У інтэрнат — пасля "вірлівай" маладосці

Источник материала:  

Гэты дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў нібыта цалкам звычайны: акуратныя дарожкі, альтанкі, кветкі, цішыня — усё заспакойвае і надае лагодны настрой. І ўсё ж адна асаблівасць тут ёсць. У 2006 годзе ў інтэрнаце з'явілася так званае спецаддзяленне. У ім жывуць пенсіянеры і інваліды, што некалі мелі праблемы з законам.

Сяргей ГРЫБ

Большы тэрмін па ўласным жаданні...

Былы інжынер-электрык, фельчар, настаўнік, вайсковец — у свой час ці не кожны з іх здолеў атрымаць спецыяльнасць. Праўда, надалей усё пайшло па "асаблівым варыянце". Сёння ў спецаддзяленні пражывае 19 чалавек — з усіх раёнаў Магілёўшчыны. Прычым ва ўсіх тут свая "гісторыя". Гэта сёння яны — амаль нямоглыя старыя ці інваліды на калясках. У мінулым жа абсалютная большасць мела па некалькі "ходак" на зону. Вынік аказаўся несуцяшальным: няма ні дома, ні сям'і. Дакладней, у некаторых фармальна недзе сям'я ўсё ж ёсць. Бяда ў іншым: па вядомых прычынах амаль не засталося сувязі са сваякамі.

— Наша спецаддзяленне разлічанае на былых зняволеных, грамадзян, якія неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, злосных парушальнікаў правілаў унутранага распарадку ў звычайных дамах-інтэрнатах, — распавядае намеснік дырэктара Бялыніцкага інтэрната для састарэлых і інвалідаў Іван Белавусаў. — Так, гэта вельмі "цяжкія" людзі. Але ў той жа час усе яны маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, а многія ўжо практычна не ў стане даглядаць сябе самастойна.

Адшукаць "вяртанцаў" дапамагае міліцыя, ці, як варыянт, сацыяльная служба — падчас традыцыйных абследаванняў умоў жыцця пажылых людзей. Пры гэтым, калі высвятляецца, што такі чалавек не мае ні нармальнага дома, ні грошай, ні здароўя, яму прапануецца пераезд у дом-інтэрнат. Менавіта прапануецца — накіраваць у прымусовым парадку сюды нельга.

— І многія на самай справе згаджаюцца, прычым зразумець іх можна: тут і дах над галавой, і харчаванне, і догляд, і медыцынская дапамога, — кажа Іван Белавусаў. — Па сутнасці ж адзіным альтэрнатыўным варыянтам часта застаецца хіба што чарговае злачынства і вяртанне за краты. І гэта, на жаль, не жарт. Бо бывала нават такое: здзяйсняецца крадзеж, а потым падсудны просіць: маўляў, дайце мне не тры, а тры з паловай гады — інакш дзе ж я перазімую?

Свае законы

"Букет" хранічных захворванняў — гэта далёка не ўсё. Нашмат горш тое, што амаль ва ўсіх жыхароў спецаддзялення парушаная псіхіка. У іх застаюцца свае ўяўленні пра жыццё, турэмныя звычкі нікуды не знікаюць. Нават у інтэрнаце яны выбіраюць сабе старэйшага — "пахана". Могуць учыніць па сваіх законах самасуд. І, вядома ж, захоўваюць сваю лексіку — нецэнзурная лаянка становіцца з'явай звычайнай.

— Пасля пераезду ў дом-інтэрнат ім выдаецца на рукі па 10 працэнтаў пенсіі, з улікам таго, што гэтая пенсія ў многіх невялікая ці ўвогуле сацыяльная. Такім чынам атрымліваецца недзе па 20-30 тысяч рублёў у месяц, — зазначае Іван Белавусаў. — Аднак гэта таксама грошы. І ідуць яны ў асноўным на адно — алкаголь. Таму дзень выдачы пенсіі ў нас — ці не самы складаны. Прычым толькі зробіш заўвагу, напрыклад, за тое, што ён ляжыць п'яны ў верхняй вопратцы і ў абутку ў ложку, як абавязкова пачуеш у адказ: я свабодны чалавек, а ты перашкаджаеш мне адпачываць — буду скардзіцца.

І скаргі сапраўды ідуць. Ад райвыканкама да Адміністрацыі Прэзідэнта: аднаго не так пагалілі, другога прымусілі нарэшце схадзіць у душ, трэцяму не дазволілі прывесці "сяброў", чацвёртаму забаранілі карыстацца самаробнымі электрапрыборамі — атрымалася, што не аказалася магчымасці прыгатаваць "чыфір"...

— Ніхто не спрачаецца, што гэта не рэжымны аб'ект, і ўсё ж прытрымлівацца элементарных правілаў тут таксама трэба, — заўважае намеснік дырэктара. — Яны вельмі добра ведаюць свае правы, праўда, адначасова не разумеюць, што ў чалавека могуць быць і абавязкі. Так, хтосьці тут вырошчвае кветкі, добраахвотна дапамагае па кухні, па гаспадарцы, сёй-той нават спрабуе падпрацоўваць у горадзе. І ўсё ж тое — амаль выключэнне. Большасць рэагуе на просьбу што-небудзь зрабіць адназначна: "няма здароўя" ці "я сваё адпрацаваў, цяпер буду адпачываць". Хоць за жыццё таго ж працоўнага стажу не назбіраецца і тры-чатыры гады, затое "стажу" турэмнага — дзесяцігоддзі.

З міліцыяй. Але без кратаў

"Стандартныя" пакоі, душ, тэлевізар у холе і, вядома ж, аніякіх кратаў. Ад астатняга інтэрната спецаддзяленне адгароджваюць толькі невялікія дзверы. Яны з'явіліся з чыста прэвентыўнай мэтай — каб было менш магчымасцяў хадзіць "у госці" да звычайных састарэлых і інвалідаў і "пазычаць" у іх грошы. З іншага ж боку, дзверы на вуліцу застаюцца адчыненымі. Ніхто не забараняе выходзіць на тэрыторыю інтэрната ці нават у горад. Галоўнае — каб усе вярнуліся да адбою.

Адрозненне нумар два — асобнае, не ў агульнай сталоўцы, харчаванне і (зноў жа "для папярэджвання інцыдэнтаў") адсутнасць на сталах нажоў. А плюс да таго — тут пастаянна дзяжурыць супрацоўнік міліцыі. Бо пры ўсім жаданні без яго — немагчыма.

Дзякаваць Богу, сур'ёзных надзвычайных здарэнняў тут не бывае, як правіла, усё абмяжоўваецца толькі пагрозамі. І ўсё ж за імі неабходна сачыць. Тым больш, што абсалютная большасць супрацоўнікаў інтэрната — жанчыны, якія, да таго ж часта застаюцца дзяжурыць уначы.

— Раскладка даволі простая, — кажа Іван Белавусаў. — У выпадку адсутнасці парушэнняў рэжыму і нармальных паводзін можа адбыцца перавод у звычайны інтэрнат, і такія прыклады, дарэчы, таксама былі. Аднак у выпадку, калі патрапіць "штосьці нарабіць", іх чакае добра знаёмы шлях "на зону". Зрэшты, нават без "пераездаў" сутнасць у іншым: тут за імі наладжаны пэўны кантроль. І дзякуючы спецаддзяленню пасля вяртання з месцаў пазбаўлення волі яны не становяцца пагрозай для ўсёй сваёй вёскі.

Бялыніцкі раён.

←Путин все-таки развелся с женой, утверждают таблоиды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика