Ад вады да бяды...
Бабруйчанiн Мiкалай Цiханаў сёлета выратаваў жыццi трох чалавек
Мiкалая Цiханава я ведаў па рабоце ў Бабруйскiм райаддзеле мiлiцыi, дзе ён працаваў намеснiкам начальнiка па палiтычнай частцы. Чалавек ён строгiх правiл i разам з тым тактоўны, выхаваны. З такiм прыемна было мець справу. Здавалася, усё пра яго ведаў i... не. Як аказалася, ён праявiў мужнасць i мiнулым летам выратаваў жыццi трох чалавек.
Жыве Мiкалай Вiктаравiч у шостым мiкрараёне горада Бабруйска, якi ўшчыльную падыходзiць да ракi Бярэзiны. I як не пабываць на гэтай воднай артэрыi, не нацешыцца яе прыгажосцю! Тым больш ён зацяты рыбалоў. Як вольная часiна — за свае рыбацкiя снасцi i на аблюбаванае месца. Яно крыху нiжэй па цячэннi ў напрамку пасёлка Назараўка, дзе за гэткiм размашыстым кустом лазняку рачны выгiб са зваротнай плынню. Тут рыба трымаецца, лавiць яе адно задавальненне. Аднак для плыўцоў гэта мясцiна тоiць небяспеку, бо за водмеллю чатырох метраў глыбiня, плынь закручвае, з яе не так проста выбрацца, асаблiва, калi чалавек зняможаны.
У той дзень Мiкалай з’явiўся на рыбалку са сваiмi закiдамi, вудай. Размясцiўся, усё як мае быць, яшчэ звярнуў увагу, як мiма пранеслася групка дзяўчынак гадоў па чатырнаццаць. Цягае рыбку, здавалася, не адарвацца ад гэтага занятку. Раптам заўважыў дзяўчынак ў вадзе: дзве праплылi мiма, а дзвюх завярнула ў «блюдзец», i яны, як нi iмкнулiся, не маглi адтуль выбрацца. Нi туды нi сюды, вiдаць, знямоглi, бо адна пракрычала: «Я таплюся...» Другая замiтусiлася, не ведаючы, што рабiць. Мiкалай зразумеў: сiтуацыя крытычная! I ў чым быў, кiнуўся ў раку. Спачатку падплыў да той, якая прасiла аб дапамозе, i паспеў падхапiць яе i выштурхнуць на водмель. Потым узяўся за другую... Усё адбылося iмгненна, але колькi ўнутранага напружання гэта запатрабавала: запазнiся на якую долю секунды — не пазбегнуць бяды.
Дапамог дзяўчынкам выбрацца на бераг, тыя загаласiлi... Яшчэ колькi часу адыходзiлi, а потым узнялiся i пацiху пабрылi па беразе.
Пасля гэткай «устрэскi» брацца за вуду не надта хацелася. Тым не менш рыба iшла добра, бы хто падсылаў яе, нават шчупака кiлаграмы на тры падчапiў. У «Дзённiку рыбалова», якi вядзе вось ужо на працягу амаль дзесятка гадоў, адзначыў гэты факт. А яшчэ запiсаў: «Лепей лавiць рыбу, а не «вывуджваць» з ракi людзей...»
Ды толькi, мо, наканаваў сабе, бо ўжо праз 5 дзён давялося змагацца яшчэ за адно жыццё.
На гэты раз ён выбраўся на аблюбаванае месца разам з жонкай. Пакуль прыладжваў вуды, жонка азiрала наваколле. Раптам яна закрычала:
— Мiкола, дзяўчына топiцца!
Мiкалай адарваў позiрк ад вуды i ўбачыў метрах у пятнаццацi ад берага дзяўчынку, якая то з’яўлялася над вадой, то хавалася пад ёй, i несла яе ў небяспечную кругаверць... Здавалася, з хвiлiны на хвiлiну дзяўчынка пойдзе пад ваду. Толькi падплыў да яе, як яна схапiла яго за шыю, ледзь сам не пайшоў на дно. Аднак змог вызвалiцца ад яе «абдымкаў», выштурхнуў на паверхню... Калi да дзяўчыны вярнулася прытомнасць, толькi i сказала: «Я думала мелка...»
— Ведаеце, — расказвае Мiкалай, — наколькi добрае маё месца, настолькi яно i злое. Лiтаральна за некалькi дзён да гэтага выпадку тут утапiлася васямнаццацiга-довая дзяўчына. Яна плавала з малодшай па ўзросце сяброўкай. На кругаверць iх зацягнула, дык старэйшая выштурхнула малодшую на водмель, а сама... Зараз на тым месцы камень устаноўлены з надпiсам «Валюха» i гадамi яе жыцця. Эх, — уздыхае Мiкалай, — каб я быў у той дзень...
Аднак тры ўратаваныя жыццi – гэта таксама немалаважна. Тым больш летась выцягнуў з вады дачку свайго таварыша. Яшчэ раней — хлапчыну, якi прыйшоў на раку з п’янай мацi, тая i не зразумела, што адбылося... Канешне, вырата-вальнiк i сам рызыкаваў, але iнакш не мог паступiць.
Гарадская арганiзацыя Таварыства выратавання на водах, як паведамляе яе кiраўнiк Аксана Карсакова, падрыхтавала хадайнiцтва аб узнагароджаннi Мiкалая Цiханава за яго мужныя ўчынкi.
Што ж, гэта будзе справядлiва!
На здымку: Мiкалай Цiханаў на добрым-злым месцы.
Фота: Аляксандр АНТАШКЕВIЧ