"Такога яшчэ ніколі не было!"

Источник материала:  

Сацыёлаг Ігар КАТЛЯРОЎ уражаны актыўнасцю сёлетняй выбарчай кампаніі

Электаральная кампанія кіпіць ва ўсю. Патэнцыйныя кандыдаты вылучаюцца і здымаюцца, назіральнікі ўсё больш актывізуюцца, арганізатары выбараў тым часам памаленьку рыхтуюць ратнае поле. Створаныя ўжо ўчасткі для галасавання. А як ва ўсім гэтым адчуваюць сябе звычайныя людзі? У кожнага паасобку не спытаеш... Прасцей пайсці да сацыёлага. Змадэляваць карціну ўяўленняў беларусаў дапаможа дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, доктар сацыялагічных навук, прафесар Ігар Катляроў.

— Як настрой у беларусаў на парозе галоўнай палітычнай падзеі?

— Паводле сацыялагічных даследаванняў, якія мы пастаянна праводзім, у краіне дастаткова стабільная сітуацыя — і сацыяльная, і палітычная, і эканамічная. Крызіс амаль не паўплываў на грамадскую думку. Самае складанае становішча ў краіне было ў пачатку незалежнасці. А вось апошнія гады мы стабільна і ўпэўнена развіваемся. Калі казаць пра стаўленне насельніцтва да розных галін улады, то ўжо на працягу 10 — 12 гадоў інстытут прэзідэнцтва нязменна займае першае месца. Прычым значна апярэджвае астатнія ўладныя структуры, уключаючы Урад, парламент, мясцовыя органы кіравання і самакіравання.

— З якой доляй верагоднасці сацыёлагі могуць рабіць прагнозы ў дачыненні электаральных пераваг насельніцтва?

— Спецыяльна да выбараў мы не праводзілі сацыялагічныя даследаванні, але калі працягнуць у будучыню звесткі нашых рэгулярных маніторынгаў, то можна рабіць высновы. Скажам, калі б выбары адбыліся заўтра, то дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка перамог бы ў першым туры, набраўшы прыкладна 75—80 адсоткаў галасоў. Грамадская думка дастаткова стабільная, таму сцвярджаць такую лічбу можна досыць упэўнена.

— Яшчэ свежыя ў памяці нядаўнія рознагалоссі з расійскім бокам. Як, на ваш погляд, яны могуць паўплываць на выбары — на стаўленне насельніцтва, прызнанне назіральнай місіяй СНД?..

— Думаю, выбары ў любым выпадку будуць місіяй СНД прызнаныя. Аднак вось гэты абмен "неласкавасцямі" з боку ўладных структур, вядома ж, стварае пэўную напружанасць, нервовасць у грамадстве. І, натуральна, перад выбарамі не хацелася б, каб гэта адбывалася. На жаль, у Расіі ды і ў некаторых іншых краінах ёсць палітыкі, якім яўна не падабаецца незалежная палітыка Рэспублікі Беларусь, якія хацелі б, каб яна скакала пад чужую дудку. І таму некаторыя палітыкі абралі такі не зусім удалы, а можа, на іх думку, і самы ўдалы момант, — перадвыбарную кампанію. Аднак беларусы ўсё цудоўна разумеюць, яны здольныя зрабіць правільны выбар. І ў прынцыпе нават такі мэтанакіраваны ціск на наш электарат безумоўна не зможа зрушыць яго ці істотна паўплываць на яго меркаванне.

— Якія ў вас уражанні ад збору подпісаў? Сваім ужо кагосьці падтрымалі? Некаторыя кандыдаты робяць сапраўднае шоу!..

— Сапраўды! З задавальненнем прайшоўся па пікетах: як сацыёлагу мне было цікава. І ведаеце, я быў уражаны. Такога яшчэ ніколі не было! Калі побач стаяць пікеты 5—7 патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, і людзі аддаюць свае подпісы практычна ўсім. І я падпісаўся ўжо ў падтрымку аднаго кандыдата. Тое, што пікеты ператвараюцца ў шоу — гэта нармальная з'ява. Цяпер ідзе даволі напружаная і мэтанакіраваная дзейнасць. Аднак хацелася б звярнуць увагу: перш за ўсё ў Мінску. Паводле нашых звестак, у глыбінцы ініцыятыўнымі групамі, апроч групы дзейнага Прэзідэнта, практычна ніякай работы не вядзецца. Таму многія жыхары краіны наогул нічога не ведаюць пра гэтых патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Другі негатыўны момант: члены ініцыятыўнай групы ў большасці сваёй амаль нічога не ведаюць пра таго, за каго збіраюць подпісы. Улётка, размешчаная на стэндзе, практычна не дае новай цікавай інфармацыі. А калі людзі пачынаюць цікавіцца канкрэтыкай, поглядам магчымага прэзідэнта на тую ці іншую праблему, на жаль, зборшчыкі подпісаў нічога не могуць сказаць. Гэта праблема. Выснова, якая напрошваецца сама сабой: многія патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты вылучыліся па абсалютна незразумелых прычынах і зусім не рыхтаваліся да выбарчай кампаніі.

— Можа, тут сыграла ролю адносная нечаканасць яе старту, ды і наколькі рэальна даць падрабязныя інструкцыі тысячам чалавек?

— А што змянілася б, калі б выбары праводзіліся двума месяцамі пазней?! Першапрычына ў іншым. Ёсць істотная праблема, пра якую мы пастаянна гаворым. Галоўны палітычны інстытут, які займаецца рэкруцінгам кадраў, іх падборам і расстаноўкай — партыі — на выбарах зноў, на жаль, спрацаваў недастатковым чынам. Калі б нашы палітычныя партыі вялі актыўную работу, выконвалі сваё прызначэнне, была б зусім іншая справа. А пакуль самі яны маламагутныя, лідары нецікавыя. Яны не валодаюць неабходнымі прафесійнымі якасцямі, харызмай, і таму ім цяжка канкурыраваць на электаральным рынку. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што за выключэннем кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, які ўжо зняў сваю кандыдатуру, ні адзін партыйны лідар не стаў нават прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост. Як вынік, сярод кандыдатаў мноства людзей абсалютна выпадковых, якія відавочна не набяруць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў, бо гэта вельмі складаная работа. Да яе трэба рыхтавацца. Гэта робіцца не ў апошні дзень, а пастаянна. Калі я быў кандыдатам у дэпутаты парламента, у мяне была група каля 100 чалавек, і я з імі працаваў пастаянна — расказваў, паказваў, усюды вадзіў за сабой. Я балатаваўся тройчы, і кожны раз праводзіў такую падрыхтоўку. А проста сабраць людзей, раздаць ім пасведчанні з падпіснымі лістамі і папрасіць іх агітаваць за цябе — гэтага вельмі мала. Гайдукевічу, скажам, было б прасцей — ён дастаткова вядомы палітык. А ёсць жа сярод прэтэндэнтаў такія, якіх ніхто ніколі не чуў і не бачыў. Ці можа набраць 100 тыс. подпісаў беспрацоўны, які да таго ж не мае аніякага досведу палітычнай дзейнасці?..

— Ну, гэта мы пабачым 29 кастрычніка, калі назбіраныя "вензелі" трэба будзе здаць. А пакуль, як вы думаеце, з адыходам Сяргея Гайдукевіча кампанія істотна страціла? Як вы ў цэлым ацэньваеце яе ход?

— Ды не, выбарчая кампанія ад гэтага асабліва нічога не страціла. Аднак тое, што Гайдукевіч быў рэальным кандыдатам на праход у наступны тур — гэта дакладна. І свае 3—5 адсоткаў як кандыдат у прэзідэнты ён, вядома ж, набраў бы. Але не больш. Калі гаварыць у цэлым пра выбарчую кампанію, то яна праходзіць на дастаткова высокім узроўні. І нашы даследаванні па іншых тэмах сведчаць пра тое, што паступова расце і грамадзянская культура, і палітычная самасвядомасць людзей, іх палітычная актыўнасць. Пра гэта гаворыць і вялікая колькасць кандыдатаў у кандыдаты.

— Яны, дарэчы, пакрысе знаёмяць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Вы як сацыёлаг возьмецеся ацаніць, ці ёсць там тое, чаго чакае народ?

— Тыя праграмы, якія з'яўляюцца ў інтэрнэце — гэта проста накіды. І рабіць па іх нейкія высновы пакуль проста немагчыма. Той жа Юрый Глушакоў з беларускай партыі "Зялёных". Так, ён прапанаваў сваю праграму, аднак яна не можа быць перадвыбарчай, таму што цэлага шэрагу праблем, на мой погляд, там няма. Я хацеў бы асаблівую ўвагу звярнуць на тое, што ў беларускай палітыцы ўвогуле самы слабы аспект — гэта якраз аналітыка. Многія апазіцыйныя аналітычныя службы ў прынцыпе не ведаюць меркаванне людзей, не могуць прапанаваць канкрэтнае рашэнне той ці іншай праблемы. Ці не з-за гэтага нашы палітычныя партыі маюць рэйтынг ад 0,3 да 2 адсоткаў? А сёння аналітыка становіцца адным з найважнейшых аспектаў палітычнай дзейнасці. І вось гэтая адсутнасць цікавых аналітычных матэрыялаў, канкрэтнай піяр-кампаніі, знаходак у перадвыбарчай барацьбе кажа пра тое, што многія з тых палітыкаў, якія прэтэндуюць на пасаду прэзідэнта, зразумела, не набяруць шмат галасоў. Яны не здзіўляюць нічым новым і арыгінальным. Гэта звычайная палітычная прапаганда, прычым не ў самых лепшых традыцыях. Яна фактычна не дае ніякіх вынікаў. Спадзяюся, што сапраўдная перадвыбарчая барацьба пачнецца пасля таго, як зарэгіструюць кандыдатаў.

— Тэле- і радыёдэбаты ў гэтай барацьбе стануць вырашальнай зброяй?

— У прынцыпе, да такой формы выбарчага спаборніцтва я стаўлюся станоўча. Толькі практычна ўсім прэтэндэнтам, акрамя дзейнага кіраўніка дзяржавы, не будзе чаго сказаць. Людзі, калі стануць выбіраць сваё будучае жыццё на наступныя пяць гадоў, будуць глядзець на тое, што зроблена, і ці здольныя гэтыя кандыдаты нешта прапанаваць і нешта зрабіць. Ну а дэбаты пакажуць глупства кожнага, хто яго мае.

— А якія якасці найбольш цэняцца беларускім электаратам? Які ён, партрэт ідэальнага кандыдата, згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі?

— Сярод тых якасцяў, якія хацелі б бачыць жыхары нашай краіны ў прэзідэнта, варта назваць высокі прафесіяналізм, здольнасць браць на сябе адказнасць у складаныя палітычныя моманты, шукаць выйсце ў найскладанейшай сітуацыі, уменне прымяняць інавацыйныя падыходы да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць, улічваць думку простага чалавека. Усё гэта ўласціва дзейнаму кіраўніку дзяржавы. Яго, дарэчы, сёння падтрымлівае пераважная большасць жыхароў краіны — у адпаведнасці з нашымі даследаваннямі. Таму што ён паказаў, што ён і добры гаспадарнік, і добры палітык, чалавек, які здольны вырашаць праблемы ў няпросты час. Пра гэта гаворыць стан беларускай эканомікі, нашага грамадства ў крызіснай сітуацыі. Мы ў апошнюю чаргу адчулі тыя праблемы, якія ўжо працяглы час былі вельмі адчувальнымі нават у нашых суседзяў у Расіі. Нават тое, што Прэзідэнт пастаянна знаёміцца з нашымі сацыялагічнымі даследаваннямі, часта спасылаецца на іх у сваіх выступленнях і прымае па іх рашэнні, сведчыць пра тое, што меркаванне жыхароў Беларусі для яго вельмі важнае. І людзі гэта цудоўна бачаць.

— Але ж ёсць, натуральна, і пратэстны электарат...

— Так, безумоўна. На ім і будуць іграць асобныя кандыдаты падчас дэбатаў. Аднак пратэстнага электарату працэнтаў 12—15. Не больш. Гэта людзі, якіх можна пры дапамозе нейкіх пратэстных заяў схіліць на свой бок. Аднак іх, па-першае, няшмат. А па-другое, яны, як правіла, не ходзяць на выбары. Калі меркаваць па выніках мінулых парламенцкіх выбараў, яны відавочна праігнаравалі электаральную падзею.

Нам застаецца толькі з цікавасцю сачыць за тым, як будуць змагацца за галасы кожнага з нас. Бо барацьба за подпісы неўзабаве наблізіцца да фіналу. У канцы месяца даведаемся, хто атрымаў кандыдацкі "максімум", а хто не здолеў сабраць і мінімальных 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Спіс канкрэтных кандыдатаў акрэсліцца не пазней за 23 лістапада. Тады, відаць, і пачнецца самае цікавае. Мы ў прадчуванні!

Зоя ВАРАНЦОВА.

←Развітанне з Паўлам Лойкам у нядзелю

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика