“Брэсцкі зубр” — добры сябар “Пітсбургскага пірата”. Чыста амерыканская спартыўная гульня бейсбол “прапісалася” ў Брэсце

Источник материала:  
“Брэсцкі зубр” — добры сябар “Пітсбургскага пірата”. 
Чыста амерыканская спартыўная гульня бейсбол “прапісалася” ў Брэсце

У берасцейскіх прыхільнікаў маленькага мячыка і ўнушальнай біты ёсць набыткі далёка не мясцовага маштабу. Вось навіна нумар адзін. Адразу шэсць бейсбольных клубаў ЗША звярнуліся з прапановамі супрацоўніцтва да вучня 11-га класа брэсцкага ліцэя № 1 Аляксея Лукашэвіча.

Амерыканцы ўбачылі брастаўчаніна, калі ён у ліку 50 лепшых бейсбалістаў Еўропы вучыўся ў акадэміі бейсбола вышэйшай лігі ЗША, што працавала ў італьянскім горадзе Тырэнія. Але ігрок каманды “Берасцейскія зубры” выбраў толькі адну з шасці прапаноў — падпісаў кантракт на сем гадоў з найпрэстыжнейшым клубам свету “Пітсбургскія піраты”.Бейсболам Аляксей займаецца з шасці гадоў. З першых крокаў ляпіў з яго майстра родны бацька Ігар Лукашэвіч, які лепшыя гады жыцця аддаў развіццю бейсбола ў Брэсце. На сённяшні дзень каманда “Брэсцкія зубры”, якую ён трэніруе, адна з мацнейшых на абсягах СНД. А сын Аляксей у Злучаных Штатах будзе не толькі гуляць, але і вучыцца ва ўніверсітэце горада Саракоста.А тым часам бейсбол у Брэсце не стаіць на месцы. У кастрычніку ў горадзе над Бугам адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў Беларусі бейсбольна-сафтбольнага стадыёна. Збудаванне месціцца сярод іншых вядомых і сучасных спартыўных аб’ектаў абласнога цэнтра: лёгкаатлетычнага манежа, лядовага палаца, палаца водных відаў спорту, бейсбольнага стадыёна для трэніровак і гульняў старэйшых каманд. Новы стадыён з’яўляецца шматфункцыянальным і дае магчымасць разгрузіць асноўны стадыён пад трэніроўкі і спаборніцтвы сямі асноўных рознаўзроставых каманд клуба.Стадыён адпавядае міжнародным стандартам, на ім ёсць магчымасць праводзіць рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы, а таксама турніры па сафтболе — жаночым варыянце гульні. Клуб ужо пачаў набор дзяўчынак. У клубе сёння займаюцца 120 дзяцей, пачынаючы з 5—6 гадоў. А дарослая каманда “Брэсцкія зубры” не мела сабе роўных у дзевяці чэмпіянатах краіны.Пасля ўрачыстага адкрыцця новы стадыён адразу, як кажуць, абнавілі — прайшоў першы міжнародны турнір па бейсболу на Кубак прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсце. Удзельнічалі восем каманд з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Украіны ды Літвы.Кошт новага спартыўнага аб’екта — 400 мільёнаў рублёў, пабудаваны ён за сродкі гарадскога бюджэту. Замежныя трэнеры ды ігракі адзначылі высокую якасць будаўніцтва і дружна паставілі аб’екту адзнаку “выдатна”. Па меркаванні гасцей Брэста, што прыехалі сюды з мячыкамі ды бітамі, такога спецыялізаванага комплексу няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Ён спалучае ў сабе выдатную інфраструктуру, кампактнасць і цудоўныя ўмовы для правядзення спаборніцтваў рознага ўзроўню.У свой час — а гэта крыху болей за 10 гадоў таму — менавіта Брэст стаў першапраходцам развіцця бейсбола ў Беларусі. Цяпер ён гатовы даць штуршок для з’яўлення ў краіне і жаночага напрамку гэтага віду спорта — сафтбола. Прынцыповае адрозненне ад мужчынскай гульні ў тым, што спаборніцтвы ідуць на меншай па памерах пляцоўцы, а вось мячык у сафтболе большы, чым у бейсбалістаў, таму па ім лягчэй папасці.Бейсбол, які жартаўнікі ад спорту называюць культурна-спартыўным варыянтам рускай лапты, паспяхова крочыць ад граніц дзяржавы да іншых рэгіёнаў як красамоўны сімвал таго, што ў прынцыпе адна і тая ж гульня можа стаць архаізмам, а можа, наадварот, заваяваць свет. Галоўнае — мець канструктыўны да ўсяго падыход.

←Радасныя клопаты. У бліжэйшы час у Брэсце пачнецца будаўніцтва новага раддома

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика