Падключым і вецер, і сонца

Источник материала:  

Дэпутаты ратыфікавалі Статут Міжнароднага агенцтва па ўзнаўляльнай энергіі

Да альтэрнатыўнай энергетыкі Беларусь рухаецца марудна, але паслядоўна. Зроблены і яшчэ адзін палітычны крок — далучэнне да Міжнароднага агенцтва па ўзнаўляльнай энергіі. Яе Статут быў падпісаны яшчэ летась у Боне, а працэдура ратыфікацыі днямі прайшла ў беларускім парламенце, у прыватнасці, у ніжняй палаце.

Удзел Беларусі ў ключавой міжнароднай арганізацыі ў галіне ўзнаўляльнай энергетыкі адкрывае мноства новых дзвярэй. Навічку дапамогуць кансультацыямі (як стымуляваць развіццё ўзнаўляльнай энергіі), падзеляцца ноу-хау, пасадзейнічаюць у нарошчванні патэнцыялу. "Ці магчымая фінансавая падтрымка з боку Агенцтва?", — прагматычна цікавіцца дэпутат Алена ШАМАЛЬ.

— Арганізацыя гарантуе, што такая падтрымка будзе, — запэўнівае Леанід ШАНЕЦ, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. — Каля 50 млн долараў будзе прыцягнута ў сферу УКЭ.

Апроч таго, можна разлічваць і на такія "дывідэнды", як паляпшэнне іміджу краіны — для міжнароднай суполкі такі захад Беларусі (далучэнне да Агенцтва) будзе пацвярджэннем яе гатоўнасці развіваць узнаўляльную энергетыку. Аднак самым пераканальным, безумоўна, будзе з'яўленне закона аб узнаўляльных крыніцах, які пакуль што прыняты толькі ў першым чытанні. Дакумент дасць інвестарам стымулы і дзяржаўныя гарантыі, без якіх яны на такі бізнэс у Беларусі не адважваюцца. Попыт з боку іншаземных прадпрымальнікаў, паводле звестак спадара Шанца, вялікі, і яны вельмі чакаюць закона.

А пакуль над ім працуюць, у краіне з'яўляюцца першыя "астраўкі" альтэрнатыўнага энергадабрабыту.

— За 2006—2009 гады доля ўласных рэсурсаў у паліўным балансе ўзрасла з 17,2 % да 20,3 %, — адзначае Л. Шанец. — Сёлета яна павінна дасягнуць 20,5 %.

Уласныя рэсурсы складае найперш драўніннае паліва, яго "ўнёсак" — амаль траціна. У планах — павялічваць удзельную вагу мясцовых рэсурсаў у аб'ёме кацельна-пячнога паліва. Каб да 2012 года яны складалі не менш за 25 %, а да 2015 — не менш за 28 %.

— Такое напружанае заданне атрымаецца выканаць, толькі калі новыя віды рэсурсаў увойдуць у паліўны баланс, — мяркуе намеснік старшыні Дзяржкамітэта па стандартызацыі.

Вось тут на пярэдні план якраз і выходзяць узнаўляльныя крыніцы. Значны рост іх долі ў паліўным балансе прадугледжаны таксама Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі. І зразумела, адной драўнінай тут не абыдзешся: давядзецца падключаць і вецер, і ваду, і сонца, і біягаз.

Намеснік старшыні Дзяржкамітэта па стандартызацыі прыводзіць прыклад, як біямасай удаецца забяспечваць цяплом цэлы горад у Гомельскай вобласці.

На Нарачы працуюць дзве ветравыя ўстаноўкі. Пра ветрапарк, які мае вырасці ў Дзяржынскім раёне (дзе якраз і знаходзіцца найвышэйшая кропка Беларусі), відаць, усе ўжо чулі. Інвестуе нямецкая кампанія Еnеrtrаg. Германія ў альтэрнатыўнай энергетыцы наогул наперадзе планеты ўсёй. Не трэба, відаць, нагадваць, што там вырабляецца амаль кожная трэцяя сонечная батарэя і амаль кожная другая ветравая турбіна ў свеце. Там сістэма заахвочванняў прыхільнікаў "чыстай" энергіі ўжо даўно адладжаная, а пазіцыі ў партыі "Зялёных", якія, вядома, лабіруюць развіццё экалагічнай энергетыкі, моцныя. І ёсць палітычны арыенцір — каб у 2020 годзе ўзнаўляльнымі крыніцамі выпрацоўвалася 20 працэнтаў электрычнасці.

— За ветрам ёсць будучыня, — перакананы Л. Шанец.

Паводле яго звестак, Мінпрыроды цяпер якраз робіць неабходныя замеры, якія дазволяць праз год мець рэальную карціну.

Перспектывамі сонечнай энергетыкі ў Беларусі цікавіцца дэпутат Зінаіда МАНДРОЎСКАЯ. З нашым кліматам не надта і пагрэешся — "чыста сонечных дзён у годзе 30", як адзначае Л. Шанец. Аднак і іх можна выкарыстоўваць "на поўную катушку". Добры прыклад — устаноўка ў Салігорскім раёне, якая ўсё лета дае гарачую ваду (градусаў 70) дзіцячаму лагеру. Ахвотна грэюць ваду сонцам і на Гомельшчыне: прагрэсіўнай тэхналогіяй зацікавіліся ажно ў чатырох раёнах. Акупнасць установак, паводле слоў спадара Шанца, — на ўзроўні 6 гадоў. А вось выпрацоўка электраэнергіі з сонца — не такая перспектыўная. Папросту занадта дарагая, будзем называць рэчы сваімі імё- намі. Пацягне на 6—7 тыс. долараў за кілават! Раскоша ды і толькі. Ну, хоць вады пагрэць...

Аднак пакуль што многія суперпрагрэсіўныя навінкі, якія ўжо даўно сталі звычкай для многіх еўрапейцаў, у нашай краіне — яшчэ досыць аддаленая перспектыва. І клопат выклікае надзённае. "Вугаль прапаў з рынка", — дзеліцца праблемай з месцаў народны абраннік ад Буда-Кашалёўскай акругі Уладзімір КУЖАНАЎ. Спадар Шанец даводзіць пра перавагі новых катлоў, якія будуць працаваць на пялетах, і вартасць прарыўных тэхналогій. Але дэпутат адмаўляецца мысліць перспектывамі: "Пялетамі і катламі людзей яшчэ не забяспечылі, а вугалю пазбавілі!". Тут ужо на дапамогу прыходзіць спікер Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА. Ён запэўнівае, што "забароны па закупках вугалю ў краіне не было". І на яго думку, яны проста скараціліся з-за высокага кошту паліва. Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў неабходнасць "на месцах з гэтымі пытаннямі разбірацца, ну і старацца больш выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва".

Актуальную праблему ўзняў у Авальнай зале і дэпутат Аляксандр ЮШКЕВІЧ:

— Уначы энергія нікуды не знікае, яна ідзе ў нябыт. За мяжой людзі ў гэты час уключаюць пральныя, пасудамыечныя машыны, бо так атрымліваецца больш танна. А нашы энергетыкі чамусьці прыдумалі так, што карыстаючыся начнымі тарыфамі, людзі плацяць больш!", — шчыра абураецца народны абраннік.

Леанід Шанец не пярэчыць: "такі стымулюючы тарыф павінен быць уведзены". І ў праграме развіцця беларускай энергасістэмы на 2011 — 2015 гады ён, відаць, будзе адлюстраваны. Ва ўсякім разе прапановы такія ёсць.

— Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб стымуляваць і прамысловыя прадпрыемствы, і насельніцтва выкарыстоўваць энергію ўначы, — сцвярджае намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. — Мы будзем эканоміць паліва.

Эканомія ў энергабяспецы, дарэчы, не менш важная, чым дыверсіфікацыя. Аднак пакуль давайце глядзець праўдзе ў вочы — адсоткаў на 95 электраэнергія ў краіне залежыць ад прыроднага газу...

Ала МАЧАЛАВА.

←Путин все-таки развелся с женой, утверждают таблоиды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика