Дзве прамывiны Умбы-ракi

Источник материала:  

Прачытаў нарыс Васiля Тарасевiча “Вниз по Умбе-реке” (“Р” ад 11.09.2010 г.), у якiм ён апавядаў аб вандроўцы з сябрамi на байдарках па бурнай паўночнай рацэ.

I я прыгадаў выпадак на Умбе, аб якiм расказала супрацоўнiца аддзела Дэпартамента аховы МУС Кастрычнiцкага раёна сталiцы Раiса Шэрыкава.

Дзяцiнства Раiсы прайшло ў пасёлку Умбозера, што ў паўсотнi кiламетраў ад горада Кiраўска. Аднойчы дзевяцiгадовая Рая са старэйшай сястрой Любай пайшла гуляць на рэчку Умба. Мароз быў звычайны для тых краёў – 35 градусаў. Разагнаўшыся, школьнiцы коўзалiся па празрыстым, як шкло, лёдзе. Падалi, падымалiся i зноў са смехам працягвалi вясёлае катанне.

Дзецям i ў галаву не магло прыйсцi, якi жах чакае iх на любiмай рэчцы. Рая не заўважыла прысыпаную снегам прамывiну ў лёдзе i нечакана правалiлася. Паспрабавала ўхапiцца за край прамывiны, але яе з неймавернай сiлай пацягнула пад лёд. У жаху, стрымлiваючы дыханне, яна бiлася галавой аб лёд, спрабуючы прабiцца наверх. Але для тоўстага панцыра ракi гэтыя высiлкi былi як укус камара. Рая хацела закрычаць, але крык замёр на яе вуснах.

Перад вачыма дзяўчынкi, як у кiно, пранеслася яе кароценькае жыццё. Вось бабка гладзiць яе па галаве, дзед трымае на каленях, частуючы цукеркай. А вось пад партай у школе гуляе яна ў марскi бой...

Потым дзяўчынка ўбачыла сябе амаль дарослай. У нейкiм незнаёмым горадзе стаяць дзве хаты: адна большая, другая меншая – “времянка”. У большай жыве яна з сястрой, мацi i бацька, а “во времянке” – дзед з бабуляй. Побач – дзве сабачыя будкi, а ў iх – два вялiкiя сабакi...

Пад лёдам Раю несла шалёная плынь Умбы, а за ценем сястры, амаль губляючы прытомнасць ад жаху, бегла 11-гадовая Люба. “Госпадзi, памiлуй! Госпадзi, памiлуй! Госпадзi, памiлуй!” – шапталi яе без крывiнкi вусны.

I Гасподзь быццам пачуў яе малiтву, злiтаваўся над няшчаснымi дзецьмi. Раю, як корак, выкiнула наверх. Амаль без прытомнасцi, на поўныя грудзi ўдыхнула яна марознае чыстае паветра, а рукi самi сабой ухапiлiся за край лёду. Гэта на шляху плынi, якая несла Раю, аказалася яшчэ адна прамывiна.

Люба ўпала на лёд, падала руку сястры, i з яе дапамогай Рая выкарабкалася з ледзяной вады.

Ад таго страшнага купання дзяўчынка атрымала двухбаковае запаленне лёгкiх. Лежачы ў бальнiцы, школьнiца намалявала падводны прывiд, якi ўбачыўся ёй памiж жыццём i смерцю: дзве хаты – большую i меншую, агароджу, дзве сабачыя будкi, на якiх напiсала: “Джульбарс” i “Буян”.

А праз некалькi гадоў сям’я пераехала ў Гомель, дзе была куплена хата з “времянкой” у агародзе. У чалавека, якi прадаў iм хату, быў сабака Джульбарс, якога ён пакiнуў новым гаспадарам. А бабцы з дзедам суседзi падарылi сабаку па мянушцы Буян.

←Гиганты и супергиганты. Чем ближе к финалу, тем больше поражают своими огородно-дачно-фермер- скими достижениями наши участники

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика