Вадзіцелі "хуткіх дапамог" бліснулі майстэрствам
У Магілёве прайшло традыцыйнае спаборніцтва па прафесійным майстэрстве кіроўцаў санітарнага транспарту. Гэты рэгіянальны конкурс, адзіны такога кшталту ў Беларусі, праводзіцца пяты раз. Яго ініцыятары — упраўленне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама, абкам прафсаюза работнікаў аховы здароўя і Магілёўская ДАІ.
Гэтай восенню ў спаборніцтве бралі ўдзел 26 камандаў з усіх куткоў вобласці. У вадзіцеляў правяралі тэарэтычнае веданне правілаў дарожнага руху і навыкі кіравання.
У выніку першае месца заняла каманда аўтапрадпрыемства ўстаноў аховы здароўя. Лепшым у веданні ПДР адзначаны Сяргей Русецкі з Кіраўскай ЦРБ. У асабістым спаборніцтве сярод вадзіцеляў легкавых аўтамабіляў перамог Дзяніс Шабункоў, а найлепш вадзіў мікрааўтобус Аляксандр Красноў. Абодва лепшыя вадзіцелі прадстаўляюць аўтапрадпрыемства ўстаноў аховы здароўя.
З тых часоў, як праводзіцца гэтае спаборніцтва, аўтамабілі "хуткай дапамогі" сталі радзей трапляць у аварыі. А іх кіроўцы не стамляюцца прыцягваць увагу аўтамабільнай грамадскасці да адказных паводзінаў на дарозе ў дачыненні да санітарнага транспарту. Свядомы кіроўца, саступі дарогу "хуткай дапамозе"!
Ілона Іванова.