У Пінску ўчора развіталіся з траімі загінулымі пры выбуху на заводзе ДСП
Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца аддзела ідэалагічнай работы Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак.
26-гадовы Яўген Рапута (аператар аўтаматычных і паўаўтаматычных ліній), 38-гадовы Ігар Муга і 52-гадовы Міхаіл Старадуб (абодва слесары-рамонтнікі) пахаваныя на пінскіх гарадскіх могілках.
Па жаданні сваякоў гарадской паніхіды не было. Аднак горад смуткуе разам з сем'ямі загінулых і пацярпелых. Учора ў Пінску адменены забаўляльныя мерапрыемствы. Спачуванні сем'ям загінулых і словы спачування пацярпелым у выніку выбуху і ўзгарання ў цэху ДСП ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" накіравалі Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт і абласны Савет дэпутатаў.
Цяпер у бальніцах прадаўжаюць заставацца 18 пацярпелых у час трагедыі: у тым ліку 6 чалавек — у Пінску, 5 — у брэсцкай абласной бальніцы, 7 — у Мінску ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры. У большасці з іх даволі вялікая плошча апёкаў, многія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, іх стан ацэньваецца як стабільна цяжкі. Дадатную дынаміку медыкі адзначаюць у трох пацярпелых, якія праходзяць лячэнне ў Пінску.
СТАА "Пінскдрэў-ДСП", на якім 25 кастрычніка адбыўся выбух, зачынены. Яго работнікі, якія не пацярпелі, працаўладкаваныя на іншых прадпрыемствах ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар па рабоце з персаналам ЗАТ "ХК "Пінскдрэў" Міхаіл Галавешкін.
Паводле яго слоў, да НЗ у СТАА "Пінскдрэў-ДСП" працавалі 180 чалавек. Усім працаздольным работнікам на выбар прапанаваныя месцы на іншых прадпрыемствах, у прыватнасці на фанернай і запалкавай фабрыках, лесапілцы і інш.