Італьянцы спалохаліся канкурэнцыі?

Источник материала:  
22.10.2010 14:50 — Новости Общества
Фірма Baldinini заявіла, што беларускае "Марка" самавольна капіюе іх прадукцыю.

Аб сумесным абутковым праекце віцебскай кампаніі "Марка" і італьянскай Baldinini было заяўлена каля года таму. Гаворка ішла аб выпуску ў Беларусі больш танных аналагаў вядомай італьянскай маркі. Першыя боты ўжо з"явіліся ў крамах, калі італьянскія партнёры раптам заявілі, што да праекту не маюць дачынення, а беларусы самавольна капіююць іх прадукцыю. Такую пазіцыю агучыў днямі кіраўнік кампаніі Джымі Балдзініні, які прылятаў у Мінск.

Генеральны дырэктар СТАА "Марка" Мікалай Мартынаў запэўніў, што супрацоўніцтва з Baldinini аформлена ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам: былі падпісаныя асноўная дамова і дадатак, у якім прапісаныя ўсе ўмовы супрацоўніцтва, у тым ліку права на выпуск у Беларусі неабмежаванай колькасці пар абутку. Натуральна, гаворка ішла аб выпуску прадукцыі не пад маркай Baldinini, а пад іншай маркай - "Брава".

"Паслугі італьянскай кампаніі аплачаныя ў поўным аб"ёме", - падкрэсліў Мартынаў. Ён адзначыў, што

за калекцыю аднаго сезону (восень-зіма 2010—2011) заплацілі 150 тысяч еўра

і ўсе дакументы ў парадку. Дадатковым пагадненнем да кантракту ад 9 сакавіка 2010 прадугледжана, што Baldinini пастаўляе беларускаму боку распрацаваныя ім мадэлі абутку, раскрой, чарцяжы, калодкі і ўзоры гэтых мадэляў згодна са спецыфікацыяй, а кампанія "Сан-Марка" (уваходзіць у холдынг "Марка") можа іх выкарыстоўваць для ўласнай вытворчасці абутку, вырабленай на аснове пастаўленых мадэляў са сваім таварным знакам. Гаворка ідзе аб вытворчасці дадзеных мадэляў без абмежавання часу, колькасці і тэрыторыі. З італьянскага боку подпіс пад дакументам паставіў Джымі Балдзініні.

Пры гэтым кіраўнік кампаніі Baldinini

Джымі Балдзініні заявіў, што ніякіх пісьмовых дамоўленасцяў паміж бакамі не было, і ён лічыць абутак, які вырабляецца кампаніяй "Марка" пад брэндам "Брава", падробкай пад Baldinini. "Копія, але някепская", -- пракаментаваў італьянец. Пры гэтым ён адзначыў, што ніякіх судовых разглядаў ініцыяваць не збіраецца.

Што ж прымусіла італьянцаў адмовіцца ад супрацоўніцтва, перспектывы якога так аптымістычна абмяркоўваліся на сустрэчы з прэм"ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім год таму?

"Напэўна, нас пачынаюць баяцца -- абутак дакладна паўтарае італьянскую марку, але яе кошт -- да 5 разоў ніжэйшы.

З"яўляецца канкурэнцыя. Мы паказалі прадукцыю на некалькіх выставах у Маскве, пайшлі продажы, і італьянскія партнёры вырашылі ад праекту адгарадзіцца", -- лічыць Мікалай Мартынаў.

Ён расказаў, што першая абутковая крама "Брава" ўжо дзейнічае ў Віцебску, некалькі фірменных секцый адкрыта ў Мінску. Усяго ў 2010 годзе мяркуецца выпусціць 40 тысяч пар абутку пад маркай "Брава", з іх у Беларусі будзе рэалізавана 60-65%, астатняе - у Расіі, Украіне, рыхтуецца таксама адкрыццё крамы ў Рызе.

А вось італьянцаў беларускія крамы не ўразілі. Джымі Балдзініні панаракаў на тое, што "ў Мінску паглядзеў некалькі абутковых крамаў, і яны адстаюць ад італьянскіх на 50 гадоў". Пры гэтым ён упэўнены, што шкоды італьянскай кампаніі беларускія вытворцы не нанясуць. "Для Беларусі яны малайцы, для насельніцтва краіны яны працуюць нармальна. Але абутак, зроблена "Марка", - усяго толькі падробка. Гэта не фірмовы абутак Baldinini", - лічыць ён.

СТАА "Марка" з"яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў абутку ў Беларусі. У яго склад уваходзяць каля дзясятку прадпрыемстваў, у тым ліку тры фабрыкі па вытворчасці абутку. Па выніках 2009 года кампанія выпусціла 3,5 млн пар абутку, што на 452 тыс. пар абутку больш, чым у 2008 годзе.

Кампанія Baldinini створаная ў 1910 годзе ў горадзе Сан Маўра Паскалі (Італія), дзе да гэтага часу знаходзяцца яе асноўныя вытворчыя плошчы. Выпускае высакаякасны элітны скураны абутак сярэдняй і найвышэйшай цэнавай катэгорыі і аксэсуары. На рынках СНД і Усходняй Еўропы створаная монабрэндавая тавараправодная сетка Baldinini.

Падзяліцца навіной: 
tut.by

←А.Лукашенко считает необходимым существование БРСМ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика