраўдная, — сказала Ніна Іванаўна. — Вялікае гора прыйшло ў наш горад. Усе сем'і загінулых, пацярпелых маюць патрэбу ў падтрымцы і спачуванні...
Наконт парадку і памераў выплат пакуль што пытанне адкрытае. У некаторых ёсць, напрыклад, крэдыты за жыллё. Пакуль яны проста замарожаныя ў банках, каб не расла запазычанасць. А потым, хутчэй за ўсё, кожнаму будзе выплачана аднолькавая сума, каб сем'і маглі распарадзіцца ёй: патраціць на пагашэнне крэдытаў, на вучобу дзяцей альбо яшчэ на якія-небудзь патрэбы.
— У горы і смутку людзей стараемся падтрымліваць, як можам. У асноўным жа загінулі маладыя і здаровыя людзі, — працягвае Ніна Кахновіч. — Сярод ахвяраў аварыі ёсць 24-гадовая дзяўчына. Выпускніца сталічнай ВНУ, малады спецыяліст. Пахавалі яе ў мінулую суботу на радзіме ў вёсцы Хомск Драгічынскага раёна.
Святлана ЯСКЕВІЧ.