Да пары. Сімволіка цотнасці ў гаспадарчай дзейнасці, побыце і традыцыйнай культуры беларусаў
Некалі нашы бабулі варажылі аб сваім лёсе: быць ім замужам ці не. У марозную калядную ноч (гэта магло быць познім вечарам 24 снежня, 6, 13 або 19 сту-дзеня) выбягалі яны ў двор, хапалі аберуч дровы ці, шырока раскінуўшы рукі, абхоплівалі штыкетнік і лічылі колькасць штыкецін або калоў. Парная колькасць паленцаў ці штыкецін прадказвала хуткі шлюб, замужняе жыццё — у пары; няпарная — была знакам таго, што яшчэ год давядзецца “хадзіць у дзеўках”, заставацца адной, без пары. Беларускія дзяўчаты карысталіся і такім простым, але даволі інфарматыўным спосабам прадказання сваёй будучыні. Яны бралі 40 (зноў жа колькасць выбрана зусім не адвольна: 40 — вельмі важная мяжа ў жыцці чалавека, а выхад за поле яе ўплыву і складаў патрэбны лік) бабін і адвольна раскладвалі на тры кучкі. Затым падлічвалі іх колькасць у кожнай кучцы паасобку. Цотная колькасць бабін у першай з іх была знакам паляпшэння дабрабыту, няцотная — няўсцешна прадказвала: будзеш хварэць і цярпець шматлікія непрыемнасці ад сваіх родных.
Далей падлічвалі колькасць бабін у другой горцы. Цотная колькасць усцешвала душу прадказаннем, што ў рабоце і вучобе вас чакае поспех, няцотная была сведчаннем няўдачы, магчымай змены месца працы. Нарэшце трэцяя кучка сімвалізавала гаспадаранне і сямейны стан. Цот — прадвесце спакою і добрага здароўя, няцот — знак магчымых сямейных спрэчак, лаянак і скасавання шлюбу. У вашай сям’і святочная падзея, вы сервіруеце стол. У адпаведнасці з добрай славянскай традыцыяй цэнтральнае месца на святочным стале заўсёды належала бохану хлеба. Дзеля таго, каб у сям’і заўсёды былі згода, пашана, лад, каб у вашай хаце заўжды радаваліся гасцям і вы маглі спадзявацца на дапамогу суседзяў, каб сумеснае застолле ніколі не закончылася сваркай або бойкай, першым на сярэдзіну стала клалі духмяны бохан хлеба. А вось нож (які здольны быў толькі раздзяляць цэлае на асобныя кавалкі) на стале ніколі не трымалі, гэтаксама як ніколі не клалі шапку, грэбень, ключы і сумку. Уважліва прасачыце за сваімі паводзінамі, калі вы пачынаеце сервіраваць святочны стол. На ўзроўні падсвядомасці, не задумваючыся, мы адразу ж разразаем бохан хлеба папалам (што можа сімвалізаваць два бакі ўдзельнікаў застолля: гаспадароў і гасцей); на кожны сподачак кладзём толькі па два кавалачкі хлеба (што, у сваю чаргу, з’яўляецца сімвалам сямейных пар, якія збяруцца за сталом). Напрыканцы святочнай дзеі гаспадыня пачастуе гасцей салодкімі прысмакамі і абавязкова падкрэсліць: “Цукеркі бярыце ў пару”.