Вясельны каравай і падарункі маладым
Феноменам беларускага народнага вяселля з'яўляецца каравай. Доўгая і складаная працэдура яго прыгатавання суправаджалася спецыфічнымі рытуальнымі дзеяннямі, багатымі на асацыяцыі слоўнымі формуламі, велізарнай колькасцю абрадавых песень.
На жаль, у наш час сакрэты выпякання гэтага некалі абавязковага рытуальнага хлеба паступова губляюцца. На змену яму прыходзіць далёка не раўназначны гарадскі торт. Пры гэтым тыя, хто яго заказвае, і тыя, хто гатуе, нават і не здагадваюцца, колькі памылак яны дапускаюць і якія наступствы гэта будзе мець з цягам часу для маладой сям'і!
Выкарыстанне хлеба ў розных яго выявах: збожжа, бліны, куцця, каравай — мела велізарнае агульнакультурнае значэнне. Ён сімвалізаваў сабой заканчэнне аднаго і пачатак іншага этапу ў жыцці чалавека. Выпечаны хлеб падкрэсліваў закончанасць (смерць) адной фазы, а збожжа (тое, што працягвае жыццё, дае яму новы імпульс) канстатавала пачатак (нараджэнне) іншай. На вяселлі каравай сведчыў пра заканчэнне юнацкасці жаніха і нявесты.
Каравай выпякаўся толькі адзін раз — пры першым шлюбе. Калі мужчына ці жанчына стваралі другую сям'ю, рытуальны хлеб не выпякалі, а значыць, і не дзялілі паміж членамі роду.
Як правіла, на вяселле выпякалі два караваі: адзін — для радні нявесты, другі — для радні жаніха.
Рытуальны хлеб выпякалі 5-7 жанчын-каравайніц, галоўнай сярод якіх была хросная маці жаніха ці нявесты. Ніколі не запрашалі ўдзельнічаць у гэтым рытуале ўдоў, разведзеных ці бяздзетных жанчын.
Хлеб-каравай — знак-прадказанне, своеасаблівая кніга будучага жыцця маладых людзей. У Ляхавіцкім раёне нам распавялі пра такі выпадак. Тапіў печ, мясіў цеста, ставіў рошчыну, садзіў каравай у печ родны дзед нявесты. Калі ён дастаў каравай, аказалася, што хлеб меў глыбокую суцэльную расколіну. Усе прысутныя ахнулі: благі знак, жыць у пары не будуць. Дзеду параілі паўтарыць замес і спячы новы каравай. Аднак і ў другі раз адбылося тое ж самае. Вяселле адгулялі, але сям'я праіснавала роўна месяц.
З моманту падрыхтоўкі каравая і да пачатку рытуалу яго дзялення паміж удзельнікамі вясельнай імпрэзы абрадавы хлеб трэба сцерагчы. Лепш за ўсё накрыць яго ручніком і захоўваць далей ад людскіх вачэй.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.