Не ўвесь лом і адходы чорных і каляровых металаў можна здаць ананімна
“Урад Беларусі зацвердзіў пералік відаў другаснай сыравіны, даходы ад здачы якой юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам не падлягаюць абкладанню падаходным падаткам з фізічных асобаў. Як вынікае з пастановы Савета Міністраў, ва ўказаны пералік увайшлі лом і адходы чорных і каляровых металаў у выглядзе прадметаў, скупку якіх дазволена праводзіць нарыхтоўчымі арганізацыямі ў фізічных асобаў за наяўны разлік. Акрамя гэтага, у пералік ўключаныя макулатура, другасныя тэкстыльныя матэрыялы, другасныя полімерныя матэрыялы, шклабой, а таксама сыравіна другасная гумавая...”
Хто гэта прыдумаў, не абараніўшы працоўных, іх жыллё, могілкі?
Іван КУЗЬМЯНКОЎ, вёска Лыкава Магілёўскага раёна.
Напачатку трэба сказаць, што ўвесь першы абзац з прыведзенага вышэй ліста чытача — гэта ксеракопія прыкладзенай да яго часткі нейкага газетнага матэрыялу пад назвай “Якую другасную сыравіну трэба здаваць?” Выданне рускамоўнае, але ні яго назвы, ні даты публікацыі заяўнік не пазначыў. Ад сябе ён дадаў літаральна адзін сказ, таму цяжка зразумець, што дакладна ён меў на ўвазе. Можна толькі меркаваць, што спадар Кузьмянкоў чамусьці напалоханы, што ў якасці лому чорных і каляровых металаў нядобрасумленныя людзі будуць здаваць бытавыя рэчы, а таксама, магчыма, прадметы з могілак кшталту агароджаў, якія будуць красці? Раз-пораз пра такія здарэнні паведамляецца. Але ж гэта не азначае, што такія выпадкі — масавыя, так? Тады што ж так занепакоіла чытача?
Тым не менш па каментар мы звярнуліся ў вытворчы аддзел прадпрыемства “Белдругрэсурсы” і аддзел нарыхтовак “Мінсккаапдругрэсурсы”. У абодвух выпадках нам паведамілі, што ў сваёй працы — закупцы лома і адходаў чорных і каляровых металаў у насельніцтва (грамадзян) — кіруюцца аднайменнай пастановай савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.10.2006 г. №1331. Ніякіх новых дакументаў пасля названай даты не прымалася. А распрацаваны гэты дакумент якраз і быў у мэтах узмацнення барацьбы з крадзяжамі каштоўных, чорных і каляровых металаў, іх лому і адходаў.
Зацверджаны пералік прадметаў з чорных і каляровых металаў, закупку якіх дазволена праводзіць у насельніцтва (грамадзян) у якасці металалому. У ім 18 пунктаў. Так, прыняць ад грамадзян могуць: аўтамабілі легкавыя, матацыклы, веласіпеды, іх часткі, вузлы і дэталі да іх; аўтамабілі грузавыя, прычэпы да іх, іх часткі, вузлы і дэталі да іх; галантарэйныя вырабы; гаражна-рамонтнае абсталяванне; канцылярскія, школьна-пісьмовыя і чарцёжныя прыналежнасці; кухонны і пячны рыштунак; адходы будаўнічыя; прадметы хатняга ўжытку; сантэхнічнае, водаправоднае і ацяпляльнае абсталяванне; сельскагаспадарчыя машыны, іх часткі, вузлы і дэталі да іх; сельскагаспадарчая тэхніка для апрацоўкі прысядзібных (дачных) участкаў, яе часткі, вузлы і дэталі да яе, садова-агародны рыштунак; скабяныя і нажавыя вырабы; спартыўныя, паляўнічыя і рыбалоўныя прыналежнасці; сталярны, цяслярны і абутковы інструмент; судны рачныя маламерныя (лодкі, катамараны і іншыя), іх дэталі і камплектуючыя да іх, у тым ліку навясныя маторы; мастацкія вырабы; часавыя механізмы, радыё- і электратавары; электрабытавая тэхніка, яе часткі і дэталі да яе. Прычым, варта падкрэсліць асобна, што шэраг прадметаў з чорных і каляровых металаў, закупку якіх дазволена праводзіць ў насельніцтва ў якасці металалому, у грамадзян нарыхтоўчыя арганізацыі прымуць толькі з рэгістрацыяй звестак, што сведчаць асобу чалавека, які здае такія прадметы, месца яго пражывання, наймення такіх прадметаў. Гэта аўтамабілі грузавыя, прычэпы да іх, сельскагаспадарчыя машыны, а таксама — у абодвух выпадках — іх часткі, вузлы і дэталі да іх. Названыя звесткі ўносяцца ў спецыяльны журнал уліку.
У абодвух прадпрыемствах запэўнілі, што патрапіць у лік металалому агароджы з могілак, напрыклад, або мемарыяльныя пліты папросту не могуць — іх не прымуць, нават калі будзе спроба здаць. А калі недзе такія выпадкі і здараюцца, пра што мы згадвалі, гаворка ў такіх сітуацыях ідзе, напэўна, найперш пра камерсантаў, якія займаюцца нелегальным бізнэсам па зборы і продажы металалому за межы краіны.