Гісторыя беларускага тэатра ў аўтарскім пераказе
Права на такі пераказ тэатральны крытык Таццяна Арлова заваёўвала гадамі
Праўда, сама яна лічыць, што пераказ атрымаўся "вольным", як і пазначыла ў адной са сваіх кніг па тэатры. Аднак тэатральнае мастацтва і асобы тэатра дараваць вольнасці могуць нямногім. Пра што і засведчылі карыфеі тэатра, якія прыйшлі віншаваць прафесара Таццяну Арлову з 75-гадовым юбілеем.
— З 37-га года, калі быў заснаваны Рускі тэатр у Мінску, прозвішча Арловых уплывае на тэатральнае жыццё краіны, — адзначыў рэжысёр і кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый Анісенка. — У яе быў цудоўны тата-акцёр, мама — актрыса і педагог. Я лічу, што гэта "цяжкая спадчына", каб стаць самому заўважнай асобай. Маючы такіх бацькоў, заўсёды вымушаны трымаць высокую планку ва ўсім, што робіш. Таццяну Дзмітрыеўну я магу лічыць сваёй хроснай мамай у тэатры. Я паставіў "Паляванне на качак" (славутая п'еса Вампілава), якое правароніла ЦК. Але яна здолела паглядзець і падтрымаць пастаноўку. З таго часу пачалася мая рэжысёрская кар'ера.
Рашучасць і прынцыповасць Арловай-крытыка калісьці дапамагла драматургу Аляксею Дудараву, які яшчэ студэнтам напісаў сваю першую п'есу "Радавыя".
— Таццяна Дзмітрыеўна падтрымала юнака, які яшчэ і пісаў пра тое, як салдаты гінуць на вайне. Праект атрымаўся. Я сам не бачыў, бо як акцёр іграў адну з галоўных роляў. У мяне з ёй заўсёды былі цёплыя адносіны, не зважаючы на яе "анёльскі характар". Яна з тых, у каго ёсць унутранае раздражненне. Мне часам кажуць: "Ведаеш, што пра цябе Арлова напісала?" Я заўсёды адказваю: "Ну калі Арлова — то гэта праўда..."
Народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі цалаваў Таццяне Арловай ручкі, пры гэтым згадаўшы, што ў жыцці было ўсё — ад абдымкаў да скандалаў. Аднак адносіны прыйшлі да міру, і з'явілася кніга пра Янкоўскага, якую напісала Арлова.
У яе насамрэч не адна кніга. Але нават на публікацыях у газетах можна прасачыць гісторыю беларускага тэатра. У Таццяны Арловай ёсць чаму павучыцца: здольнасці казаць тое, што думаеш, прынцыповасці, уменню аргументаваць свае думкі. Гэтыя якасці яна шмат гадоў перадае сваім вучням у Інстытуце журналістыкі БДУ.
Ларыса ЦІМОШЫК.