Чыноўнікі патрабуюць ад прадпрымальнікаў давесці заробак да 200 даляраў + фота дакумента
У канцы мінулага тыдня ўлады Мінска разаслалі прадпрымальнікам афіцыйныя лісты, у якіх «папрасілі»
прыняць вычарпальныя меры па безумоўным выкананні даручэння ўрада адносна забяспечання ўзроўню заробку не менш за 200 даляраў ЗША.У адваротным выпадку чыноўнікі прыгразілі рэйдавымі праверкамі.
Як расказаў «Салідарнасці» прадпрымальнік Віктар, у якога некалькі рознічных гандлёвых пунктаў у цэнтры горада, у адміністрацыі Цэнтральнага раёна ягонага бухгалтара папярэдзілі, што калі з 18 кастрычніка не будуць прынятыя меры па выкананні даручэння ўрада — ужо ў найбліжэйшыя дні рушыць услед рэйдавая праверка.
У дадатак быў уручаны гэты дакумент.
Больш за тое, афіцыйнае пасланне суправаджалася вуснай просьбай: калі не хочаце праблем — напішыце ліст аб тым, што вы самі з’яўляецеся ініцыятарамі павышэння заробку работнікам, і матывуйце гэтае рашэнне.
Прадпрымальнікі звязваюць такія загады уладаў з блізкімі прэзідэнцкімі выбарамі.
— Рэкет у законе — як яшчэ можна назваць такія рэчы?— пракаментаваў сітуацыю суразмоўца. — Заробак прыватнага сектара павінен рэгулявацца ўмовамі рынку, а не ўказалаўкамі чыноўнікаў. Не сакрэт, што ў небюджэтнай сферы многія работнікі атрымліваюць заработную плату ў канвертах. Гэта звязана з тым, што падатак велізарны, траціна сумы заробку мусіць ісці ў кішэнь дзяржавы. Калі б падаткі былі адэкватнымі, то і заробак выплачваўся б у чыстым выглядзе — і адзін мільён, і два мільёны рублёў. У такім выпадку не спатрэбіліся б лісты з такімі «просьбамі».
Салідарнасць