Адно ДТЗ — два вяселлі

Источник материала:  

Дзевяць месяцаў таму мяне збіла машына. Увесь гэты час я правяла на бальнічным, у працэсе "залізвання ран". Тэрмін вялікі, варты нараджэння новага чалавека. І, безумоўна, за гэты час шмат чаго змянілася. У маім жыцці — кардынальна.

Я ўжо расказвала пра ўнутраныя пошукі, душэўныя метамарфозы, якія адбыліся са мной за гэты перыяд. Яны ў выніку і прывялі да змен вонкавых.

Заўсёды вясёлая на людзях і глыбока нешчаслівая ў асабістым — такой некалькі апошніх гадоў мяне ведалі блізкія сябры. Былі хлопцы, былі сустрэчы. І ўсё не тое. Незадоўга да аварыі ў мяне завязаліся новыя адносіны. Але і яны не прыносілі задавальнення. Вырашыўшы, што маё каханне страчана назаўсёды, усё пусціла на самацёк: няхай будзе як будзе. Але шчасця ад гэтага не прыбаўлялася. У думках наракла сябе назаўсёды адзінокай і пахавала жаночае шчасце. Далей дэпрэсаваць і шкадаваць сябе не дазволіла аварыя.

Мяне тэрмінова прывезлі ў бальніцу хуткай дапамогі і прызначылі аперацыю. Свайму тагачаснаму кавалеру не званіла два дні, пакуль больш-менш не аклямалася. Напэўна, і не пазваніла б больш, каб ён не быў такім настойлівым: чатырнаццаць прапушчаных на тэлефоне — відаць, хвалюецца.

Ён імгненна прымчаўся ў бальніцу. І ўсе тры тыдні не адыходзіў ні на крок. Ведаючы мяне на той момант усяго два месяцы, ён знайшоў грошы на аперацыю, сустракаўся з дактарамі, даставаў дарагія лекі. Пасля выпіскі хлопец забраў мяне да сябе, даглядаў, калі не магла хадзіць, падтрымліваў, цалкам забяспечваў, працягваў вазіць па дактарах.

А я ціхенька плакала па начах у падушку ад сваёй бездапаможнасці і ніяк не магла прывыкнуць да таго, хто побач. Ён па-ранейшаму быў для мяне чужым. Ад яго дабрыні і клопату было яшчэ цяжэй. Я разумела, што залежу, што нічым не магу аддзячыць. А ён і не чакаў. Аднойчы я прызналася:

— Не магу быць з табой. Выздараўлю і пайду.

А ён у адказ:

— Адно тое, што ты выздаравееш, ужо будзе добра.

Ён падзяляў мой фізічны боль, вытрымліваў маральны. Я перастала хаваць слёзы, а ён толькі паўтараў: "Я буду шчаслівы тым, што ты будзеш шчаслівай".

Час ішоў. Мы жылі пад адным дахам. Знаёмілі адзін аднаго са сваімі звычкамі, сваімі "тараканамі" і "пункцікамі". Я пачынала даражыць ім.

Аварыя вярнула мяне і да страчанага кахання, па якім тужыла ўжо шмат гадоў, дапамагла разабрацца. Для кожнага "і" знайшлася свая кропка, а гештальт атрымаў сваё заканчэнне. Я зразумела, што пара закрыць гэтую старонку, і была гатовая пачынаць новае жыццё.

Добра памятаю дзень, калі расплюшчыліся мае вочы. Надышла пара здымаць пластыкавы гіпс, які на мяне апранулі па настойлівасці ўсё таго ж кавалера. У паліклініцы з гіпсам не справіліся. Стокілаграмовы доктар абліваўся потам, а вялікія металічныя абцугі безнадзейна пераламіліся папалам. Вострыя краі ўпіліся мне ў скуру, а перспектыва назаўсёды застацца ў гіпсе справакавала паніку. Я рыдала. А ён моўчкі адвёз мяне дадому, паклаў у гарачую ванну, каб хоць крыху размякчыць шчыльны гіпс, і пачаў піліць, рэзаць, рваць. Кожны адламаны міліметр быў яго перамогай. З самага пачатку ён верыў, што зробіць гэта. Я праляжала ў ванне з 9 вечара да 4 раніцы. За гэты час і паплакала, і пасмяялася, і паела торт, і паслухала музыку, і папіла гарбаты. А ён браў перадышку, толькі змяняючы інструменты. Менавіта ў той момант я зразумела, што гэта — мой герой, самы што ні на ёсць мой. Зразумела, што гэта яго я чакала і выбірала, што менавіта дзеля гэтай сустрэчы я павінна была перажыць аварыю.

У наступны раз на прыёме доктар здзіўлена сустрэў нас.

— А дзе гіпс?

— Ён зняў, — кіўнула я ў бок Сяргея.

— Хто гэта, муж?

— ... будучы, — прамовіла я, пачырванеўшы.

Праз паўгода мы пабраліся шлюбам. І ніхто з нас цяпер не належыць сабе: Сяргей належыць мне, а я — яму. Ніколі не ведаеш, дзе згубіш, а дзе знойдзеш.

Кіроўца, які збіў мяне, раптоўна ажаніўся са сваёй дзяўчынай незадоўга да нашага вяселля. У той жудасны вечар яна сядзела побач з ім у машыне і фактычна сама з'яўляецца ўдзельнікам ДТЗ.

— Мы не планавалі пакуль ствараць сям'ю, — расказвае кіроўца Іван. — Але пасля аварыі ў нас абодвух змяніўся погляд на жыццё. Мы самі змяніліся. Паглядзі, як усё хуткаплынна, як усё можа перавярнуцца з ног на галаву ў адно імгненне. Мне ж таксама нясоладка прыйшлося пасля таго здарэння. І многія сябры паказалі свой сапраўдны твар, і нашы з каханай адносіны прайшлі сур'ёзную праверку. Мы зразумелі, што ў радасці і ў горы гатовыя быць побач, што ўсе нягоды гатовыя пераадолець разам. Навошта выпрабоўваць лёс і цягнуць ката за хвост? Хто ведае, што будзе заўтра? Мы аб'ядналі свае жыцці ў адно агульнае як мага хутчэй.

Як ні дзіўна, я шчаслівая, што дзевяць месяцаў назад мяне збіла машына. І сёння я маю цудоўную сям'ю. Якая б ні здарылася з вамі бяда, верце, што ў хуткім часе яна можа пераўтварыцца ў самае сапраўднае і самае вялікае шчасце ў вашым жыцці.

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

Фота Сяргея Ільіна.

←Сергей Сидорский вручил государственные награды 80 белорусам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика