Для беларускіх кампаній плануецца ўвесці адказнасць за продаж беларусам тавараў і паслуг праз замежныя інтэрнэт-рэсурсы

Источник материала:  

Праблемы і перспектывы развіцця беларускага сегмента інтэрнэту абмеркавалі за "круглым сталом" спецыялісты Міністэрства інфармацыі, прадстаўнікі АБСЕ, а таксама Аператыўна-аналітынага цэнтра пры Прэзідэнце Беларусі, Мінсувязі і грамадскіх аб'яднанняў.

Як адзначыў у сваім прывітальным слове намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук, інфармацыйныя тэхналогіі бурна развіваюцца: калі ў 2005 годзе на 100 хатніх гаспадарак прыходзілася 13 персанальных камп'ютараў, то ў 2009 — ужо 40. Імкліва расце колькасць абанентаў сотавай сувязі — у 2009 годзе іх было 9686 тысяч, што ў 2,4 раза болей, чым у 2005 годзе. Павялічылася і колькасць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі: у 2009 годзе іх было 4,5 мільёна чалавек, што азначае прырост у 1,6 раза за апошнія два гады. Прычым, як падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі, 90% ад гэтай колькасці складаюць фізічныя асобы, што таксама вельмі важна. Паводле звестак Міжнароднага саюза электрасувязі, Беларусь па колькасці карыстальнікаў інтэрнэту на 100 чалавек насельніцтва ў 2008 годзе займала другое месца ў СНД пасля Расіі.

— Такая дынаміка ўспрымаецца намі як пазітыўны вынік сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Больш таго, інфармацыйныя тэхналогіі самі становяцца важным фактарам далейшага развіцця нашай краіны. Усё гэта патрабуе прадметных адносін дзяржавы да сеціва інтэрнэт, да развіцця нацыянальнага сегмента, — сказаў Аляксандр Слабадчук і дадаў, што асабліва важным з'яўляецца рэгіянальнае развіццё інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі, пашырэнне інфармацыйных камунікацый, што будзе пазітыўна ўплываць на прыток інвестыцый, навукова-тэхнічны прагрэс, у цэлым на дэмакратызацыю развіцця нашага грамадства.

Але Аляксандр Слабадчук звярнуў увагу і на пытанні аховы грамадзян ад негатыўных праяў інтэрнэту — распаўсюджвання міжнароднага тэрарызму, наркатрафіка, прастытуцыі і інш.

— У сувязі з гэтым павінна быць выпрацаваная прававая база, каб абмежаваць грамадства ад вышэй пазначанага, павінен быць разумны і ўзважаны падыход.

У сваю чаргу, спецыялісты Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце расказалі пра Указ № 60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання сегмента сеціва інтэрнэт", пра нарматыўна-прававыя акты, выдадзеныя ў яго развіццё, а таксама пра запланаваныя ў будучым змяненні ў заканадаўстве. У прыватнасці, Сяргей Краўцоў, начальнік сектара ААЦ, расказаў пра новы законапраект, які ўстанаўлівае адміністратыўную адказнасць прадпрыемстваў:

— Распрацаваны і ўнесены ва ўрад праект закона, які датычыцца ўсталявання адміністратыўнай адказнасці за выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў у нацыянальным сегменце сеціва інтэрнэт. Ён носіць такую, скажам, "эканамічную" накіраванасць і пацвярджае норму, прадугледжаную Указам № 60 пра тое, што за продаж нашым грамадзянам тавараў, паслуг і работ, якія прадастаўляюцца юрыдычнымі асобамі і ІП, зарэгістраванымі ў РБ, з выкарыстаннем замежных інтэрнэт-рэсурсаў будзе ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць. Але ні Указ № 60, ні праект закона, у адпаведнасці з якім будзе ўстаноўленая адказнасць, не абмяжоўваюць нашых прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб у ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці з выкарыстаннем замежных інтэрнэт-рэсурсаў, калі тавары, паслугі або работы рэалізуюцца грамадзянам іншых дзяржаў.

Што датычыцца прадстаўнікоў АБСЕ, то іх больш турбуе не эканамічны бок, а свабода слова і правы чалавека, якія могуць быць абмежаваныя пад выглядам карыснага рэгулявання Байнэту:

— Я спадзяюся, што новае заканадаўства і новая практыка, якая прадугледжвае абмежаванне інтэрнэту, не будзе абмяжоўваць плюралізм і самавыражэнне ў рамках выкарыстання інтэрнэту як сродку масавай інфармацыі ў Беларусі, — сказала Дуня Міятавіч, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды слова СМІ. — Безумоўна, існуюць праблемы, якія маюць сусветны характар — гэта і педафілія, і гандаль людзьмі і чалавечымі органамі, і тэрарызм, і экстрэмізм. Я ведаю пра існаванне гэтых праблем, але мне не падабаецца, што ў шмат якіх краінах імкненне змагацца з гэтымі праблемамі часам выкарыстоўваецца для абмежавання свабод, неабходных для сатыры, крытыкі і, магчыма, нават нейкіх правакацыйных меркаванняў.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Сборная Санкт-Петербурга победила в международных соревнованиях по ловле рыбы в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика