Падарожнічалі з выразкай са "Звязды"
Рэха публікацыі
Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты "Звязда".
З задавальненнем прачытаў цыкл матэрыялаў пра Іспанію Глеба Лабадзенкі — "Некалькі парад перад вашай паездкай у Барселону" і інш., якія аказаліся для мяне вельмі дарэчы.
У кастрычніку набыў пуцёўку-тур па Еўропе на аўтобусе ў турыстычнай мінскай фірме "Турлюкс". Тыдзень адпачывалі ў Іспаніі. Наведалі Вену, італьянскія гарады Мілан і Верону і, нарэшце, нямецкі Мюнхен. 21 дзень праляцеў, як кажуць, на адным подыху.
У час знаходжання на міжземнаморскім узбярэжжы Іспаніі 2 разы пабывалі ў Барселоне, пра якую я ўжо быў дасведчаны дзякуючы Г. Лабадзенку. Выразкі са "Звязды" даваў чытаць сябрам па падарожжы. Уражанняў шмат, але ўсё ж лепш усё ўбачыць сваімі вачыма.
Прыемна было чуць у Мілане ад мясцовага рускамоўнага гіда, што апошнім часам у Мілане (у Італіі) пачалі адпачываць і беларусы. Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка хочацца адзначыць вадзіцеляў аўтобуса Генадзя Ляговіча і Валерыя Мурашку, дзякуючы якім аўтобус "Неаплан" паслухмяна пераадолеў тысячы кіламетраў па еўрапейскіх дарогах. Аўтобус належыць ПУП "Забудова", што ў пасёлку Чысць. Выклікала гордасць, калі наш беларускі аўтобус праязджаў па вуліцах еўрапейскіх гарадоў. Яго было лёгка адшукаць нам, турыстам, сярод іншых. З намі было і некалькі расіян. Яны казалі: "Пра "Забудову" мы чулі, бо менавіта гэтае прадпрыемства дапамагае нам у будаўніцтве жылля для пагарэльцаў сёлетняга лета".
Віншуем вадзіцеляў (сапраўды першакласных) з надыходзячым прафесійным святам і жадаем Генадзю Віктаравічу і Валерыю Восіпавічу шчаслівых безаварыйных дарог.
З павагай, Фёдар ПАЦЭЙКА.
г.п. Ушачы.