У НДІ працы і сацыяльнай абароны прапануюць ствараць агенцтвы пазыковай працы і дазволіць ІП наймаць не толькі сваякоў

Источник материала:  

Такое меркаванне выказала дырэктар НДІ працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Святлана Шаўчэнка на навукова-практычнай канферэнцыі, што праходзіла ў Навукова-даследчым эканамічным інстытуце Мінэканомікі.

  — Як паказвае вопыт краін з развітай рыначнай эканомікай, найбольш цікавым інструментам тут з'яўляецца развіццё гнуткіх формаў занятасці і прымяненне інстытута пазыковай працы, — сказала Святлана Васільеўна. — Гэта будзе садзейнічаць уцягванню ў занятасць тых, хто вымушаны спалучаць працу і выхаванне дзяцей, вучобу, догляд пажылых і хворых членаў сям'і, а таксама тых, хто з-за недастатковай кваліфікацыі мае цяжкасці ў працаўладкаванні.

Адной з найбольш цікавых формаў гнуткай занятасці Святлана Шаўчэнка лічыць агенцтвы пазыковай або часовай працы, якія даволі распаўсюджаныя ў краінах Еўрасаюза. Сутнасць заключаецца ў тым, што агенцтва прадастаўляе працаўніка пэўнай кваліфікацыі ў распараджэнне трэцяй асобы (фірмы) для выканання пэўнай працы. Пры гэтым працаўнік слухае ўказанні гэтай фірмы, але сацыяльную адказнасць (сацыяльнае страхаванне, павышэнне кваліфікацыі і г.д.) за яго нясе агенцтва.

Стварэнне такіх агенцтваў павінна вырашыць яшчэ адну задачу — вымушанай няпоўнай занятасці, калі прадпрыемствы маюць лішнюю працоўную сілу і працуюць у страту сваёй рэнтабельнасці, бо не могуць звольніць людзей, каб захаваць сацыяльную стабільнасць у грамадстве. Як адзначыла Святлана Шаўчэнка, сёлета сітуацыя пачынае паляпшацца, усё роўна зараз мае няпоўны працоўны дзень у 2 разы болей працаўнікоў, чым у дакрызісны 2008 год.

Што датычыцца дазволу індывідуальным прадпрымальнікам наймаць не толькі сваіх сваякоў, то Святлана Шаўчэнка лічыць такую меру даволі актуальнай:

— Я лічу, што абмежаванне з наймам ІП працаўнікоў наспела неабходнасць здымаць, бо гэта ў пэўнай ступені тармозіць развіццё прадпрымальніцтва. І мэтазгодна было б зняць гэтае абмежаванне дзеля вырашэння праблем уцягнення лішняй працоўнай сілы ў актыўную легальную занятасць з ліку тых, хто сёння з'яўляецца эканамічна неактыўнымі грамадзянамі.

Наогул, як адзначыла Святлана Шаўчэнка, у нашай краіне зніжаецца колькасць працоўных рэсурсаў, што звязана з уступленнем у працаздольны ўзрост малалікіх грамадзян, што нарадзіліся ў 90-я гады. І калі ў 2009 годзе працаздольнае насельніцтва ў працаздольным узросце ад агульнай колькасці насельніцтва складала 62,5  %, то, паводле прагнозаў, да 2015 года гэты паказчык упадзе да 59  %. Што датычыцца занятасці насельніцтва, то за апошні час тэмпы росту занятасці насельніцтва запавольваюцца, што звязана з памяншэннем стварэння новых працоўных месцаў у эканоміцы: калі ў 2008 годзе было створана больш за 71 тысячу, то ў 2009 — толькі 65 тысяч. Прычым калі ў 2008 годзе колькасць прынятых на працу была большая на 4  % за колькасць звольненых, то ў 2009 годзе наадварот — колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу. Як адзначыла Святлана Шаўчэнка, на жаль, такая тэндэнцыя працягваецца і ў 2010 годзе.

Пэўныя змены зараз адбываюцца і ў галіне міграцыі. На працягу доўгага часу ўезд працоўных мігрантаў на тэрыторыю Беларусі быў меншы, чым выезд. Аднак у 2009 годзе сітуацыя памянялася і колькасць тых, хто ўехаў, перавысіла колькасць тых, хто выехаў за межы Беларусі. Так адбылося з-за памяншэння ў 2009 годзе на 33  % колькасці выехаўшых грамадзян (у параўнанні з 2008 годам) і з-за больш чым 2-разовага росту колькасці працоўных мігрантаў, якія прыбылі. Аднак знешняя працоўная міграцыя пакуль не аказвае істотнага ўплыву на агульную занятасць насельніцтва, бо працоўныя мігранты, якія ўехалі, складаюць толькі 0,1  % ад усіх занятых у эканоміцы краіны. Адначасова назіраецца рост і ўнутрырэспубліканскай міграцыі: у 2009 годзе амаль 245 тысяч чалавек ажыццяўлялі перамяшчэнне па тэрыторыі краіны са зменай месца жыхарства. Маштабы афіцыйнага беспрацоўя застаюцца ў нашай краіне невысокімі.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←«Зелёные» сделали заявление по взрыву на «Пинскдрев»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика