Новыя звесткі ў справе падзення мінскай дзевяцікласніцы з балкона 19-га паверха

Источник материала:  
19.10.2010 09:28 — Новости Общества
Новыя звесткі ў справе падзення мінскай дзевяцікласніцы з балкона 19-га паверха: спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб Лабадзенка сустрэўся з дзяўчынай, якая гутарыла з загінулай за паўгадзіны да трагедыі.

Увечары 11 кастрычніка мінская дзевяцікласніца Валерыя М. загінула пры падзенні з балкона 19-га паверха дома па вуліцы Матусевіча. Скокнула? Штурханулі? Скінулі?

Хто быў на балконе 19-га паверха, калі мінская дзевяцікласніца скокнула ўніз? >>>

Апытванне настаўнікаў, аднакласнікаў і сваякоў засведчыла некаторыя факты. Першы — Валерыя некалькі разоў казала сяброўкам, што "нешта зробіць з сабой". Другі — дзяўчынка злавалася з-за таго, што яе цётка-апякунка празмерна дбае пра яе навучанне, не пускае гуляць дапазна разам з іншымі. Трэці — што ў Валерыі ўзніклі праблемы з ужываннем алкаголю. І цётка — зразумела — старалася з гэтым змагацца. Часам — на эмоцыях — магла нават "пужануць", што калі Валерыя не спыніцца, яна зноў аддасць яе ў інтэрнат (адкуль узяла пад апеку 5 гадоў таму — пасля таго, як маці дзяўчынкі пазбавілі бацькоўскіх правоў з-за алкагалізму).

У мінулай публікацыі мы разгледзелі гэтыя акалічнасці. Заставалася пытанне — што ж адбылося ў той трагічны дзень — панядзелак, 11 кастрычніка — між 14 гадзінамі (калі скончыліся заняткі ў школе) і 21.30, калі дзяўчына разбілася пры падзенні з 19-га паверха?

Валерыя і раней бывала з кампаніяй на гэтым балконе?

Па недарэчным збегу акалічнасцяў, дом, дзе жыла Валерыя з цёткай-апякункай і зводнай сястрой, такі ж самы, з якога яна ўпала. Абодва яны — 19-павярховыя, практычна новыя, збудаваныя ў мікрараёне "Кунцаўшчына".

Таццяна — цётка і законная апякунка Валерыі — распавядае, што пэўны час таму дзяўчына стала выходзіць з-пад кантролю — прыходзіць дадому пазней за ўмоўлены час (21.00), ад яе патыхала алкаголем, некалькі разоў Валерыя не начавала дома, адказвала пасля, што была "ў сяброў". Таццяна звязвае гэта з тым, што дзяўчынка "трапіла ў дрэнную кампанію" старэйшых падлеткаў, якія і пераканалі яе, што выпіваць — гэта "крута", што так можна "пакайфаваць".

За пэўны час да трагедыі Таццяна забрала ў Валерыі мабільнік — каб тая не магла дамаўляцца са сваёй праклятай кампаніяй пра сустрэчы. І радавалася, што на пэўны час Лера супакоілася, стала больш сядзець дома, рабіць урокі... Таццяна дазволіла мне зазірнуць у мабільнік Валерыі. Разам мы ўважліва праглядаем спіс кантактаў. Я выпісваю каля 4 дзясяткаў тэлефонаў і імёнаў, якія Таццяна чуе ўпершыню ці чула між справай. Гэта тлумачыцца проста — звязаўшыся з "кампаніяй", дзяўчынка не казала пра яе нічога канкрэтнага ні сваякам, ні сяброўкам у школе. Відаць, асаблівай падставы хваліцца новымі знаёмцамі не было...

Для многіх кантактаў запісаныя хатнія нумары, усе яны — з Кунцаўшчыны, з навакольных двароў, бо пачынаюцца на аднолькавыя лічбы. Сярод кантактаў — шмат мянушак, даволі "блатных". У эсэмэсках цікавая сітуацыя. Выглядае, што дзяўчынка выдаляла іх (навошта?) — бо ад пачатку верасня захаваліся толькі тры паведамленні ад аднаго і таго хлопчыка. Тэлефаную яму, не кажу нічога пра трагедыю, распытваю.

— Калі вы бачыліся апошні раз?

— Даўно.
Новыя звесткі ў справе падзення мінскай дзевяцікласніцы з балкона 19-га паверха
Выглядае, што Валерыя была ўпэўненай у сабе дзяўчынай...

— Калі прыкладна, можаце згадаць? 

— Месяц назад — дакладна.

— Яна вам не распавядала пра якія-небудзь праблемы?

— Распавядала.

— Што гэта былі за праблемы?

— Ну, тое, што яна сварылася з цёткай. Што цётка яе хацела ў дзіцячы дом здаць.

— Як вы мяркуеце, гэта былі сур'ёзныя праблемы?

— Не ведаю, але яна з-за гэтага плакала.

— З кім яна яшчэ магла сябраваць у сваім двары? Ці праўда, што быў нейкі пад'езд, у якім яна збіралася са сваёй кампаніяй?

— Кампаніяй? Я даўнавата не меў стасункаў з ёй, не ведаю...

— Наколькі блізкія ў вас былі дачыненні?

— "Здароў-пакуль".

— З кім яна яшчэ сябравала? Магчыма, яна называла нейкія імёны?

— Вы ведаеце, дзе 179-я школа? Там Міша жыве — гэта непадалёк ад яе дома. Потым Віця — таксама недалёка. Яшчэ Антон побач — яго ўсе заўсёды называюць "Тоха"...

— Вы не ведаеце, ці быў у яе хлопец?

— Гэтага я не ведаю.

Гм... Зразумела, што гэты хлопец ні пра што не ведае... Такія ж вынікі — пры размовах з некаторымі іншымі асобамі са спісу.
Я іду да таго дома, з якога ўпала Валерыя. Мужчына ля пад'езда шчыра здзіўляецца такой інфармацыі — ён нічога не чуў. Кажа, што часам у іх у пад'ездзе між паверхамі збіраецца кампанія падлеткаў, якія п'юць піва.

На балкон 19-га паверха патрапіць не праблема — адразу з ліфта туды вядзе калідор, дзверы незамкнёныя. На балконе стаіць бляшанка з-пад рыбы з недакуркамі — выглядае, тут паліць нехта з жыхароў паверха. На самім балконе і ў тамбуры — усе сцены спрэс спісаныя. Пісалі падлеткі, нават дзеці: "Улад лох", "Не, ён не лох", "Рытка руліць", "Кірыл — круты перац".

Некалькі імёнаў супадаюць з імёнамі з тэлефона Валерыі. Каля адных каракуляў стаіць дата — 09.10.2010 — за два дні да трагедыі. Выглядае, што кампанія падлеткаў збіралася тут стала і рэгулярна. Ці бывала сярод іх Валерыя? Цалкам магчыма. І гэта — верагодны адказ на пытанне, чаму яна пайшла менавіта на гэты балкон менавіта гэтага дома.

Ад сведкаў мне ўдалося даведацца, што непасрэдна перад трагедыяй Валерыя выпівала разам з "кампаніяй" у лясочку, які знаходзіцца проста перад гэтым домам...

Але на цяперашні момант так і не ўдалося высветліць ніводнага чалавека з той кампаніі. Выглядае, што дзеці ўжо дамовіліся між сабой прыкрываць адно аднаго, нічога не казаць. Можа, следчыя знойдуць сродак прымусіць іх распавесці, як развіваліся падзеі?..

"Я казала ёй: папрасі прабачэння ў цёткі і кладзіся спаць"

Пошукі і апытанні прывялі мяне да дзяўчынкі, якая гутарыла з Валерыяй за паўгадзіны да трагедыі. Яна была адной з апошніх, хто ўвогуле размаўляў з Лерай. Каб не перашкодзіць следству, назавём яе Алісай.

— Аліса, калі ў той дзень ты пабачыла Валерыю?

— Першы раз — калі ішла на баскетбол, гэта было каля 18 гадзін. Лера была з нейкай дзяўчынкай, якую я ўпершыню бачыла, і з хлопцамі, якія гулялі ў футбол.

— Ты ведаеш гэтых хлопцаў, іх імёны?

— Я на іх не звяртала ўвагу — павіталася з Валерыяй і пайшла сабе, бо спазнялася на баскетбол. Валерыя спыталася: "Ты куды?" Я кажу: "Я на баскетбол у школу".

— А які ў яе быў настрой, ты не звярнула ўвагі?

— Настрой у яе быў пакуль нармальны, але алкаголем ад яе ўжо троху патыхала.

— Пасля баскетбола ты зноў пабачыла яе?

— Так, гэта было прыкладна а палове на дзявятую вечара. Яна сядзела ў двары са сваёй кампаніяй.

— Каго ты пазнала з той кампаніі?

— Нікога, бо было цёмна, а тая лаўка была далёка ад ліхтароў. Я бачыла, што там сядзела нейкая кампанія. Там ёсць дзве сцежкі — у адзін бок і ў другі. Я завярнула ў другі, да свайго дома. Падбегла Валерыя: "Ты куды?" Я кажу, што дадому. "А чаго так рана?" Я сказала, што ў мяне сястра дома адна сядзіць. Я гляджу, яна нейкая сумная. Пытаюся: "Ты чаго, што здарылася? З-за таго, што цётка цябе хоча адправіць у інтэрнат?" Яна кажа: "Так, а таксама з-за хлопчыка, Сяргея". Мы адышлі з ёй і прыселі на лаўку каля ўвахода ў школу. Я кажу: "Лера, чаго ты так засмучаешся? Не адправіць яна цябе ў інтэрнат, яна ж твая родная цётка! Яна проста цябе пужае!" Лера паўтарала: "Мне ўсё адно, я туды не хачу, я туды не вярнуся ніколі. Я зараз пайду і выкінуся з апошняга паверха!" Я пачала яе адгаворваць ад гэтай справы: "Лера, што ты такое кажаш!? Ты ўяві, што будзе з тваёй цёткай, калі ты такое зробіш!.." Яна маўчала, маўчала... Нават не тое, каб маўчала. Села, галаву апусціла ўніз — як быццам спала. "Лера, ты мяне чуеш?" Яна: "Угу, чую". Кажу: "Лера, не рабі гэтага, навошта табе гэта?!" — "Мне ўсё надакучыла, мне ўсё адно, не хачу так больш".

— Як ты лічыш, з гэтых дзвюх прычын, якія яна табе назвала, што яе больш напружвала — што цётка хоча ў інтэрнат аддаць ці Сяргей?

— Хутчэй, што цётка ў інтэрнат. Яна шалела ад гэтага. Такімі словамі жорсткімі мне пра гэта казала — што яна не пойдзе туды...

— Табе не здаецца, што цётка проста "брала яе на понт", каб тая ўзялася за розум?

— Я ёй казала тое самае: "Яна так кажа, каб ты спужалася і стала слухацца яе, вяртацца дадому своечасова, а не начаваць, дзе прыйдзецца... Старайся і паводзіць сябе лепш. Ідзі зараз дадому, папрасі прабачэння і кладзіся спаць" — "Добра, пайду дадому, лягу спаць". Я пайшла да сябе. А потым мне ў школе распавялі плёткі, што яна яшчэ падышла да той кампаніі, развіталася з імі і сказала, што яна п'яная і пойдзе дадому, а ім "патэлефануе заўтра". Потым некаторыя з іх пайшлі дамоў, некаторыя яшчэ сядзелі. І яны пачулі крык — ці то "глядзіце!", ці то "дапамажыце!" Нешта яна там крычала, калі падала. Потым я яшчэ пайшла ў краму — і бачыла, як каля таго дома стаялі міліцыянты і яна ляжала, накрытая капаю.

— Ты адразу зразумела, у чым там справа, чаго міліцыя стаіць?

— Ну так, адразу... Я пабачыла яе нагу з-пад капы... І адразу ўзгадала, што яна мне толькі-толькі казала, што хоча скінуцца... А я ёй не паверыла...

— Калі ты ішла пасля баскетбола, Лера была моцна п'яная?

— Так, яна ішла, і ў яе нага запляталася, яна хісталася. А калі я была на баскетболе, яна прыйшла да нас і спыталася "А можна, я тут пабуду?" Але наша настаўніца яе выгнала, бо пабачыла, што Лера п'яная...
Новыя звесткі ў справе падзення мінскай дзевяцікласніцы з балкона 19-га паверха
Від з балкона. Справа — лясочак, дзе паводле некаторых сведчанняў падлеткі ўжывалі алкаголь у той дзень

— Яна была адна?

