Аляксандр Горваль: "Дзяржава заўсёды будзе кантраляваць будаўніцтва жылля для чаргавікоў
У апошнія гады ў нашай краіне павялічваюцца аб'ёмы будаўніцтва жылля для асоб з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў. На самым вышэйшым дзяржаўным узроўні ўздымаліся сёлета пытанні якасці пабудаванага жылля, пастаянна ўдакладняюцца ўмовы прадастаўлення жыллёвых крэдытаў такім чынам, каб будаваць жыллё было магчыма практычна ўсім сацыяльным катэгорыям насельніцтва.
Так, у жыллёвай чарзе сёння стаяць сотні тысяч чалавек, аднак ніякага ажыятажу сярод насельніцтва па гэтым пытанні ўжо няма. Больш таго, вераснёўскі апошні жыллёвы аўкцыён у Мінску паказаў, што людзі ўжо не жадаюць набываць звычайныя квадратныя метры значна даражэй за тысячу долараў. Здаровая канкурэнцыя ў сферы жыллёвага будаўніцтва вымушае забудоўшчыкаў прапаноўваць кліентам якаснае і таннае жыллё. Чым сёння "дыхае" будаўнічая галіна, якія планы ў яе на заўтра? Якое і дзе будзе будавацца жыллё, колькі яно будзе каштаваць? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту "Звязды" адказвае начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр ГорвАль.
— Будаўніцтва жылля ў нашай краіне кіраўніком дзяржавы вылучана ў ранг прыярытэтных напрамкаў. Задачы пастаўленыя грандыёзныя — амаль на мільён "квадратаў" больш чым летась. Пацягнеце?
— Гадавы план сёлета складае 6 млн 960 тысяч квадратных метраў жылля. За 9 месяцаў фактычна ўведзена ў эксплуатацыю 5 млн 79 тысяч жыллёвых квадратаў, што адпавядае 73 працэнтам ад гадавога плана. Увогуле па краіне для асобаў з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў пабудавана 3 млн 326,4 тысячы квадратных метраў жылля, што складае 65,5 працэнта ад агульнага аб'ёму. Заўважу, што ў шматкватэрных дамах гарадоў 88,5 працэнта пабудавана жылля для чаргавікоў.
— Мінск па гэтых паказчыках зноў на апошнім месцы?
— Не, сталічныя будаўнікі пачалі выпраўляцца. Самы слабы паказчык аб'ёмаў уводу жылля — каля 62,4 працэнта ад гадавога плана — мае Віцебская вобласць. Лепш за астатніх спрацавала Мінская вобласць — 79 працэнтаў, а таксама Брэсцкі раён — 78,7 працэнта. У сельскіх населеных пунктах і малых гарадах гадавы план выкананы на 99,1 працэнта.
— Ці існуюць праблемы па будаўніцтве сацыяльнага жылля?
— Не. Гадавы план выкананы ўжо на 98 працэнтаў, бо за 9 месяцаў у краіне пабудавана 765 кватэр для сацыяльнага карыстання. Амаль цалкам закрытае планавае заданне па шматдзетных сем'ях. За год неабходна было пабудаваць 3510 кватэр, а сёння для такіх сем’яў здадзена ў эксплуатацыю 3506 жылых памяшканняў.
Ужо зараз перавыканана заданне па адсяленні жыхароў з аварыйных старых дамоў. Сёлета неабходна было пабудаваць 591 жылы аб'ект, а за 9 месяцаў на гэтыя мэты ўведзена ў эксплуатацыю 728 жылых памяшканняў.
— Колькі будзе пабудавана жылля ў наступным годзе?
— Згодна з папярэднімі распрацоўкамі, гадавы план 2011 года можа скласці 9 млн 100 тысяч квадратных метраў жылля. Гэта стане вельмі складаным выпрабаваннем для ўсёй будаўнічай галіны. Так, сёлета завяршаецца рэканструкцыя буйных домабудаўнічых камбінатаў і патэнцыял іх значна ўзрасце. Аднак могуць узнікнуць фінансавыя і іншыя пытанні пры стварэнні інжынерна-транспартнай інфраструктуры новых тэрыторый, дзе неабходна падрыхтаваць будаўнічыя пляцоўкі пад запланаваныя аб'ёмы будаўніцтва жылля.
— Дзе плануецца ажыццяўляць масавае будаўніцтва жылля?
— План па аграгарадках застаецца на ўзроўні будаўніцтва трох жылых дамоў на гаспадарку ў год. Больш востра стаіць жыллёвае пытанне ў малых і сярэдніх гарадах. Аднак там у людзей часам не хапае даходаў, каб атрымаць нават ільготны крэдыт і паспяхова яго абслугоўваць. Таму днямі падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Беларусі, дзе прапануецца распаўсюдзіць больш прывабныя крэдыты пад 1 працэнт гадавых тэрмінам на 40 гадоў на грамадзян, якія пастаянна жывуць і працуюць у гарадах з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек — такіх як Кобрын, Слуцк, Рэчыца і Светлагорск.
— Якое заўтра будзе будавацца жыллё? Упор будзе ставіцца на стандартнае панэльнае, на маналітна-каркаснае, ці нейкае іншае энергаэфектыўнае жыллё?
— У апошнія гады ў краіне павялічыўся аб'ём будаўніцтва маналітна-каркаснага і цагельнага жылля, што цягнула за сабой агульнае падаражанне жылля. Ужо сёлета пасля канчатковай мадэрнізацыі ўсіх домабудаўнічых камбінатаў будзе істотна павялічаны аб'ём панэльнага будаўніцтва. Аднак, пасля мадэрнізацыі будуць узводзіцца ўжо не спрошчаныя каробкі, а сучасныя жылыя дамы з выкарыстаннем новых канструктыўных схем, сістэм ацяплення і элементамі энергаэфектыўнасці. І цяпер панэльныя дамы будуць таннейшыя, чым маналітна-каркасныя, аднак розніца будзе значна меншая, чым раней. Панэльныя дамы заўтра будуць адпавядаць амаль усім паказчыкам якасці сучаснага жылля. Плануецца, што пасля рэканструкцыі домабудаўнічыя камбінаты будуць мець магутнасць каля 3 млн квадратных метраў жылля.
— Напэўна, самае балючае пытанне датычыцца кошту жылля. Спецыялісты ўжо падлічылі, як жыллё будзе даражэць у наступным годзе?
— Згодна з вынікамі трэцяга квартала, квадратны метр жылля для асоб, што будавалі кватэры з дзяржаўнай падтрымкай, каштаваў 1 млн 492 тысячы рублёў. Гэта сярэдні кошт жыллёвага квадрата па краіне ў чыстым выглядзе без інфраструктуры і добраўпарадкавання тэрыторый. Атрымліваецца, што, як і раней, жыллёвы квадрат для чаргавікоў каштуе ў межах 500 долараў. У наступным годзе мы прагназуем павелічэнне гэтага кошту ў межах агульна-эканамічных паказчыкаў — каля 12—13 працэнтаў. Для чаргавікоў у 2011 годзе сярэдні кошт квадратнага метра жылля будзе не больш чым 1,5 млн рублёў плюс 12—13 працэнтаў. Заўважу, што гэтыя лічбы застануцца нязменнымі, калі для нашай краіны не будзе істотна павялічаны кошт на энерганосьбіты ў наступным годзе.
— Не сакрэт, што самыя буйныя махінацыі ў галоўным мегаполісе нашых суседзяў ажыццяўляліся менавіта ў сферы будаўніцтва жылля. Наша дзяржава дастаткова кантралюе гэты напрамак?
— Пры будаўніцтве жылля для чаргавікоў, дзе выкарыстоўваецца схема дзяржаўнай падтрымкі, існуе дакладны механізм кантролю дзяржаўнымі структурамі на працягу ўсяго этапу ўзвядзення жылля. Кантралюецца якасць жылля, тэрміны ўзвядзення і канчатковы кошт будаўніцтва. Такая практыка будзе выкарыстоўвацца заўсёды. У камерцыйным будаўніцтве галоўным кантралёрам з'яўляецца рынак. Яшчэ два гады таму квадрат самага звычайнага жылля каштаваў каля двух тысяч долараў, сёння — тысяча—тысяча сто долараў. Адсутнічае попыт на вельмі дарагое жыллё.
Выбарачны кантроль па камерцыйным жыллі мы вядзём па выяўленні парушэнняў у сферы цэнаўтварэння, каб не было "ліпы", прыпісак і падобных дзеянняў. Калі арганізатар будаўніцтва пабудаваў жыллё за 600 долараў, а спрабуе яго прадаць за 1200 долараў за квадратны метр нечаргавікам і такія кватэры купляюць, то ніякага крыміналу тут няма. Аднак жыллёвыя аўкцыёны паказваюць, што рынак сёння самастойна рэгулюе канчатковы кошт і камерсанты вымушаныя згаджацца на зніжкі. Камерцыйныя структуры пачалі менш будаваць кватэр вельмі вялікіх плошчаў, бо попыт на іх сёння ўжо мінімальны.
— "Звязда" 6 кастрычніка ўжо паведамляла пра планы Мінбуд- архітэктуры будаваць муніцыпальнае арэнднае жыллё па пілотным праекце ў Мінску. Нашы чытачы цікавяцца тэрмінамі такога будаўніцтва і механізмам размеркавання такога жылля...
— Магу амаль дакладна запэўніць, што першы такі муніцыпальны дом у Мінску будзе пабудаваны ўжо ў наступным годзе. Згодна з канцэпцыяй праекта, арэнднае жыллё будзе прадастаўляцца ўсім катэгорыям, чаргавікам і нечаргавікам. Мы сёння ведаем, як пабудаваць такі жыллёвы аб'ект за бюджэтныя сродкі, а вось як потым размяркоўваць кватэры і абслугоўваць такі дом — тут вопыту ў Беларусі пакуль няма. Таму ў лістападзе міністэрства збіраецца наладзіць сумесны семінар з рознымі міжнароднымі арганізацыямі Германіі і Еўрапейскага філіяла ААН па пытаннях арэнды. У сусветнай практыцы ўжо існуюць дакладныя алгарытмы кіравання такім арэндным жыллём. Яны закранаюць пытанні цэнаўтварэння арэнды такога жылля, правілы размеркавання і пераразмеркавання кватэр, гарантыі жыхароў у такім доме і г.д. Звычайна на рынку прыватнікі прапануюць жыллё ў арэнду з мэбляй, без мэблі, або цалкам "упакаваныя", з бытавой тэхнікай. Гэтыя моманты таксама будуць удакладняцца.
— Муніцыпальнае арэнднае жыллё будзе будавацца толькі ў сталіцы? Ці ёсць варыянты?
— У Мінску такое жыллё будзе будавацца абавязкова. У сталіцы вялікі попыт на арэнднае жыллё. Потым дакладны механізм мы пачнём прапаноўваць іншым буйным гарадам краіны, дзе існуе попыт на арэнду. Магчыма, што такім праектам пачнуць цікавіцца прыватныя інвестары — час пакажа.
Сяргей КУРКАЧ.