Сцерлядзь — у Прыпяць
У рамках правядзення Міжнароднага года біялагічнай разнастайнасці ў Рэспубліцы Беларусь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўпершыню ў нашай краіне правяло зарыбленне сцерляддзю (адзіны від прадстаўнікоў асятровых на тэрыторыі Беларусі, які жыве ў Дняпры і яго буйнейшых прытоках — Прыпяці і Бярэзіне) участка ракі Прыпяць у Лунінецкі раёне.
Участак, які выбраны для зарыблення, размешчаны на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Сярэдняя Прыпяць". Ён адказвае патрабаванням па зарыбленні моладдзю сцерлядзі па марфалагічных характарыстыках, паказчыках якасці стану воднага асяроддзя і ступені развіцця кармавых супольнасцяў. У адпаведнасці з біялагічным асаблівасцямі паводзін (харчаванне, размнажэнне, зімоўка і інш.) і з улікам характарыстык выбранага ўчастку Прыпяці сцерлядзь засвоіць сваю экалагічную нішу без урону для іншых прадстаўнікоў іхціяфаўны вадацёку, паведамілі ў Мінпрыроды.
Рыбапасадачны матэрыял для зарыблення быў дастаўлены з ААТ "Доследны рыбгас "Сялец" Бярозаўскага раёна. Усяго — каля 500 штук рыб старэйшай узроставай групы (для большай эфектыўнасці зарыблення вадацёку, а таксама зніжэння ціску абарыгенных драпежнікаў выбраная менавіта старэйшая ўзроставая група). Гэта каля 150 кілаграмаў пасадачнага матэрыялу.Транспарціроўка яго вялася на спецыялізаваным аўтамабільным жыварыбным транспарце, які мае як кіслародную, так і паветраную сістэмы аэрацыі. Гэта гарантуе высокую захаванасць жывой рыбы і нармальны фізіялагічны стан пасля перавозкі. Тэрміны зарыблення ўлічваюць час, неабходны для праходжання адаптацыі сцерлядзі да новых умоў і пошуку месцаў пражывання і зімоўкі.
Дарэчы, у першай палове ХХ стагоддзя ў Беларусі ў басейне ракі Днепр сцерлядзь была даволі шматлікай прамысловай рыбай. Зараз ловіцца адзінкавымі экзэмплярамі. З 1981 года від уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, катэгорыя І (CR) — папуляцыя віду, які мае вельмі нізкую колькасць, ці як від, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Сяргей РАСОЛЬКА.