Выпуск айчыннага лекавага сродку летась удвая перавысіў імпарт шкіпінарнай мазі

Источник материала:  

Вяртаючыся да надрукаванага

А неўзабаве будзе арганізаваная і вытворчасць беларускага "Карвалолу"

У нумары "Звязды" ад 13 жніўня пад рубрыкай "Ідэю прапануе чытач" быў надрукаваны матэрыял "Сыравіна ў нас свая і амаль бясплатная". У ім ветэран працы з Іўя Леанід Уладзіміравіч Трафімчык заўважаў, што мусіць рэгулярна прымаць шматлікія лекі, у тым ліку і імпартныя. На фоне гэтага ў чытача і ўзнікла пытанне: а чаму б гэтыя лекі не вырабляць у сваёй краіне? У якасці прыкладу прыводзіў халасас для лячэння печані, які завозяць да нас з Алтайскага краю. "Сыравінай для яго вытворчасці з'яўляецца шыпшына. А што, у нас яе няма?", — задаваў пытанне Леанід Уладзіміравіч. А шкіпінарная мазь для суставаў, працягваў ён далей. І сам жа тлумачыў, што завозяць яе з Украіны, а сыравіна — гэта вынікі сухой перагонкі сасновых і яловых карчоў. "Ці ж гэтага ў нас няма?", — усклікаў чытач...

Прапановы спадара Трафімчыка мы накіравалі ў Беларускі дзяржаўны канцэрн па вытворчасці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прадукцыі (далей — канцэрн "Белбіяфарм"). На падставе афіцыйнага адказу адтуль заяўніку і былі дадзены падрабязныя тлумачэнні. У прыватнасці, што шкіпінарная мазь у тубах па 15 і 25 г не вырабляецца прадпрыемствамі канцэрна з 2006 года ў сувязі з вялікім асартыментам іншых мазяў на аснове шкіпінару. Гаварылася ў адказе і пра агульныя рэчы: павялічэнне асартыменту імпартазамяшчальных лекавых прэпаратаў (што з'яўляецца эканоміяй для бюджэту), выпуск больш танных айчынных аналагаў імпартным лекам (тут гаворка пра "кішэню" насельніцтва)...

Аднак днямі Леанід Уладзіміравіч зноў даслаў у рэдакцыю ліст, дзе фактычна паўтарае ранейшыя пытанні. Хіба толькі ў якасці дадатковых аргументаў на карысць сваёй праўды спрабуе аспрэчыць прыведзеныя канцэрнам у мінулы раз факты, лічбы. Дадаткова згадвае пра малыя пенсіі, а таксама наракае, што атрыманы ім адказ з "Белбіяфарма" быў не на роднай мове, хоць ён пісаў ліст менавіта на ёй...

Канцэрн па паўторны запыт адрэагаваў афіцыйным адказам наступнага зместу.

"У нашым папярэднім лісце нідзе не ўказана, што імпарт перавышае экспарт. Наадварот, у цэлым па канцэрне за мінулы год экспарт перавышае імпарт на 5,8 мільёна долараў ЗША, што з'яўляецца паказчыкам эфектыўнасці працы канцэрна. Засваенне новых лекавых сродкаў дазволіла замясціць іх імпарт у краіну больш чым на 30 мільёнаў долараў ЗША.

Халасас з'яўляецца сіропам са згушчанага воднага экстракту пладоў шыпшыны і цукру. Адным з прадпрыемстваў канцэрна выпускаюцца разнастайныя сіропы на аснове экстракту пладоў шыпшыны — "Разавіт", "Шыпавіт", а таксама "Сіроп шыпшыны на фруктозе", які не ўтрымлівае цукру (для прыёму хворымі на цукровы дыябет ці тымі, хто захоўвае дыету). Гэтыя сіропы айчыннай вытворчасці маюць больш нізкую цану ў параўнанні з імпартным халасасам, што станоўча адбіваецца на росце папулярнасці сярод насельніцтва, у тым ліку ў малазабяспечаных слаёў.

Шкіпінарная мазь змяшчае ў якасці дзейнага кампанента шкіпінар (алей церпенцінны, жывічны алей). Як ужо было ўказана ў папярэднім адказе, прадпрыемствамі канцэрна выпускаецца лекавы сродак "Алей церпенцінны, 25 мл", што змяшчае асноўнае дзейнае рэчыва мазі шкіпінарнай, але мае больш выражаны і хуткі эфект. Да таго ж, кошт такога сродку ў тры разы меншы за кошт мазі шкіпінарнай імпартнай вытворчасці. Акрамя таго, у асартыменце прадпрыемстваў маецца нямала іншых танных і эфектыўных лекавых сродкаў, што выкарыстоўваюцца пры захворваннях мышцаў і суставаў. Гэта "Кетапрафен" і мазі "Ібупрафен", "Дыклафенак", "Віпрабел", "Гэвкамен", "Хандраарт" і "Хандраксід".

Пытанні зацвярджэння памераў пенсій ляжаць па-за кампетэнцыяй канцэрна "Белбіяфарм". Аднак канцэрнам прымаюцца меры па забеспячэнні насельніцтва даступнымі лекавым сродкамі практычна ўсіх фармакалагічных груп. Так, па выніках аналізу рынка рэспублікі міжнароднай даследчай кампаніяй "Фармэксперт" па выніках 2009 года, сярэдні кошт упакоўкі лекавага сродку айчыннай вытворчасці складае 0,68 долара, у той час як імпартны лекавы сродак мае кошт у 3-4 разы вышэйшы.

Правільнасць рашэння па арганізацыі выпуску на карысць алею церпянціннага пацвярджае аб'ём яго рэалізацыі: у 2009 годзе на рынак было пастаўлена яго ў два разы больш, чым увезена мазі шкіпінарнай.

Зараз у рэспубліцы не вырабляецца лекавы сродак "Карвалол". Аднак ужо набытая вытворчая лінія па выпуску гэтага лекавага сродку. Пасля вырашэння тэхналагічных пытанняў, пусканаладачных работ і рэгістрацыі будзе наладжаны выпуск карвалолу айчыннай вытворчасці.

Арганізацыя выпуску лекавага сродку "Эленіум" (хлордыязепаксід) не прадугледжваецца ў сувязі з нізкай патрэбай у гэтым лекавым сродку, а таксама па прычыне засваення больш сучасных, эфектыўных і бяспечных лекавых сродкаў з групы транквілізатараў (дыазепам, алпразалам).

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←«Зелёные» сделали заявление по взрыву на «Пинскдрев»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика