Беларуская партыя «Зялёныя» выступіла з заявай у справе выбуху і пажару на «Пінскдрэве». Партыя адзначае, што «Пінскдрэў» раней неаднаразова рабіўся аб’ектам крытыкі праз забруджванне паветра. Аднак на скаргі грамадзян нязменна прыходзілі адпіскі аб нібыта «чыстым паветры» у дадзеным раёне горада.
На жаль, у Беларусі існуе практыка патуранне горадаўтваральным і валютаўтваральным прадпрыемствам, да якіх адносіцца «Пінскдрэў», пішуць экалагісты. Яскравым прыкладам з’яўляецца, на думку экалагістаў, і «Беларуськалій». Дзейнічае заганная практыка зацвярджэння нарматываў забруджвання з улікам так званага прынцыпу «эканамічнай абгрунтаванасці».
25 кастрычніка менавіта недапушчальнае забруджванне навакольнага асяроддзя ў выглядзе драўнянага пылу прывяло да гібелі людзей.
На думка «Зяленых», дзяржава рызыкуе жыццямі людзей дзеля атрымання прыбыткаў.
Беларуская партыя «Зялёныя» патрабуе ад урада неадкладнага ўзмацнення кантролю над забруджваннем навакольнага асяроддзя на горадаўтваральных і валютаўтваральных прадпрыемствах і поўнага адмовы ад прынцыпу «эканамічнай абгрунтаванасці» нарматываў забруджвання. Прадпрыемствы, якія не могуць ўкласціся ў экалагічныя нарматывы, павінны быць зачынены, мяркуюць «Зялёныя».
Мікола Бугай