За выкінутае смецце — штраф да мільёна

Источник материала:  

"Хто за гэта адкажа? Як з гэтым змагацца?" — увесь тыдзень пытаюцца чытачы. У пошуках праўды ў рэдакцыю звярнулася наша чытачка Алена з Наваполацка. "Што я магу зрабіць, калі за руку злавіла суседа, які выкідвае смецце з акна на тратуар? Магу напісаць заяву ў міліцыю? Якія меры да яго могуць быць прынятыя?"

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што ў прынцыпе такую заяву ў міліцыю напісаць можна. Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзеянні вашага суседа падпадаюць пад арт. 17.1 "дробнае хуліганства" альбо пад арт. 21.16 "парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі". У першым выпадку заява будзе разглядацца ў самім аддзяленні міліцыі. Тады ваш сусед можа атрымаць штраф ад дзвюх да 30 базавых велічынь (ад 70 тыс. да мільёна рублёў) ці адміністрацыйны арышт. Справа таксама можа быць перададзена і ў ЖЭУ. Там да парушальніка могуць паставіцца па-рознаму: правесці прафілактычную размову на першы раз і адпусціць альбо, калі сітуацыя паўтараецца, прымяніць артыкул 21.16. І тады суседу "свеціць" штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.

Толькі варта не забываць, што віну вашага суседа яшчэ давядзецца даказаць. Павінны быць паказанні сведак альбо фотаздымкі, на якіх дакладна можна вызначыць, што гэта ён.

...Так што купляем фотакамеру і ходзім на курсы паляўнічых, бо ў прыдарожных кустах прыйдзецца сядзець не адну гадзіну. Галоўнае, каб не аказалася, што гэты пакет са смеццем выкідваюць вашы сваякі.

— Двор у нашай хрушчоўцы невялікі, аднак увесь застаўлены машынамі. Ды так, што нават некаторыя стаяць на газоне. Дзецям фактычна няма дзе гуляць. Як з гэтым змагацца?

Кацярына, Мінск

Мінск

— Варта звярнуцца ў ДАІ. Аднак калі вы проста патэлефануеце інспектару, то парушальнік можа паспець з'ехаць, і ДАІ не зафіксуе парушэнне, — кажа Валерый Найдзенка, начальнік аддзела ДАІ Партызанскага РУУС Мінска. — Таму лепш за ўсё сфатаграфаваць машыну, каб і нумар быў бачны. Згодна з часткай першай арт. 18.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях ("парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі") такога вадзіцеля будзе чакаць папярэджанне ці штраф да адной базавай велічыні (35 тыс.). А згодна з арт. 15.22 таго ж кодэксу ("незаконнае знішчэнне дрэў, кустоў і іншай расліннасці"), яго чакае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.

... Мае знаёмыя скардзяцца не толькі на машыны, але і на "аматараў спіртных напояў, колькасць якіх перавышае колькасць аўтамабіляў у іх доме. Па іх словах, злучэнні аміяку ў такой колькасці не менш шкодныя за пратэктары шын.

— У нашым доме цікавая сітуацыя з вадой. Яна рознай тэмпературы ў розны час сутак. Напрыклад, днём да абеду — цёплая, пасля абеду і да вечара — гарачая. А ноччу — ізноў цёплая. Атрымліваецца, што, калі я прыходжу дадому ноччу і хачу памыцца, то я трачу больш гарачай вады, таму што яна ніжэйшай тэмпературы, і халодную "для разбаўкі" я не падключаю. У жыроўках, вядома, тэмпература і кошт не ўплываюць на суму. Я плачу за гарачую ваду ў 50 градусаў... Фактычна мяне прымушаюць пераплачваць. Наколькі гэта законна?

Валянціна Сяргееўна, Гродна.

, Гродна.

Па сацыяльных стандартах гарачая вада з тэмпературай 50 градусаў Цэльсія павінна цячы з 6.00 да 00.00. Як паведамілі ў дыспетчарскай службе Міністэрства ЖКГ, у некаторых месцах дзеля эканоміі гарачая вада ноччу адключаецца.

— Уявіце, што значыць падтрымліваць гарачую ваду пастаянна для ўсяго горада, — адказалі ў дыспетчарскай службе. — Калі б так не было, то гэта адлюстравалася б у "жыроўках". І аплата за кватэру павысілася б.

Тэмпература вады днём зніжацца можа таксама. У мэтах той жа эканоміі. Аднак жыхароў павінны пра гэта абавязкова папярэджваць.

Калі ў вас падаецца вада неналежнай тэмпературы і вы не хочаце пераплачваць, то варта звярнуцца ў ЖЭУ.

— Для таго, каб пацвердзіць, што тэмпература вады ніжэйшая за норму, трэба звярнуцца ў ЖЭС, — кажа начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства ЖКГ Алена Дудзінская. — Да вас прыйдзе спецыяльная камісія. Яна зробіць замеры і складзе акт. Калі па факце будзе тэмпература ніжэйшая, то вам зробяць пераразлік.

..."Пачынаць загартоўвацца трэба з тэмпературы не ніжэй за 34-35 градусаў Цэльсія. Праз кожныя шэсць-сем дзён тэмпературу патрэбна зніжаць", — пішуць у парадах "Як стаць "маржом". Можа, у ЖЭСе пераблыталі інструкцыі?

— Я жыву ў новым доме. Вясной мы ўсе здавалі грошы на азеляненне. І вакол дома былі пасаджаныя клёны ды бярозкі. За лета яны высахлі, бо іх ніхто не паліваў. Нашы грошы прапалі дарма. Скажыце, хто павінен за гэта адказваць?

Галіна Уладзіміраўна, Мінск.

, Мінск.

Як паведамілі ва ўпраўленні эканомікі Міністэрства ЖКГ, першапачаткова варта высветліць, з кім ваша дамова. Калі ў вас падпісана дамова з ЖЭСам, то адказваць будзе ён, калі, напрыклад "Зелянбуд", то варта звярнуцца туды. А калі ж дамова ні з кім не была заключаная, а грошы збіраліся па ўласнай ініцыятыве, то і адказваць прыйдзецца "ўсім мірам".

...Як казаў Экзюперы: "Ты назаўжды ў адказе за тых, каго прыручыў".

Калі ў вас ёсць што спытаць ці падзяліцца праблемай, можаце пісаць на электронную скрыню іnfo@zyazda.mіnsk.by з паметкай "Жылплошча" альбо тэлефанаваць па нумары 287 18 64.

Настасся Занько.

←Сборная Санкт-Петербурга победила в международных соревнованиях по ловле рыбы в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика