Чаго вы чакаеце ад Усебеларускага народнага сходу?

Источник материала:  
23.10.2010 08:22 — Новости Общества
Дэлегатамі чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ад Мінска стануць 400 чалавек. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама Сяргей Хільман.

Як паведамлялася раней, чацвёрты Усебеларускі сход пройдзе ў Мінску 6-7 снежня. Сход склікаецца з мэтай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. У сходзе прымуць ўдзел 2,5 тыс. чалавек.

Валянцін Акудовіч, філосаф: “Нешта цікавае мы там пачуем”

— Калі ствараўся гэты народны сход, уладзе відавочна не хапала легітымнасці. Вынікі выбараў і рэферэндумаў не прызнаваліся назіральнікамі. Апазіцыя, якая была моцнай, увесь час казала пра гэта. Улады чынілі гвалт у дачыненні да апазіцыянераў, і таму ўсенародны сход быў, пры ўсёй сваёй абсурднасці, такім прыкрыццём, арганізаванай падтрымкай пануючай улады першага прэзідэнта. Тады правядзенне гэтага мерапрыемства мела пэўную рацыю. Потым, калі ўлада ўзмацнілася, збіраць яго, можа, і сэнсу не было, але ў сітуацыі медыявайны з Расіяй роля народнага сходу зноў выразна рацыяналізавалася. Бачна, для чаго ён патрэбен. Нягледзячы на вельмі жорсткія і досыць сур’ёзныя ўпіканні ў злачынных актах, у знікненні палітыкаў, уладзе неабходна прадэманстраваць, што ўсё гэта — паклёп, і народ яе па-ранейшаму любіць і падтрымлівае. Тут як быццам Расія апамяталася, і таму не ясна, якая інтрыга можа быць у гэтага народнага сходу. Але я не выключаю, што нешта цікавае мы там пачуем. Але, па вялікім рахунку, гэта штучная інстытуцыя, якая можа існаваць толькі пры аўтарытарным рэжыме і якой няма месца ў дэмакратычнай сістэме.

Валянціна Зубрыцкая, прадпрымальніца: “Агучыць “святую лічбу”

— Гэты “хурал” мае адзіную задачу — стварыць вялікую аўдыторыю для таго, каб нешта сказаць. Хаця бы пра “святую лічбу” ў 500 долараў сярэдняга заробку. Цікава: за 70 баксаў у 1996 годзе можна было купіць больш ці менш, чым за 300 у 2010-м? Мо і больш, бо інфляцыя не стала меншай з часоў першага сходу. Чаму суседзі, якія абагналі нас па ўзроўні жыцця, не праводзяць такія сходы? Штосьці я не чула пра ўсепольскі народны сход або пра ўселітоўскі. Пакуль мы будзем нечага чакаць ад гэтых сходаў, да тае пары мы будзем жыць у... Вядома ў чым.

Генадзь Бураўкін, паэт: “Можа, моладзі гэта яшчэ і цікава, а мне крыўдна”

— Я ад гэтага сходу абсалютна нічога не чакаю, таму што я не бачу ў ім аніякага сэнсу, акрамя аднаго — яшчэ раз праспяваць асанну і таму кіраўніку, якога мы маем, і той палітыцы, якую ён праводзіць. Гэта не мае практычна ніякага значэння для развіцця краіны, для нашай будучыні. Гэта адзін са складнікаў таго, што здаўна называецца “хлеба і відовішчаў”. Такі-сякі хлеб, здаецца, мы маем, а наконт відовішчаў мы ўжо даўно вельмі здорава налаўчыліся. І гэта адно з відовішчаў, якое будзе добра адрэпеціравана і шырока пададзена ў СМІ. Там будуць надрывацца аб тым, якія мы выдатныя, цудоўныя і слаўныя. Можа, моладзі яшчэ і цікава, а мне проста крыўдна за тое, што мы яшчэ на такое здатныя.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца: “Гэта дэкарацыі тэатра аднаго акцёра”

— Ён у мяне выклікае пачуццё агіды, таму што я не люблю сходы, якія зганяюцца прымусова і не звязаны з рэальнымі патрэбамі. Гэтая нелюбоў засталася яшчэ з юнацтва, ад розных камсамольскіх сходаў. Мы маем прыклады іншых сходаў. Дастаткова ўзгадаць Усебеларускі сход 1917 года ці нават апошнія Кангрэсы дэмакратычных сіл. Але там быў механізм адбору, былі нейкія квоты, прадстаўнічасць, шырокі спектр грамадскіх арганізацый. А тое, што ладзяць цяпер, патыхае сходамі сталінскіх часоў. Таму ніякіх спадзяванняў няма. Гэта дэкарацыі тэатра аднаго акцёра.

Уладзімір Някляеў, паэт, палітык: “Можа, дачакаемся адмены смяротнага пакарання”

— Народны сход павінен засведчыць усенародную падтрымку генеральнай лініі правадыра. Толькі дзеля гэтага ён і збіраецца. Але хочацца, каб не толькі гэта было на народным сходзе, каб хоць прагучала, абазначылася рэальная сітуацыя ў краіне, каб пра яе было сказана. Я хачу патрапіць на гэты нелігітымны сход легітымным дэлегатам. Ёсць рэальная палітыка, і трэба выкарыстоўваць усе яе магчымасці. Ці будзе там нешта новае? Я думаю, адзінае ноў-хаў, якое нас можа чакаць, — гэта нешта звязанае з адменай смяротнага пакарання ў Беларусі. У святле тых крокаў, якія Еўразвяз сёння робіць у гэтым кірунку, тых месіджаў, якія сюды пасылаюцца, я не выключаю, што будуць крокі насустрач жаданню Еўропы. А большага я нават не магу ўявіць.

Пётр Фякленка, настаўнік (Чэрвень): “Выканання чарговых абяцанняў”

— Я чакаю таго, што мне і маім калегам у чарговы раз скажуць: ваш сацыяльны і матэрыяльны статус будзе паляпшацца. Трэба шчыра сказаць, што гэтыя абяцанні дзеючая ўлада пакуль стрымлівае”.

←Тоска по СССР

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика