"Думаў — кілаграмовы мянтуз, аказалася — рарытэт!"
Рыбак з Магілёва вылавіў у Дняпры старажытную шаблю
Мікалай Зенаў, вадзіцель прадпрыемства "Магілёўскія цеплавыя сеткі", на апошняй рыбалцы ў Быхаўскім раёне здабыў незвычайную рэч — шаблю.— Маё захапленне — лоўля рыбы, і кожныя выхадныя дні я звычайна адпраўляюся на рыбалку, — расказаў Мікалай. — Гэтым разам мы былі на Дняпры, у дзесяці кіламетрах ніжэй за Быхаў. Я злавіў нешта на фідар у дваццаці метрах ад берага. Шчыра сказаць, думаў, што цягну з вады ментуза не меней за кілаграм вагі, а аказалася, што вылавіў рарытэтную рэч. У той дзень рыбы мне не дасталося, але я знайшоў рарытэтную шаблю. Мяркую, што ёй не меней за сто гадоў!
Кручок фідара зачапіўся за элемент рукаяткі шаблі. Сама шабля была ў драўляных ножнах, але яны рассыпаліся, калі мужчына паспрабаваў зняць іх. Шабля ржавая, з дзіркамі, але час і вада не паўплывалі на яе выдатную гнуткасць. Добра бачныя на шаблі і рэбры жорсткасці і, верагодна, пасля апрацоўкі могуць знайсціся і нейкія меткі.
— Я планую заняцца гэтай шабляй і, магчыма, запрасіць для рэстаўрацыі спецыяліста, — паведаміў Мікалай. — Трэба разабрацца, чыя гэта шабля. Я так мяркую, што яна казацкая. Можа, мне дапаможа дачка-гісторык? Але ў любым выпадку, мы потым аддадзім шаблю ў музей.
Дарэчы, Мікалай Зенаў не першы раз знаходзіць рарытэты ў рацэ. Роўна год таму ён на рыбалцы пракалоў гумавы бот не чым-небудзь, а ваенным штыком.
— Магілёўшчына ўся насычаная гісторыяй, — гаворыць рыбак. — І я вельмі ганаруся тым, што мне ўдалося да яе дакрануцца.
Ілона Іванова. Фота аўтара.