— Так.

— А той дом, адкуль яна скокнула, — у гэтым пад'ездзе калі-небудзь збіраліся вашы кампаніі?

— Ніколі.

— Калі яна не начавала дома, яна табе распавядала, дзе менавіта была?

— У сяброў. А ў якіх — не казала. Казала: "Ты ўсё адно іх не ведаеш". Яна апошні час з дзяўчатамі практычна не кантактавала, таму што дзяўчаты так не пілі. Таму яна вадзілася ў асноўным з хлопчыкамі. Яна калі ноч дома не начавала — на наступны дзень прыходзіла да мяне, распавядала...

— У яе даўно пачаліся праблемы з алкаголем?

— Апошнія дні яна ўвогуле вельмі часта ўжывала. Раней, можа летам, яна любіла выпіць піўка. А як прыйшоў навучальны час, дзяўчаты сталі сядзець па хатах і вучыцца, дык яна звязалася з гэтай кампаніяй, дзе пілі і гарэлку...

— У цябе склалася ўражанне, што дома да Валерыі сапраўды ставяцца так строга?

— Я думаю, да кожнай дзяўчынкі гэтак бы ставіліся, калі б яна пачала такое чыніць. У той вечар я параіла ёй папрасіць прабачэння ў цёткі. Яна адказала: "Як я буду прасіць прабачэння, калі я п'яная?" Я думаю, у той вечар усё супала — яна была п'яная, баялася ісці дахаты, трымала ў галаве гэтыя пагрозы пра інтэрнат, яшчэ і з хлопчыкам тым нешта там было — мабыць, усё гэта і падштурхнула...

— Аліса, калі Лера казала табе, што зараз пойдзе і скокне з дома — табе здалося, што яна кажа ўсур'ёз?

— Не, мне здалося, што яна гэта кажа з-за эмоцый, з-за алкаголю.

— Як высветліць, хто з хлопцаў быў у кампаніі ў той вечар?

— А хто вам скажа праўду? Нават мне мама казала: "Цяпер цябе будзе міліцыя цягаць, бо ты яе незадоўга да гэтага бачыла, глядзі, не папаліся". А ў чым я вінаватая? Можа, у тым, што ёй не паверыла?..

Сястра Валерыі: "Яна была бясстрашнай дзяўчынкай, не магла яна такога напужацца..."

Ці праўда, што цётка збіралася аддаць Валерыю ў інтэрнат? Ці магла такая пагроза падштурхнуць дзяўчынку да такога ўчынку? Пра гэта я запытаўся ў Аляксандры, сястры Валерыі.

— Аляксандра, вы чулі, каб ваша цётка пагражала аддаць Валерыю ў інтэрнат?

— Магчыма, Таня такое і казала — каб яе напужаць, на эмоцыях.

— Як вы лічыце, ці магла Таццяна на поўным сур'ёзе збірацца зрабіць гэта?

— Не. Яна толькі пужала яе... Таня ў свой час уратавала нас з Лерай, забраўшы з інтэрната. Яна ставілася да нас, як да сваіх дзяцей. І шчыра хацела, каб з нас атрымаліся годныя людзі. Хвалявалася, перажывала, дбала пра навучанне...

— Я так разумею, што раз вам ужо споўнілася 18 гадоў, вы таксама маглі аформіць апеку над Лерай?

— Так. Я некалі казала ёй: "Пажыві пакуль у Тані, выконвай, што яна патрабуе: рабі ўрокі, прыходзь своечасова дахаты. А там ужо скончыцца дзявяты клас, паступіш куды, можа, інтэрнат дадуць — будзеш жыць сама. Альбо калі ў мяне з маім хлопцам атрымаецца нармальна зарабляць, здымем кватэру — будзеш жыць з намі". Я пераконвала яе, што не ўсё так блага. Што патрабаванне Тані прыходзіць раней разумнае. Патрабаванне рабіць урокі — разумнае, бо іначай нікуды не паступіш. Але для яе гэта было занадта. Яна вельмі моцна крыўдавала. Ёй трэба было гуляць "колькі хачу".

— Няўжо яна настолькі верыла, што Таццяна можа аддаць яе ў інтэрнат — каб вось так накруціць сябе?

— Разумееце, яна сама па сабе — бясстрашная. Яна ніколі нічога не баялася. Хадзіць позна па вуліцы... Яшчэ калі мы з мамай жылі дома — не баялася папругі атрымліваць. Я плакала, а яна — не. Яна такая з характарам вырасла. Волю ў кулак: папругі атрымае — але ні слязінкі не скоціцца. Прыйдзе са школы: я сёння гэтаму ці таму дала адпор... Як?! Ён жа хлопчык! "Ну і што, няхай мяне не крыўдзіць!.." Я проста не магу паверыць, што гэта яе так напужала. Я не веру. Гэтага проста быць не можа... З-за чаго? З-за "сядзі дома і рабі ўрокі"? З-за безадказнага кахання? З-за гэтага — пайду і скінуся? Я не веру — гэта не ў яе характары! Гэта так недарэчна — паставіць на адну шалю "рабі ўрокі" і безадказнае каханне, а на другую — жыццё!..

— А іншыя версіі ў вас ёсць?

— Я не ведаю... Можа, у часе п'янкі ў той кампаніі нешта адбылося? Канфлікт? Ці яе нехта "ўзяў на понт"? "Пайду скінуся" — "А не скінешся, не хопіць смеласці". Да гэтага дадаўся і алкаголь...

Куды глядзелі іншыя бацькі, калі іх дзеці вярталіся дадому п'яныя?

Здаецца, сітуацыя больш-менш стала выразнай. Для поўнай дакладнасці застаецца высветліць, хто канкрэтна быў у той вечар (і раней) у кампаніі з Валерыяй. Хто наліваў 15-цігадоваму дзіцяці піва і гарэлку? 16-гадовыя, 17-гадовыя "дарослыя"?

У размове з Алісай у мяне не склалася адчування, што яна падманвае ці нешта выдумляе. Але засталося ўражанне, што яна недагаворвае — імёны тых самых хлопцаў, з якімі бачыла Валерыю за паўгадзіны да смерці. Я задаваў ёй гэтае пытанне шмат разоў, фармулюючы па-рознаму. І кожны раз яна неяк слізка, неяк няпэўна адказвала на яго.

Зразумела, што дзеці маглі дамовіцца між сабой — і, напэўна ж, дамовіліся. Зразумела, нават калі цяпер знайсці каго з тае кампаніі — нічога ён не скажа. Яны баяцца, бо адчуваюць, што дагуляліся. Наліваць гарэлку 15-гадовай дзяўчынцы яны не баяліся, а цяпер — баяцца. Круцізна і гульня ў дарослых скончылася, застаўся страх, што цябе зловяць і адшлёпаюць. У дарослым жыцці, адпаведна, — завядуць у міліцыю і будуць задаваць непрыемныя пытанні.

Падумайце пра іншае. Калі 15-гадовая дзяўчынка выпівала ў кампаніі з 16-17, няхай сабе 20-гадовымі "дарослымі" — значыцца, і яны ж пілі. Значыцца, і яны штодня прыходзілі дадому нападпітку, з пахам алкаголю з рота. Дык няўжо ўсе яны — сіроты? Ці іх бацькам абсалютна абыякава, у якім стане прыходзяць іх дзеці дахаты? Ці ў Кунцаўшчыне піць гарэлку ў 16-17 гадоў — норма?

У гутарках з рознымі людзьмі, якія ведалі сітуацыю, я заўважыў адно. Дзеці кажуць пра праблемы са "строгай цёткай". Уявіце — якая ўзурпатарка! — прымушала ўрокі рабіць і па вуліцы цёмначы не бадзяцца. Дарослыя кажуць — трапіла пад дрэнны ўплыў, звязалася з бандай гопнікаў.

Хто з вас, бацькоў, паступіў бы інакш — не стараўся вырваць сваё дзіця з рук дваравых кампаній, у якіх жлукцяць гарэлку ў 16-17 гадоў?.. Бачыць Бог, Таццяна рабіла, што магла — так, як яна гэта ўяўляла. Напэўна, норавы сучаснай вуліцы апынуліся мацнейшыя.

Р.S. На просьбу сваякоў некаторыя імёны ў артыкуле змененыя.

"Звязда" будзе сачыць за гэтай справай. 


←Янукович пообещал перекачивать нефть в Беларусь по трубе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика