Жыццё — самы вялікі цуд

Источник материала:  

Два гады таму на сасне па вул. М. Багдановіча ў Баранавічах з'явілася выява. На дрэве спілавалі ўсохлую галіну — і на спіле выступіла жывіца...

Тады нехта ўбачыў на тым спіле выяву святога. Каля сасны пачалі прыпыняцца і хрысціцца бабулі. У прэсе пра гэты "цуд" пісалі, і ў нашай газеце быў здымак.

Жыццё — самы вялікі цудМінула шмат часу. Чаму б не паглядзець на тую сасну? Паехаў. На спіле смала высахла, выступілі гадавыя кольцы, а выява пачарнела, і былы вобраз змяніўся. Калі раней там бачыўся Мікалай Угоднік ці архангел Міхаіл, то цяпер выява не такая акрэсленая.

Час усё ставіць на месца, і да сасны ўжо няма былой цікавасці.

Прырода — вялікі стваральнік, а чалавек умее фантазіраваць. І часта ён бачыць тое, што хоча бачыць: партрэты, выявы, лікі...

Маю ўвагу прыцягнуў камень, які ляжыць у скверы, каля алеі. Прыглядзеўся і ўбачыў галаву манашкі. У гэты дзень свяціла сонца і формы выглядалі аб'ёмна, а калі назаўтра прыйшоў з фотаапаратам, неба хмурылася і ўжо не было ўчарашняга эфекту. Тым не менш, калі б той камень падняць і ачысціць, то...

Неяк прыпыніўся за горадам, а на абочыне невялікі камень "размаляваны" лішайнікам. Не трэба было мець вялікую фантазію, каб убачыць партрэт мужчыны.

Дзіўныя рэчы адбываюцца на кожным кроку, і яны прыцягваюць большую ўвагу, чым выпадковая выява, намаляваная марозам на шыбе.

Вось вырашыў апошні раз паехаць у грыбы. Тэмпература ноччу апускалася ўжо да -5 градусаў, але была адна надзея на зялёнкі.

Жыццё — самы вялікі цудПрыехаў — а ў лесе поўна апенек. За сваё "грыбное жыццё" такое дзіва я сустракаю ўпершыню. Апенькі вельмі далікатныя: на траве шэрань — і яны звычайна чарнеюць. А тут канкурыруюць з зялёнкамі! Гэтую анамалію прыкмецілі многія грыбнікі.

Магчыма, ніякага дзіва і няма. Спякотнае лета і сухая восень не далі магчымасці назапасіць апенькам дастаткова вільгаці, ад гэтага і мароз не быў ім страшны. І яшчэ. Сёлета асеннія апенькі былі, але ножкі ў іх нязвыкла тонкія. У мінулыя гады — у палец таўшчынёй, а тут амаль як у летніх. Можа, гэта толькі мае здагадкі...

Прырода дорыць нам шмат сюрпрызаў і цудаў. Але цуд застаецца такім, пакуль яго не разгадаюць. Многія рэчы можна растлумачыць — усё раскласці па паліцах, і толькі наша жыццё застаецца загадкай. Гэта — сапраўдны цуд.

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

←Сергей Сидорский вручил государственные награды 80 белорусам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика