РОЗГАЛАС
З лістапада колькасць авіярэйсаў паміж Беларуссю і Украінай павялічыцца да дзесяці ў тыдзень.
Кампанія "АэраСвіт — Украінскія авіялініі" з 1 лістапада прыступае да выканання ўласных палётаў у нашу сталіцу. Адсюль і вышэйназванае сумеснае павелічэнне — у паўтара раза — колькасці рэйсаў паміж Кіевам і Мінскам. Падчас зімовай навігацыі "АэраСвіт", што базіруецца ў кіеўскім аэрапорце "Барыспаль", будзе выконваць рэйсы ў нашу сталіцу тройчы на тыдзень — па панядзелках, серадах і суботах. Яны дапоўняць штодзённыя рэйсы па маршруце Мінск — Кіеў — Мінск кампаніі "Белавія", якая базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Сяргей РАСОЛЬКА.
У Магілёве сутыкнуліся 5 аўтамабіляў22 кастрычніка а 9-й раніцы на мосце па вуліцы Каралёва на слізкай дарозе занесла аўтамабіль "Форд", і ён ударыўся ў металічную агароджу, якая падзяляе палосы. За ім у патоку аўтамабіляў спрабавалі затармазіць, але без поспеху: яшчэ адна за адной сутыкнуліся тры машыны. І нарэшце, апошнім урэзаўся ў іх грузавы аўтамабіль "Ман", які зусім пераламаў агароджу і высунуўся на сустрэчную паласу.
У гэтай буйной аварыі людзі не пацярпелі, толькі аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні. Паводле інфармацыі Магілёўскай ДАІ, адной са спадарожнай прычын гэтага дарожна-транспартнага здарэння з'яўляюцца летнія шыны (больш таго, і з розным малюнкам пратэктара на пярэдняй восі) на аўтамабілі "Форд", які занесла на мосце першым.
Ілона Іванова.
Прыйшоў у банк з падробным пашпартамУ Мінску на чыгуначным вакзале праваахоўнікі затрымалі 24‑гадовага махляра, які спрабаваў атрымаць у аддзяленні банка чужыя грошы па падробных дакументах.
Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" прэс-сакратар упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі Аляксандр Марчанка, беспрацоўны вясковы хлопец з Любанскага раёна, які раней працаваў таксістам, прыйшоў у банк з чужым пашпартам. Дарэчы, гэты дакумент яго ўладальнік, 60-гадовы мінчанін, згубіў калісьці ў машыне падазронага, калі расплачваўся за паслугі таксі. А праз некаторы час прайдзісвет, у якога, паводле яго слоў, склалася цяжкае фінансавае становішча, вырашыў пабагацець за кошт былога пасажыра. Тым больш, што ў згубленым пашпарце аферыст знайшоў выпіску з банкаўскага рахунку мінчаніна і даведаўся, што ў таго на рахунку засталіся грошы. За імі ён і прыйшоў у банк, папярэдне "папрацаваўшы" над пашпартам пацярпелага: аферыст пераклеіў фотаздымак у дакуменце і дамаляваў асобныя элементы ў даце нараджэння. Праўда, касір банка адразу распазнала падробку і цягнула час з выдачай грошай, націснуўшы на трывожную кнопку. Махляра, які нічога не падазраваў і падпісваў квітанцыі, затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У адносінах да падазронага, які змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, заведзеная крымінальная справа за падробку дакументаў і замах на махлярства.
Ігар ГРЫШЫН.
Гандляваў электроннымі грашымаУпраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці заведзена крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Віцебска, які незаконна займаўся ажыццяўленнем аперацый па куплі-продажы электронных грошай.
Атрымаў "віртуальны мяняла" нядрэнны рэальны даход — 35,7 мільёна рублёў. Вядзецца следства.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.