Сёння стартуе дэкада "Вучэбны аўтамабіль"
УП "Белтэхагляд" сумесна з Міністэрствам транспарту і камунікацый і Дзяржаўтаінспекцыяй з 20 па 30 кастрычніка правераць якасць аказання паслуг у аўташколах рэспублікі. Пра гэта журналістам паведаміў дырэктар УП "Белтэхагляд" Анатоль ПАШКЕВІЧ.
Паводле яго слоў, падчас рэйдаў асобая ўвага будзе звяртацца на магчымыя факты прыпісак гадзін заняткаў і выкарыстання вучэбнага транспарту не па прызначэнні. Такі комплекс мерапрыемстваў з мэтай павышэння якасці абучэння будучых кіроўцаў і зніжэння аварыйнасці на дарогах праводзіцца ўжо трэці раз за гэты год.
— У апошні час найбольшая колькасць нараканняў датычыцца практычнага навучання кіраванню, — удакладніў намеснік дырэктара УП "Белтэхагляд" Міхаіл СВІСТУН. — Пра гэта сведчыць у тым ліку і статыстыка: за 9 месяцаў экзамен у ДАІ з першага разу здалі толькі 58, 4 працэнта курсантаў. Адна з прычын такіх невысокіх вынікаў — нядобрасумленнае выкананне сваіх непасрэдных абавязкаў майстрамі практычнага навучання. Каб не быць галаслоўным, скажу, што падчас ранейшых праверак выяўляліся выпадкі, калі на аўтадроме курсант вучыцца сам па сабе, а майстар сядзіць побач на лаўцы і паліць цыгарэту ці чытае газету. Якое ж гэта навучанне? Таму ва ўзмоцненым рэжыме будзем правяраць, як на практыцы выконваюцца патрабаванні праграмы на аўтадромах і на маршрутах, дзе праходзіць навучанне практычнаму кіраванню, ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, згодна з папярэдне распрацаванымі графікамі.
Дарэчы, сёння ў Беларусі падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кіроўцаў механічных транспартных сродкаў ажыццяўляюць 493 вучэбныя арганізацыі, якія за 9 месяцаў гэтага года падрыхтавалі больш як 120 тысяч кіроўцаў. За акрэслены перыяд УП "Белтэхагляд" правяло 339 праверак аўташкол. Дзесяці з іх было адмоўлена ў працягу дзеяння сертыфіката, у васьмі арганізацыях быў прыпынены набор груп. Толькі за час жа правядзення аналагічнай дэкады вясной гэтага года было выяўлена больш як 200 парушэнняў.
Надзея ДРЫЛА.